Артысты з Маларыцкага раёна на фестывалі «Берагіня» у Луцку (Украіна)

Творчая дэлегацыя Маларытчыны прыняла ўдзел у Восьмым Міжнародным фестывалі ўкраінскага фальклору «Берагіня», што праходзіў у Луцку (Украіна). У складзе дэлегацыі – калектывы «Хаціславяне» і «Вясковая табала» Хаціслаўскага сельскага Дома культуры.

Фестываль ставіў сваёй мэтай зберажэнне нацыянальнай культуры, аўтэнтычнага фальклору і мясцовых традыцый. Мерапрыемства пачалося са святочнага шэсця ў Луцкі замак, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю з удзелам калектываў з Польшчы, Славакіі, Славеніі, Румыніі, Францыі, а таксама са шматлікіх рэгіёнаў Украіны: Валынскай, Вінніцкай, Запарожскай, Закарпацкай, Івана-Франкоўскай, Данецкай, Кіраваградскай, Хмяльніцкай, Сумской і іншых абласцей, а таксама гарадоў Кіеў, Харкаў, Роўна, Адэса  (усяго звыш 50 калектываў).

І усе яны адрозніваліся незвычайнай самабытнасцю, нацыянальным каларытам, які ўласцівы толькі прадстаўнікам гэтай цудоўнай культуры. У тыя дні ў горадзе панавала атмасфера духоўнасці і творчасці, непаўторнага і бязмежнага самабытнага мастацтва, якое напаўняла сэрцы і абуджала душы ўсіх удзельнікаў і гасцей фестывалю і, безумоўна, давала зарад творчай энергіі. 

У фестывальнай праграме адбылося шмат цікавых мерапрыемстваў: абрадавае дзейства «Ад зажынак да Прачыстай»,  музычны конкурс «Ой, заграйтэ, музычэнькі!», дзіцячая абрадавая імпрэза  «Дажынкавы вянок спляцем», унікальныя мастацкія праграмы «Старонка мая родная», «Валынскія перапевы», выставы «Ад роду да роду», відовішчна-тэатралізаванае прадстаўленне «Казацкая слава ў вяках»,  этнадыскатэка,  што адбыліся на  вуліцах Луцка, Тэатральным майдане, у храмах, музеях і выставачных залах. Паралельна з мастацкімі праграмамі праводзіліся навукова-практычныя канферэнцыі, абмен вопытам. А навучыцца сапраўды было чаму: ад унікальнай выканаўчай манеры да своеасаблівай сцэнічнай культуры і касцю­міравання, атрыбутыкі, музычных інструментаў, якія выкарыстоўваліся ў творчых калектывах. Незвычайнае мноства фарбаў, мастацкага густу і каларыту яшчэ раз пацвердзіла, што народнае мастацтва, якое шліфавалася стагоддзямі, зберагалася ў песнях і абрадах, складае невычэрпны нацыянальны скарб.

Фінальным акордам  стаў гала-канцэрт. Хаціслаўсія артысты з гонарам прадставілі нашу краіну на гэтым знакамітым форуме, выканаўшы абрадавыя дажынкавыя песні, а таксама старадаўнія казацкія і стралецкія песні, атрымалі дыплом за  зберажэнне нацыянальных традыцый і актыў­ны ўдзел у Восьмым Міжнародным фестывалі фальклору «Берагіня». Віншуем калектыў з чарговай узнагародай і жадаем далейшых творчых поспехаў!

Наталля ГАЛАВІЙ, дырэктар раённага Цэнтра культуры.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий