Пад сілу конь, каса, гармонь

За што найбольш люблю сваю прафесію? За тое, што яна дорыць безліч сустрэч з людзьмі. А кожная такая сустрэча — гэта скарб чалавечай душы, і ты робіш адзін і той жа вывад: кожны з нас па натуры сваёй мастак. Мы ўсюды, так ці інакш, імкнемся ўносіць у сваё жыццё прыгажосць.
Вось і на гэты раз. Варта было пазнаёміцца з Фёдарам Сяргеевічам Мармалюком з Гвозніцы, і добрых уражанняў хопіць на доўгі час. Пачнем з таго, што Фёдару Сяргеевічу 88 гадоў. Праўда, выглядае ён гэтак гадоў на 70-75. Як пераканаліся, пад сілу яму яшчэ і каса, якая ўсё яшчэ ёсць у гаспадарцы і якая летам патрэбна асабліва; пад сілу яму справіцца з канём, якога Фёдар Сяргеевіч яшчэ трымае; а калі дзядуля дастаў з-пад стала гармонік і зайграў “падыспань”, а затым мелодыя гэтага танца змянілася “яблычкам”, “лысым”, “аберкам”, іншымі мелодыямі, мы пераканаліся, што рукі яго могуць управіцца яшчэ і з музычным інструментам, іграць на якім Фёдар Сяргеевіч некалі навучыўся сам. Ды так умеў іграць, што лепшага музыканта, чым ён, у аколіцы не было. Музыкант жа тады быў першым хлопцам на вёсцы. А калі яшчэ такі статны і прыгожы, як Фёдар Сяргеевіч Мармалюк, — дык кожная з дзяўчат жадала бачыць побач з сабой менавіта такога кавалера, а на кожным вяселлі хацелі такога веселуна.
— 37 гадоў адыграў я на вяселлях, любіў весяліць народ, — расказваў Фёдар Сяргеевіч. – Песні многія народныя добра ведаў, мог не толькі мелодыю іх найграць, але і спяваў. Спрабаваў цяперашнія на гармоніку навучыцца іграць, але чамусьці не атрымліваецца. Не запамінаюцца ні мелодыі, ні словы.
Глыбока пераканана, што чалавеку з добрым музыкальным слухам, а ў музыкантаў ён менавіта такі, вельмі лёгка скапіраваць, аднавіць, перадаць на музычным інструменце любую пачутую мелодыю. А тым больш – музыканту-самавучцы, якому не патрэбны ноты. Значыць, цяперашнія песні сапраўды не для гармонікаў.
— Гэта чацвёрты гармонік у мяне, — гаварыў Фёдар Сяргеевіч, — тры з’іграў.
А яшчэ пабудаваў дом, пасадзіў сад, выгадаваў разам з жонкай, якой цяпер ужо няма, дзяцей.
— Дачка з зяцем, якія жывуць у Брэсце, мяне не забываюць. Ім я абавязаны і парадкам у хаце, і парадкам у двары. Сад вось новы пасадзілі, бо майму ўжо 50 гадоў. Можа, і жыць сюды прыедуць, — расказваў Фёдар Сяргеевіч.
А што?! Хата добрая, дагледжаная. Трымай гаспадарку, калі маеш сілы, — і жыві. Ды і Гвозніца цяпер ужо не вёска, а аграгарадок, у якім нямала сваіх вартасцей у параўнанні з проста гарадком.
Фёдар Сяргеевіч Мармалюк — самы старэйшы жыхар Гвозніцы. Сваё доўгажыхарства “рассакрэціў” такім чынам: моцныя гены, вясёлы, жыццярадасны характар, цяга да працы, свежае вясковае паветра, натуральныя стравы, адсутнасць шкодных звычак.
— Дзядуля мой жыў доўга, дзядзька, бацькаў брат, у 93 гады памёр, — гаварыў Фёдар Сяргеевіч. — Таму карані мае моцныя. Што ж датычыцца характару, дык я ніколі ні з якой нагоды не засмучаўся. А яшчэ не гультайнічаў. 22 гады прапрацаваў лесніком, а прырода, справядліва падмечана, аддае чалавеку не толькі частку сваёй прыгажосці, але і моц. Любіў хатнюю ежу, а калі выпадала выпіць у кампаніі, ведаў меру.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: пад сілу Фёдару Сяргеевічу МАРМАЛЮКУ каса; ня­зменны сябар жыцця — гармонік.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


http://220km.com.ua

http://www.avtomaticheskij-poliv.kiev.ua

ссылка majbutne.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!