Праграма-мінімум Міхаіла

Міхаіла Крэня я застаў за працаю. Ён абслугоўваў чарговага кліента, уважліва выслухоўваючы яго пажаданні і прапаноўваючы свае варыянты іх вырашэння.
— Каб чалавек на фотакартцы падабаўся сам сабе, неабходна прадумаць усе нюансы, — перакананы Міхаіл Іванавіч. – Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць выбраны ракурс і кампазіцыя, колеравая гама, асвятленне, эмацыянальная насычанасць, энергетыка персанажа. Работа фатографа – гэта работа мастака. Толькі тут маеш справу не з фарбамі, а з душою чалавека, яго ўнутраным станам. І важна падлавіць такое імгненне, якое б цалкам раскрывала чалавека. Мне хочацца, каб кожны мой кліент на фота­здымку застаўся шчаслівым, бесклапотным і ўсім задаволены. Гэта – мая задача-мінімум.
Вось які ён, Міхаіл Крэнь, фатограф, індывідуальны прадпрымальнік.
Адкрыць сваю справу – мара ў Міхаіла з дзяцінства. Чым канкрэтна будзе займацца, ён доўгі час не мог вызначыцца. І адно вабіла, і другое цягнула, і трэцяе хацелася паспрабаваць. Толькі калі ў школьным раскладзе з’явіўся прадмет “Інфарматыка”, тады канчаткова вырашыў, што ўсё жыццё звяжа з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Любімым прадметам стала інфарматыка, а настаўнікам – Ігар Гардынец.
— Усяму вучыўся ў Ігара Віктаравіча, — успамінае Міхаіл Крэнь.- У яго энцыклапедычныя веды. Напэўна, няма такога пытання, на якое у Ігара Гардынца не было адказу. Мне хацелася стаць такім жа. Ні адзін яго ўрок для мяне безвынікова не прайшоў.
Міша, каб пашырыць свае веды, часта сядзеў за кнігамі, клаўся спаць далёка за поўнач. Хацелася ж стаць прафесіяналам. Адначасова хлопец ашчаджаў грошы, збіраў своеасаблівы стартавы капітал для будучай справы. Аднак пачынаць яе маладому чалавеку было рызыкоўна. Добра ведаў, што ў гэтым ёсць шмат падводных цячэнняў і пакуль што нязведанага. Пасля доўгіх разваг і парад старэйшага брата Аляксандра, які да таго моманту ўжо 7 гадоў быў ІП, адважваецца на рашучы крок. 17 чэрвеня 2009г. Міхаіл уладкоўваецца працаваць часова — як ён тады планаваў — фатографам у РКБА. Сабраўшы ўсе неабходныя дакументы, неўзабаве рэгіструецца як індывідуальны прадпрымальнік. Аднак сваю справу, па прычынах, якія склаліся, адкрыў пасля гэтага толькі праз 4 месяцы. Разумеў, што давядзецца выкладвацца на ўсе 100. Канкурэнты ж не дрэмлюць. Аднак хутка з’явіліся кліенты, у тым ліку і пастаянныя. Сваю нішу знайшоў хутка. Быццам бы паспяхова і ўдала.
— Я адкрыў невялічкі магазін (вул. Паркавая,4), займаюся рознічным гандлем і аказаннем бытавых паслуг насельніцтву, — кажа Міхаіл Крэнь. – У сферу паслуг уваходзяць фатаграфаванне (у тым ліку і тэрміновае), рамонт, дыягностыка камп’ютарнай тэхнікі і спадарожных тавараў, запраўка картрыджаў… Наогул, усе ўмовы для вядзення сваёй справы на сённяшні дзень створаны. Перакананы, што за прыватным бізнесам – будучае.
Міхаіл разумее, што ў сучасных умовах працаваць неабходна старанна, ніколі не падводзіць сваіх кліентаў, быць шчырым з імі, адкрытым. Нечым не дагадзіць кліенту – страціць сваю рэпутацыю. Гэта аксіёма, якую ІП Крэнь імкнецца не парушаць ні пры якіх абставінах.
— Якія планы на будучае? – цікаўлюся.
— Працягваць пачатую справу, — усміхаецца мой субяседнік. – Нельга збочваць з дарогі, па якой выбраўся ісці наперад. Задумак многа. Аднак пра іх не хацелася б гаварыць раней часу.
Р.S. Міхаіл Крэнь пастаянна займаецца і дабрачыннай дзейнасцю. У гэтым плане ў яго добра наладжаны кантакт з маларыцкім тэрытарыяльным Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мікалай Мішчанка, дырэктар Цэнтра, ужо двойчы пісьмова дзякаваў Міхаілу Іванавічу за актыўнае супрацоўніцтва.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Міхаіл Крэнь, прадпрымальны малады чалавек.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.