Новы зборнік паэзіі «Звонкае слова землякоў» (Маларыцкі раён)

Маларытчына – край, багаты на самабытных мастакоў слова. Яны імкнуцца праз створаныя паэтычныя вобразы данесці да свядомасці кожнага з нас прыгажосць і спрадвечныя каштоўнасці, захапляюць прыгажосцю родных краявідаў, дораць ціхую радасць зносін з навакольнай прыродай, пасяляюць у душы гармонію, суцяшэнне і спакой… Аб гэтым яшчэ раз пераконваешся, чытаючы паэтычны зборнік “Звонкае слова землякоў.

Выбраныя вершы паэтаў Маларытчыны аб родным краі”, які нядаўна выдадзены аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай ЦБС. Чарговы зборнік змяшчае 112 вершаў 20 мясцовых паэтаў, іх фотаздымкі і кароткія біяграфіі. Палова твораў напісана на беларускай мове.
Кожны радок вершаў паэтаў-землякоў прасякнуты любоўю да малай радзімы, да бацькоўскага дому і таму не можа не крануць сэрцы. Калі чытаеш іх, узнікае пачуццё еднасці, знітаванасці з родным краем. Вершы блізкія па гучанні тым, хто нарадзіўся, вырас і жыве на Маларытчыне.
Вершы мясцовых паэтаў валодаюць цудоўнай якасцю: духоўнай і маральнай чысцінёй, самабытнасцю. Усе яны па-мастацку праўдзівыя, а таму і вартыя ўвагі. Творы маларыцкіх майстроў пяра прасякнуты асаблівай унутранай цеплынёй, сардэчнасцю, асабістым светаўспрыманнем, часам маюць нестандартнасць думкi, але заўсёды – даверлiвую шчырасць, глыбiню лiрычнага перажывання і пачуцця. Такія творы ідуць з глыбінь сэрца.
Спадзяемся, што пасля прачытання вершаў мясцовых паэтаў Маларытчына для чытача стане яшчэ больш блізкай і роднай. Хочацца ў гэта верыць.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий