Адпачынак павінен быць адпачынкам, а не рызыкай для здароўя і жыцця

Чым мацней грэе сонейка, тым больш прыцягвае да сябе вада. Прырода не абдзяліла наш маларыцкі край ні азёрамі, ні вадаёмамі. І цяпер, калі тэмпература паветра перавышае 30, нам усё больш і больш хочацца акунуцца ў вадзе.
Дзе можна купацца без рызыкі для здароўя і жыцця, што трэба памятаць кожнаму з тых, хто адпачывае ля вадаёмаў і азёраў, – на гэтую тэму інтэрв’ю галоўнага санітарнага ўрача РЦГіЭ Уладзіміра Кляцко.
— Уладзімір Анатольевіч, дык у якіх азёрах і вадаёмах можна смела купацца?
— Рашэннем райвыканкама ад 22 красавіка г.г. вызначана 5 месцаў для купання: Олтушскае, Лукаўскае, Арэхаўскае азёры, вадаём у гарадскім парку і вадаём на былым торфаўчастку. Ля гэтых вадаёмаў сістэма­тычна правяраецца, ці падтрымліваецца парадак, тут вада сістэматычна бярэцца на даследаванне, каб вызначыць, чыстая яна ці не. Вось і нядаўна мы яе правяралі, і магу смела сказаць, што ў названых вадаёмах, азёрах яна адпавядае ўсім мікрабіялагічным і хімічным патрабаванням.
— Уладзі­мір Ана­тольевіч, ці ўсё зроблена ля названых азёраў і вадаёмаў, каб там можна было з камфортам адпачываць?
— У канцы мая нашы работнікі і работнікі раённай інспекцыі аховы прыроды правяралі стан зон адпачынку. Выяўлены некаторыя нязначныя недахопы, якія былі ліквідаваны на працягу дня. Скажам, дзесьці трэба было падкасіць траву, дзесьці – падфарбаваць аншлагі і да т.п. Цяпер усе зоны адпачынку падрыхтаваныя, прыведзены ў належны стан, за імі замацаваны работнікі адпаведных службаў, якія будуць пастаянна канраляваць парадак тут. Але, як паказвае практыка, парадак у першую чаргу залежыць ад саміх людзей. Таму хацеў бы звярнуцца да ўсіх з просьбай, каб бераглі чысціню, прыроду, якая дорыць нам столькі добрых эмоцый.
— Сапраўды, вельмі шмат залежыць ад саміх адпачываючых. Але ж бывае і так, што вымушаны смеціць, бо побач не знойдзеш скрынкі для смецця. У час праверкі вашы работнікі та­кога не зафікса­валі?
— Як мне дакладва­лі, на ўсіх зонах адпачынку ёсць кантэйнеры для смецця. Іншая справа, што смецце вывозіцца нерэгулярна, таму санітарная служба і інспекцыя аховы прыроды будуць гэтыя пытанні пастаянна адследжваць, цесна ўзаемадзейнічаць з усімі зацікаўленымі службамі.
— Як рэагаваць людзям на таблічкі, што звычайна ўстаноўлены па ўказанні санслужбы ў тых месцах, дзе купацца забаронена?
— Кожныя 10 дзён мы пра­водзім маніторынг, мікра­біялагічнае даследаванне вады. І калі ўстанаўліваецца, што вада не зусім чыстая, у “брудных” месцах абавязкова абмяжоўваецца купанне, асабліва дзяцей. Да гэтага трэба адносіцца вельмі і вельмі сур’ёзна, бо ёсць верагоднасць захварэць кішэчнымі інфекцыямі, вынікі якіх могуць быць непрадказальнымі. Адпачынак павінен быць адпачынкам, а не рызыкай для здароўя і жыцця.
— І яшчэ адну праблему хацелася б закрануць. Акрамя вызначаных месцаў, людзі наведваюць і звыклыя – вадаём у в. Мельнікі і так званае ваеннае возера, дзе купацца забаронена. Тут сапраўды купацца небяспечна?
— Так, небяспечна. І не толькі таму, што на гэтых вадаёмах не правяраецца чысціня вады. Тут таксама адсутнічаюць неабходныя ўмовы для таго, каб купанне было бяспечным для здароўя і жыцця. Таму няхай кожны з нас выбірае сам: што яму лепш, што больш дарагое: здароўе і жыццё ці часовае задавальненне.
— Што б вам хацелася пажадаць нашым грама­дзянам?
— Здароўя моцнага, толькі станоўчых эмоцый, ну і чыстай вады, цёплага сонейка.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Вольгі КАСЦЮЧЫК.

Добавить комментарий


progressive.ua

www.xn----7sbajornvhu8c.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!