АБСТАЛЯВАННЕ — ВАЖНАЕ ЗВЯНО Ў ЛАНЦУЖКУ ЯКАСЦІ

Абмеркаваць праблемныя пытанні тэхнічнага абслугоўвання абсталявання жывёлагадоўчых ферм — менавіта такой была асноўная задача раённага семінара, удзел у якім прынялі кіраўнікі і галоўныя спецыялісты гаспадарак раёна. Пачаўся ён з наведвання станцыі тэхнічнага абслугоўвання райаграпрамтэхнікі — прадпрыемства, якое рамантуе абсталяванне даільных установак усіх гаспадарак раёна.
— Станцыя тэхнічнага абслугоўвання жывёла­гадоўчых ферм, аргані­заваўшы зладжаную работу з 17 пастаўшчыкамі і вырабляючы сваю прадукцыю, мае вялікі запас запчастак, можа прадаставіць больш за 100 найменняў тавараў, неабходных для работы абсталявання даільных установак, — адзначыў, праводзячы невялікую экскурсію па станцыі, дырэктар ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка” Мікалай Строк.
Ён адзначыў, што выязджаюць у гаспадаркі раёна работнікі станцыі па першаму выкліку і гарантуюць якасць работы. Менавіта на гэтым аспекце была засяроджана асноўная ўвага. Ад спраўнасці даільнага абсталявання напрамую залежыць якасць малака. Дробязяў у арганізацыі працэсу даення няма, а таму вельмі важна супрацоўніцтва гаспадарак з абслугоўваючым прадпрыемствам, узаемапаразуменне, своечасовасць разлікаў.
Затым удзельнікі семінара накіраваліся ў Лукава, дзе аб’ектам наведвання стала новая, уведзеная ў эксплуатацыю восенню 2009 года, малочнатаварная ферма з сучаснай даільнай залай. Новае даільнае абсталяванне, якое працуе ў аўтаматычным рэжыме па зададзенай праграме, здавалася б, павінна забяспечваць якасць малака. Але дабіцца апошняй і на такім сучасным абсталяванні, якое практычна выключае кантакт малака з паветрам і за лічаныя секунды дастаўляе апошняе ў халадзільнік, як заўважаў старшыня СВК “Чырвоны партызан” Сяргей Сцепанюк, аказалася вельмі няпроста.
У кіраўнікоў і спецыя­лістаў гаспадарак, якія сутыкнуліся з падобнай праблемай, была магчымасць задаць пытанні прадстаўніку Брэсцкага райаграсервісу, прадпрыемства, якое непасрэдна займаецца мантажом і абслугоўваннем абсталявання сучасных даільных залаў. Сярод прычын, якія прыводзяць да пагаршэння якасці, называліся і неналежная ўвага да апаратуры, якая сама сігналізуе аб збоях у рабоце, і пэўныя недапрацоўкі ў абсталяванні, але, у першую чаргу, чалавечы фактар.
— Кожны чалавек на сваім працоўным участку павінен добра ведаць, што яму трэба рабіць і за што ён адказвае. А для гэтага кіраўнікам гаспадарак і спецыялістам трэба правільна арганізоўваць работу, ставіць канкрэтную задачу і кантраляваць яе выкананне. Тады і не давядзецца спасылацца на чалавечы фактар, — адзначыў, выступаючы на выніковым пасяджэнні семінара, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч.
Падводзячы вынікі, з якімі сельгаспрадпрыемствы раёна набліжаюцца да завяршэння першага паўгоддзя, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Вячаслаў Фе­дзюковіч заўважыў, што толькі 4 гаспадаркі, сярод якіх “Чырвоны партызан”, “Савушкіна”, “Рыта” і “Дарапеевічы” перасягнулі сто працэн­таў у атрыманні валавой прадукцыі. За пяць месяцаў з пачатку года сельгаспрад­прыемствамі раёна было здадзена 25% малака экстра-класам, 48 % — вышэйшым гатункам, 23 % — першым класам і 4 % — другім. Прааналізаваўшы роз­ніцу ў аплаце, а яна вельмі адчувальная, Вячаслаў Іларыёнавіч падкрэсліў, што гэта і ёсць страты. На неабходнасць вырашэння праблемы якасці малака звяртала ўвагу, прыняўшы ўдзел у пасяджэнні, і начальнік лабараторыі ААТ “Савуш­кін прадукт” Зоя Кар­повіч. Спецыялісты “Савушкіна” , як адзначалася ў выступленні, пабывалі ў Радзежы, у іх бліжэйшых планах пракантраляваць недахопы ў атрыманні якаснага малака ў СВК “Чарняны”, “Гвозніца” і “Ляхаўцы”. Спецыялістам гэтых гаспадарак давялося на семінары абгрунтоўваць тыя прычыны, якія, на іх погляд, перашкаджаюць стабільна атрымліваць якаснае малако.
Аналізуючы работу сельгаспрад­прыемстваў, і кіраўнік раёна Казімір Лапіч, і першы намеснік старшыні Вячаслаў Федзюковіч звярталі ўвагу кіраўнікоў сель­гаспрадпрыемстваў на тыя памылкі, што дапускаюцца з году ў год. А гэта, у першую чаргу, пралікі ў нарыхтоўцы якасных кармоў і дрэнная арганізацыя пасьбы. У гаспадарках раёна, адзначалася ў выступленнях, ёсць кадры, ёсць зямля, ёсць вопыт работы на ёй, ёсць жывёла, трэба толькі кожнаму ўмела працаваць і атрымліваць прадукцыю.
Святлана МАКСІМУК.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.