СУБОТНІЯ ЖАНЧЫНЫ

Напэўна, ёсць нешта прадказальнае і сімвалічнае ў тым, што буслы ў в. Субаты, якая яшчэ пакуль значыцца на карце Чарнянскага сельскага Савета, не прылятаюць ужо. Адзіная буслянка ў двары Вольгі Канстанцінаўны Букач пустая вось ужо некалькі апошніх гадоў.
Бусел на даху – жыццё на зямлі. Калісьці іх тут шмат было, і жыццё бурліла. “У школу сюды хадзілі дзеці з навакольных вёсак Астроўе, Лясавец, Горы і іншых”, — успамінае Надзея Іосіфаўна Вакульская — адна з дзвюх жанчын, жыхарак цяперашніх Субатаў. – Сама я тут закончыла 2 класы польскай школы.
Потым, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, Надзея Вакульская хадзіла ўжо тут у беларускую школу на вячэрнюю форму навучання, каб вывучаць рускую мову. У 60-я гады мінулага стагоддзя ў вёсцы было 15 дамоў. Дзеці вырасталі і раз’язджаліся. Цяпер тут засталося 4 дамы, з якіх толькі ў двух працягваецца жыццё. Яны згубіліся сярод лесу. Да іх нават і ўказальніка няма. І незнаёмаму трапіць сюды цяжка. Чым жывуць гэтыя шчырыя абарыгенкі? Усё яшчэ, нягледзячы на сталы ўзрост, працай і ўспамінамі.


Цётка Надзя
Надзеі Вакульскай 86 гадоў. Прадчуванні, што перад намі з’явіцца нямоглая жанчына, ніяк не апраўдаліся. Усмешлівая, з добрымі вачыма і адразу жартаўлівая, Надзея Іосіфаўна выклікала сімпатыю. Ідэальны парадачак у хаце сведчыў, што яна і цяпер не дазваляе сваёй душы ленавацца. Пакой ззяе рознакаляровымі ўзорамі дываноў, дарожак, дыванкоў, сурвэтак. На сцяне за вялікай рамкай мноства здымкаў, з якіх пяшчотна ўсміхаецца маладосць. У свае 86 На­дзея Іосіфаўнаяшчэ добра спраўляецца са швейнай машынкай.
У Надзеі Вакульскай 4 дзяцей, 9 унукаў і 14 праўнукаў, якіх яна хутка называе па імёнах (фенаменальная памяць). Засумуе падчас па малых – сама едзе ў горад да іх.
— Дзеці кажуць, каб пакіда­ла свае карчы і перабіралася да іх. А я кажу, пакуль ногі бегаюць, я сама да вас пры­еду. Ды і ім самім ёсць куды прыехаць, папрацаваць на зямельцы, адпачыць на ўлонні прыроды.
Жыццё пацвярджае: лю­дзі, якія прайшлі праз цяжкія выпрабаванні, больш за іншых цэняць тое, што ёсць. Лёс не песціў Надзею Іосі­фаўну. У яе бацькі было 9 дзяцей. Сям’я лічылася беднай. І калі ў гады вайны немцы забіралі на работы ў Германію, выбар стаць вязнем выпаў на яе. У суседняй вёсцы немцы выбралі адзіную дачку аднаго з яе жыхароў. Але той быў багаты і выкупіў дачку, прапанаваўшы забраць замест яе Надзею з сям’і Вакульскіх. “У яго 9 дзяцей, і калі што-небудзь здарыцца з ёй, яму будзе не так шкада”. Немцы так і зрабілі.
Надзеі на той час было 18 гадоў. На таварным цягніку іх завезлі ў Франкфурт, потым адправілі ў вёску Эперсхаўзен. Разам з ёй у гаспадара працавалі яшчэ 15 чалавек з Польшчы, Украіны, Расіі. Працавалі ў асноўным у полі, устаючы рана, і дапазна.
— Катаржныя былі работы, — успамінае Надзея Іосіфаўна. – Так хацелася дамоў. Здавалася, былі б крылы – паляцела б.
Два з паловай гады працавала маладая дзяўчына ў Германіі. Спазнала, што такое здзекі, прыніжэнні чалавечай годнасці. У 1945-м дзверы таварняка адчыніліся, і яна ўдыхнула роднае паветра.
Час жа не гадзіннік, ён не спыняецца ні на імгненне. Змянілася Надзея Іосіфаўна: памужнела, спазнаўшы нялёгкія выпрабаванні. Але ж на жыццё не глядзела пагардліва, ведала, што дарога да шчасця не бывае заасфальтаванай.
Выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. Муж добры быў чалавек, але рана памёр. Толькі дваіх дзяцей паспела ажаніць. Для дваіх астатніх вяселлі спраўляла сама. Працавала ўсё жыццё паляводам, звязваючы з зямлёй надзеі і мары на лепшае жыццё. Жыццялюбства аддзячыла ёй добрымі нашчадкамі.
Цётка Вольга
Вольгу Канстанцінаў­ну Букач мы засталі за работай у агародзе, які адразу выклікаў захапленне. На 15 сотках, адведзеных пад агародніну, усё блішчэла: ніводнага каліва пустазелля, роўныя радочкі на градачках радуюць вока. А расце тут усё: агуркі, памідоры, капуста, цыбуля, кроп, гарох, фасоля, кабачкі, гарбузы, клубніцы і нават такая цеплалюбівая ягада, як кавуны. Дарэчы, іх цяпер, як мы даведаліся, сталі вырошчваць ва ўсіх навакольных вёсках – Надзея Канстанцінаўна падзялілася са сваімі землякамі насеннем, якое калісьці прывезла з Кубані, дзе жыве яе сястра.
— Летась, напрыклад, іх столькі вырасла і паспела, што нават палічыць цяжка было. Больш за 100 штук. А смачныя якія! Скарыначка зялёная такая тоненькая. Калі разрэжаш, адна мякаць і сок. Дзеці і ўнукі толькі і ласаваліся.
— Адкуль такая любоў да гародніны? — пытаемся.
— А я ўсё жыццё ёю займалася. Вось, бачыце, калгаснае поле насупраць. Тут мы ўдзвюх з суседкай апрацоўвалі яго. Сеялі буракі, агуркі, капусту… Былы старшыня Анатоль Яснюк усё гаварыў нашаму брыгадзіру, маўляў, каб яшчэ 2-3 такія работніцы, яны замянілі б усю паляводчую брыгаду.
У Вольгі Канстанцінаў­ны заўсёды былі найлепшыя ўраджаі, вынікі вышэйшыя, таму што працавала ад душы, любіла рабіць так, каб работа прыносіла задавальненне. А зямля, як вядома, любіць душэўных і клапатлівых. І званне “Майстар раслінаводства” ІІ класа Вольга Канстанцінаўна атрымала не так сабе, а за старанне і вынікі. Адна з нямногіх у нашым раёне.
Акрамя таго, яе ўзна­гародзілі і медалём “За працоўную адзнаку”, многімі значкамі, дыпло­мамі і граматамі. Тады маральнае заахвочванне многа значыла. Калі чалавек адчуваў, што яго цанілі і паважалі, калі ён шмат сіл і здароўя аддаваў на карысць калгаса, яму і на пенсіі хочацца, каб не забывалі.
Прыехаўшы з каман­дзіроўкі, патэлефанавала былому чарнянскаму старшыні Анатолю Яснюку. Вольгу Канстанцінаўну ён добра памятае, нават назваў яе ўзрост і адкуль яна родам. Але гэта так сабе. Галоўнае, што ён памятае яе стараннасць і адданасць.
— Такое званне рэдка каму прысвойвалі. І калі вы напішаце хоць некалькі цёплых слоў пра яе, правільна зробіце. Яна сапраўдная працаўніца была, працавічка і цяпер, калі на пенсіі ўжо. А таму заслугоўвае, каб пра яе ведалі ўсе. Дзякуй вам за гэта! – сказаў Анатоль Германавіч.
…Вечарам у гэтых двух дамах запальваецца святло. Жанчыны рана спаць не кладуцца. Трэба яшчэ пачуць родныя галасы ў тэлефонных трубках (балазе, у адной і ў другой ёсць тэлефоны), тэлевізар пагля­дзець, газеты пачытаць (адна выпісвае “раёнку”, другая – абласную).
Сюды дастаўляюць газ, два разы на тыдзень да дома кожнай пад’язджае аўтамагазін. “Усе даброты цывілізацыі”, – жартуе На­дзея Вакульская.
А навакольная прырода падмацоўвае іх здароўе і жыццёвы тонус, дапамагае як мага больш падоўжыць іх зямны шлях, а значыць, і жыццё Субатаў.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: пустуе буслянка ў Субатах; Надзея ВАКУЛЬСКАЯ пра Германію памятае ўсё да драбніц; Вольга БУКАЧ на сваім прысядзібным участку, дзе хапіла месца і для кавуноў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://shtory.ua

также читайте www.xn----7sbajornvhu8c.com.ua

www.granit-sunrise.com.ua