Літаратурная гасцёўня: Еўдакія Аўдзяюк са Збуража (Маларыцкі раён)

Дамовіцца пра сустрэчу з Еўдакіяй Аўдзяюк са Збуража некалькі дзён ні ранкам, ні вечарам  не ўдавалася: яе тэлефон не адказваў. Таму было вырашана ехаць без папярэджвання. Дамашні адрас жанчыны падказалі вяскоўцы. У Збуражы яна асоба вядомая.

Еўдакія Мікалаеўна закончыла мясцовую школу, Валкавыскі зааветэрэнарны тэхнікум, Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці “Заатэхнія”, а пасля яшчэ і Мінскую вышэйшую партыйную школу, дзе набыла спецыяльнасць “Прапагандыст”. Усё жыццё яна шчыравала ў мясцовым калгасе “40 гадоў БССР”: спачатку даяркай, учотчыкам фермы, лабарантам, а пасля загадчыкам фермы, галоўным заатэхнікам… Акрамя таго, два гады працавала на цалінных землях Казахстана.

Жанчыну мы “знайшлі” на агародзе, дзе яна капала бульбу. Расказаць пра тое, як пішуцца вершы, Еўдакія Мікалаеўна згадзілася адразу. Знаёмства з яе “літаратурнай” творчасцю пачалося з чытання некалькіх уласна напісаных твораў на памяць. Пачутыя вершы кранулі гучаннем, шчырасцю, праўдзівасцю, меладычнасцю радка.

‒Я дзіця вайны, ‒ гаворыць Еўдакія Аўдзяюк. ‒ Бацька з палёў баёў Другой сусветнай  вярнуўся інвалідам. Таму з дзяцінства дапамагала па гаспадарцы. Навучылася і за плугам хадзіць, і касу ў руках трымаць… А пакуль была малой, пасвіла кароў. А што рабіць цэлы дзень за такім заняткам?  Калі было гадоў восем, заўважыла: у мяне атрымліваецца сходу  рыфмаваць радкі. А каб было весялей, іх  стала напяваць уголас.

Еўдакія Мікалаеўна вершы піша і на рускай, і на беларускай мовах. Яе творы друкаваліся на старонках газет “” і “Друг пенсионера”. Асобным зборнікам вершы пакуль не выдаваліся, хоць іх напісана шмат. Асноўная тэма вершаў Еўдакіі Аўдзяюк ‒  родны край.

Еўдакію Мікалаеўну слухаць не пераслухаць. Амаль усе свае вершы жанчына ведае на памяць.  Усе яны пранікнутыя напісання, ад душы. Каб у гэтым пераканацца, прапануем некаторыя вершы, напісаныя Еўдакіяй Аўдзяюк у розныя гады.

                                                                                      Мікалай НАВУМЧЫК.

 

 

                                      Еўдакія Аўдзяюк

             

 

              Мая вёска

На золку, устаўшы, спяшаюсь на працу

Знаёмай сцяжынкай, а вёска шчэ спіць.

І гэтага шчасця майго і журботы

Ніхто не адыме, ніхто не зацьміць.

Мае карані тут па дзеду, па бацьку.

Я тут нарадзілась, пазнала жыццё,

Каханне спаткала, дзяцей гадавала,

Хоць гэта нялёгка давалася ўсё.

І разам са мною жыла мая вёска:

Дамы будавала, садамі цвіла,

Вясною на службу хлапцоў пасылала,

А ўвосень дзяўчат на ручнік  ты вяла.

І разам з усімі ты радасць пазнала,

Ураджай на палетках высокі ўзяла.

І разам з усімі паклон пасылала

Уладзе Саветаў, што шчасце дала.

 

              Дзяцінства

Пра горкае маленства не забыцца

Дзецям пасляваенных год:

Няма ў што апрануцца і абуцца.

А як жа нам хацелася на лёд!

А лёд блішэў так блізка ўздоўж дарогі,

Яго нам праз акно ўвесь дзень відаць.

Але няма чаго абуць на ногі:

На лёдзе радасці нам не спазнаць.

Матуля кросны ў хаце ткала,

І каб як-небудзь пазабавіць нас,

Спявала песні, казкі нам казала,

Што прыдзе і да нас шчаслівы час.

Прайшлі гады, і казка явай стала.

З руплівай  працай усё да нас прыйшло.

А тое басаногае маленства…

Як у ва сне прыснілася яно.

І каб такога больш у жыцці не бачыць,

Каб дзецям нашым гэтага не паспытаць,

Добрасумленнай  працай моц Айчыны, значыць,

Павінны мы  штодзённа мацаваць!

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий