Чарняны: сумныя нататкі з нагоды аднаго свята (Маларыцкі раён)

У Чарняны, дзе мелася адбыцца свята вёскі, ехала з асаблівым пачуццём трапятлівасці і хвалявання ад сустрэчы з жыхарамі аднаго са старажытных населеных пунктаў раёна. Гісторыя вёскі сваімі каранямі сыходзіць у далёкае сярэднявечча. Нават немагчыма ўявіць колькі розных падзей стагоддзямі пранясліся над вёскай. Сплывалі ў нябыт гады за гадамі, а людзі як жылі, так і будуць тут жыць далей.


Галоўнае багацце і гонар Чарнян – гэта жыхары, працавітыя і дасціпныя, гаспадарлівыя і гасцінныя, а яшчэ вельмі майстравітыя і таленавітыя вяскоўцы. Тое, што тут жывуць сапраўдныя майстры: цудоўныя каруначніцы і вышывальшчыцы, разьбяры і мастакі даведалася, калі вясной трапіла ў мясцовую сельскую бібліятэку. У яе загадчыцы Алены Анішчук знаходзіцца сапраўдная калекцыя работ аднавяскоўцаў. Зараз якраз і надарылася цудоўная нагода пазнаёміцца з умельцамі Чарнян, думала я, накіроўваючыся на свята.
У імправізаваную сцэну на некалькі гадзін пераўтварыўся ганак сельскага Дома культуры. А другой гадзіне дня пачынае збірацца народ.

На свята вёскі прыходзяць цэлымі сем’ямі, радуе, што вельмі многія з дзецьмі, як з зусім з немаўлятамі, так ужо і з падлеткамі. Забавак для падрастаючага пакалення хапае: адны гарэзнічаюць на батуце, другія — паважна катаюцца на поні, трэція – ласуюцца попкорнам і салодкай ватай.

І ўсё ж чагосьці на свяце не стае. Не, не музыкі, якая мілагучна гучыць з дынамікаў і разносіцца далёка па наваколлі. Цудоўную канцэртную праграму падрыхтавалі мясцовыя артысты і супрацоўнікі Маларыцкага гарадскога Дома культуры. Ажно мурашкі бягуць па скуры ад выступлення фальклорнага гурта “Чарняначка”, у захапленні вяскоўцы і ад артыстаў з Маларыты. “Брава!”, “Малайцы!” – час ад часу чуецца з натоўпу. 

Аднак, свята вёскі – гэта не толькі цудоўная канцэртная праграма, не салодкая вата і смачны попкорн, не танцы, а нешта больш значнае – яе людзі, шчырыя і працавітыя вяскоўцы, што рупяцца на зямлі, не ведаючы стомы. Пра руплівых, гаспадарлівых і майстравітых чарнянцах на свяце вескі не прагучала ні слова. Як не было і выставы мясцовых умельцаў. Няўжо ў Чарнянах няма таленавітых людзей, а можа яны пашкадавалі прынесці на свята свае работы? А можа ў аграгарадку, дзе пражывае каля 600 чалавек, не знайшлося ніводнага прыгожага падворка, каб ушанаваць яго гаспадароў? Звычайна на святах вёскі адзначаюць доўгажыхароў і юбіляраў, сельгаспрадпрыемствы ўшаноўваць перадавікоў і прадстаўнікоў працоўных сямейных двынастый. На жаль, на мерапрыемстве ў Чарнянах не ўзгадвалася пра людзей, быццам, і няма пра каго сказаць добрае слова, падтрымаць, прывесці ў прыклад іншым. Старшыня Чарнянскага сельвыканкама Аляксандр Пятручык, які сціпла павіншаваў вяскоўцаў са святам, потым, у прыватнай размове патлумачыў, што ОАО “Чарняны” сваіх працаўнікоў ушаноўвае на Дзень работнікаў аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці. Аказваецца, да свята вёскі сельгаспрадпрыемства не мае ніякага дачынення, быццам не вяскоўцы штодзень рупяцца да сёмага поту, да мазалёў на шгурпатых далонях, каб заўсёды ў кожнага з нас былі на стале духмяны хлеб і малако. Шкада, што свята вёскі, ушанаванне яе лепшых працаўнікоў, звялося да звычайнай канцэртнай праграмы.
Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий