ЗА ПРАФЕСІЯЙ – У СЛУЖБУ ЗАНЯТАСЦІ

Для таго, каб дапамагчы чалавеку з’арыентавацца на рынку працы, у кожным раёне ёсць службы занятасці. Асноўная іх задача – садзейнічанне ў працаўладкаванні, стварэнне новых працоўных месцаў, падтрымка дзелавой прадпрымальніцкай ініцыятывы, прафарыентацыя, дапамога ў атрыманні той прафесіі, якая з’яўляецца найбольш запатрабаванай. Аб тым, як працуе гэтая служба ў нашым раёне, карэспандэнт райгазеты гутарыла з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, загадчыцай аддзела занятасці Любоўю Барадзіной.
— Узровень беспрацоўя – асноўны фактар, які адлюстроўвае стабіль­насць і дабрабыт. Любоў Дзмітрыеўна, што можна сказаць пра гэты фактар у нашым раёне?
— Узровень беспрацоўя ў нас невялікі, ён складае 0,8%. З пачатку года ў службе занятасці зарэгістраваліся 211 чалавек, з іх 155 – беспрацоўныя. Многім была прапанавана работа, некаторыя накіраваліся на навучанне. У выніку працаўладкавана было 160 чалавек. Зараз на ўліку ў службе занятасці знаходзіцца 88 беспрацоўных.
— Фінансавыя праблемы, з якімі сутыкнулася ў апошні час краіна, адбіліся неяк на рынку працы?
— Так. Некаторыя прадпрыемствы скарацілі колькасць работнікаў. У выніку стала менш вакансій.
— А якія прафесіі зараз запатрабаваны ў раёне?
— Па-ранейшаму патрэбны рабочыя і спецыялісты ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, а ў горадзе — урачы ў райбальніцу, швачкі ў прадпрыемства “Дзіона”, краўцы ў камбінат бытавога абслугоўвання, прадаўцы і грузчыкі ў райспа­жыўтаварыства, майстры вытворчага навучання ў Дзяржаўны прафесійны ліцэй. А вось у будаўнічай сферы, у адрозненне ад мінулых гадоў, вакансій амаль няма. Звязана гэта са змяншэннем аб’ёмаў будаўнічых работ.
— Адным са шляхоў вырашэння праблем занятасці, як вядома, з’яўляецца арганізацыя прадпрымальніцкай дзей­насці. Якую да­па­­мо­­гу можа аказаць служба занятасці тым беспра­цоўным, хто вырашыў стаць індыві­дуальным прадпры­мальнікам?
— У першую чаргу мы накіроўваем чалавека на вучобу па прадпрымальніцкай дзейнасці. Набыўшы пэўныя веды, будучы прадпрымальнік складае бізнес-план, на рэалізацыю якога выдзяляецца субсідыя, — бязвыплатная фінансавая падтрымка. Для жыхароў сельскай мясцовасці яна складае суму ў чатыры з паловай мільёны рублёў, для гараджан – тры з паловай мільёны рублёў. Сёлета такія субсідыі атрымалі 4 жыхары раёна. А летась стварылі сабе працоўныя месцы, арганізаваўшы прадпрымальніцкую дзейнасць, 14 беспрацоўных.
— Якому віду прадпры­мальніцкай дзейнасці часцей за ўсё аддавалася перавага?
— У асноўным гэта аказанне паслуг насельніцтву: будаўніча-аддзелачныя работы, паслугі па пашыву і рамонту адзення, вырабу мэблі, вырошчванне сельскагаспадарчых культур і г.д.
— А чым служба занятасці можа дапамагчы тым, хто пакуль не асмельваецца пачаць сваю справу, але хацеў бы набыць пэўную прафесію?
— Мы можам прапанаваць такому чалавеку паехаць на вучобу. Ужо сёлета на навучанне па спецыяльнасцях швачка, муляр, абліцоўшчык, вадзіцель катэгорыі Д,Е, цырульнік, слесар па рамонту абсталявання і г.д., было накіравана 18 беспрацоўных. 26 жыхароў раёна закончылі сёлета навучанне, 20 з іх працаўладка­ваны.
— Кожны год з дапамогай вашай службы арганізоўваецца ў раёне другасная занятасць школьнікаў у час летніх канікулаў. Ці будуць мець магчымасць працаваць дзеці сёлета?
— Грамадска-карыснай працай будзе занята гэтым летам 100 падлеткаў. Працаваць, зарабляючы свае грошы, школьнікі змогуць у СШ № 2, Радзежскай і Ляхавецкай сярэдніх школах і раённай бібліятэцы.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: загадчыца аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Любоў Барадзіна.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий