Куфар скарбаў

На Маларытчыне зноў пабывала здымачная група з Мінска. На гэты раз на працягу 4 дзён у раёне працавалі майстры кінакамеры вытворча-творчага рэспубліканскага прадпрыемства “Беларускі відэацэнтр”. Яны збіралі матэрыял для 13-хвіліннага хранікальна-дакументальнага фільма пра матэрыяльна-духоўную спадчыну нашага “мядз­веджага куточка”. Аднак галоўнай яго гераіняй стала 75-гадовая жыхарка в.Дарапеевічы Сцепаніда Сцепанюк. Яе талентам быў зачараваны і здзіўлены Павел Латушка, міністр культуры краіны, падчас наведвання Маларыты ў лістападзе мінулага года ў рамках адзінага Дня інфармавання. Народная майстрыха тады выканала Паўлу Паўлавічу цудоўную песню-баладу і падарыла на памяць прыгожы тканы ручнік уласнай работы. Жанчына сваім шматгранным талентам вельмі ўразіла міністра, і ён паабяцаў паспрыяць таму, каб пра Сцепаніду Аляксееўну быў зняты фільм.
— Наша здымачная група ў захапленні ад прыгажосці вашага краю, умельства яго людзей і непаўторнасці касцюма маларыцкага строю, — дзеліцца ўражаннямі Ірына Драко, дырэктар фільма. – У гэтым відэафільме, сацыяльна-творчым заказе Міністэрства культуры, на чые сродкі ён і здымаецца, чырвонаю ніткаю праходзіць вобраз жанчыны, маці. Яго аснова, якая цэментуе, звязвае ў адно цэлае, — гэта галоўная гераіня Сцепаніда Сцепанюк.
— Наша задача, — дзеліцца творчай задумай Алена Красуляк, рэжысёр фільма, — найперш, можна сказаць, сфатаграфаваць, спыніць непаўторныя імгненні, каб іх захаваць для будучых пакаленняў. Нам хацелася расказаць пра людзей, таленавітых, самавітых, якія данеслі і збераглі сапраўдны самабытны народны скарб. Вельмі добра, што ў Маларыцкім раёне ёсць тыя, хто захоўвае і перадае маладому пакаленню майстэрства рамёстваў. Ваш рэгіён мы адкрылі як край незлічоных талентаў, як куфар скарбаў. Шкада, што такое багацце да часу было прыхавана.
— Пераканана, — кажа Ірына Міхайлаўна, — што адзнятае намі за некалькі дзён з’яўляецца каштоўным матэрыялам для вывучэння самабытнасці раёна ў цэлым. Магчыма, нешта ўвойдзе ў фонд нацыянальнай і культурнай спадчыны, паспрыяе захаванню ўзораў нацыянальнай культуры. Сапраўды, многае варта ўвагі і дэталёвага вывучэння.
У кадр кінакамеры трапіла многае. У панядзелак вяліся здымкі ў Хаціславе. У ваколіцах вёскі фальклорны дзіцячы калектыў “Крынічка” пад кіраўніцтвам Галіны Хомік паказваў абрад “Па ягады”. У дадатак да гэтага быў выкананы танец “Хаціслаўская драбатуха” ля аднаго з дамоў Хаціслава. У аўторак і сераду здымачная група працавала ўжо ў Дарапеевічах. Там былі зняты сюжэты, звязаныя з царквой у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. Экскурсаводам стаў Анатоль Дзямянка, вялікі аматар народнай творчасці. Па задуме аўтараў фільма, у аб’ектыў камеры трапіла Сцепаніда Сцепанюк разам з хорам мясцовага храма, дзе яна з’яўляецца пеўчаю ўжо колькі гадоў. Таксама было запісана некалькі песень фальклорнага ансамбля Дарапеевіцкага СДК пра жаночую долю. Пасля здымачная група пабывала ў народнай майстрыхі, дзе зняла яе дома разам з мужам, за ткацкім станком, з вучнямі, якім жанчына перадае тонкасці і сакрэты працы на кроснах. Затым мінчане пабывалі яшчэ ля цар-дуба. Акрамя таго, у сераду і ў чацвер вяліся здымкі на сцэне ГДК. Творчая фантазія рэжысёра па-мастацку тут злучала мінулае і сучаснае, увасабляла сувязь пакаленняў, выкарыстоўваючы люстра. У чацвер творчы калектыў наведаў яшчэ і в.Лукава. Тут фальклорны ансамбль мясцовага СДК пад кіраўніцтвам Алы Алесіюк паказаў фрагменты з абраду “Выкуп каравая”.
— І калі мы, гледачы, зможам убачыць фільм? – цікаўлюся я.
— Хутка, — усміхаецца Ірына Драко. – Пасля здымак у нас будуць мантаж, іншыя неабходныя працэсы для завяршэння работы. Затым Міністэрства культуры павінна фільм зацвердзіць, зарэгістраваць ва ўпраўленні рэгістрацыі і класіфікацыі кінавідэапрадукцыі Дэпартамента па кінематаграфіі. Толькі пасля гэтых працэдур мы атрымаем пракатнае пасведчанне. Тады і можна будзе выходзіць на шырокі экран да гледача. Згодна з зацверджаным планам, цалкам падрыхтаваны фільм мы павінны здаць заказчыку ў канцы чэрвеня. Яго прэм’ера можа адбыцца ў Маларыце ўжо ў ліпені, напрыклад, у вялікай зале ГДК. Чакаць засталося нядоўга. Загадзя запрашаем!
Р.S.Вялікую дапамогу здымачнай групе аказалі Валянціна Струнец, дырэктар раённага Цэнтра народнай творчасці, і Ала Назарук, метадыст РЦНТ. Адну з галоўных роляў у фільме сыграла Вольга Бярчук, хармайстар ГДК.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымкe: рабочыя моманты здымак фільма пра Сцепаніду Сцепанюк.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


https://101binaryoptions.com/what-are-binary-options-signals/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!