Футбольная надзея Маларытчыны

Камандзе “Вікторыя-Лукава” Лукаўскай СШ, якую трэніруе Віктар Бойка, настаўнік фізічнай культуры, толькі 3 гады. Але нягледзячы на такі ўзрост, яна добра вядома аматарам футбола не толькі на Маларытчыне. “Вікторыя-Лукава” ўжо трохразовы чэмпіён раёна, уладальнік кубка вобласці 2011г. па футзалу, сярэбраны прызёр абласных спаборніцтваў сярод дарослых жаночых каманд. А нядаўна юныя спартсменкі занялі першае месца ў абласной спартакіядзе школьнікаў па футболу сярод дзяўчат 1995-1996 гадоў нараджэння, якая прайшла на стадыёне “Дынама” Брэста і была арганізавана ўпраўленнямі адукацыі і фізкультуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама. У фінале спаборніцтва, што праводзілася па кругавой сістэме, “Вікторыя-Лукава” сустрэлася з камандай Высокаўскай СШ Камянецкага раёна і выйграла з лікам 5:0. Цяпер дзяўчаты трэніруюцца, каб паказаць класную і выніковую гульню на рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Р.S. На абласной спартакіядзе гонар Маларытчыны абараняла зборная раёна. У яе склад увайшлі 11 чалавек з Лукаўскай СШ, 5 – з Чарнянскай СШ, па аднаму — з раённай гімназіі і СШ №2.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: футбольная каманда “Вікторыя-Лукава” са сваім трэнерам Віктарам Бойкам.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.