Жыццё паклікала у дарогу

Не раз, напэўна, ім, сённяшнім выпускнікам, прыходзіла думка: хутчэй бы закончыць школу, стаць самастойным і незалежным ва ўсім. Так не цярпелася стаць дарослым. Не адзін прыспешваў гэты дзень, вельмі чакаў яго, лічыў тыдні. І вось нарэшце збылася мара: ён настаў. Бывайце, родная школа, любімыя настаўнікі і сябры-аднакласнікі. Апошняя старонка дзяцінства перагорнута. Не трэба больш вучыць вершы на памяць, пісаць сачыненні і пераказы, рашаць складаныя задачы, здаваць нарматывы. Усё засталося ззаду. Можна ўжо і пабалавацца. І ніхто ў дзённік не напіша заўвагу, не выкліча ў школу бацькоў. Хоць усе 11 гадоў і былі пад пільным і пастаянным кантролем, але лічаць іх залатымі і непаўторнымі. На жаль, нішто не вернецца назад. Наперадзе зусім новыя старонкі. Дарослыя, загадкавыя і нязведаныя. Са сваімі залікамі і экзаменамі. Пакуль што няспісаныя, чыстыя. Які след на іх пакіне жыццё? Гэта залежыць толькі ад таго, хто пераступае школьны парог. Ураўненні з адным ці некалькімі невядомымі давядзецца рашаць самім, без падказак, падглядвання і спісвання. У тым, дарослым жыцці ёсць усё: радасць і няўдачы, сустрэчы і расставанні, узлёты і падзенні. Гэта пачнецца заўтра, а пакуль… Пакуль яны яшчэ вучні, адзінаццацікласнікі-выпускнікі. Аж да самага світання наступнага дня. Не верыцца, што вось яны, апошнія імгненні дзяцінства, з настаўнікамі, бацькамі, у коле сяброў-аднакласнікаў. Ах, як жа хочацца гэты час спыніць, затрымаць!
У мінулую пятніцу на Маларытчыне для 278 дзяўчат і юнакоў ва ўстановах адукацыі прайшлі выпускныя вечары. На гарадской плошчы райцэнтра адбылося традыцыйнае свята, прысвечанае тым, хто пакідае сцены роднай школы і адпраўляецца ў самастойны палёт. Старт яму дае ансамбль барабаншчыц СШ №1 пад кіраўніцтвам Алены Паўлючык. Пачынаецца ўрачыстае шэсце. У калоне разам са сваімі настаўнікамі, бацькамі, знаёмымі выпускнікі ўстаноў адукацыі СШ № 1 і 2, раённай гімназіі, медалісты Макранскай, Чарнянскай і Олтушскай сярэдніх школ, а таксама Гвозніцкага д/с-СШ. 18.00. Зоя Ляшчынская, вядучая, аб’яўляе пачатак урачыстасці. У прэзідыуме – прадстаўнікі мясцовай улады, настаўнікі, бацькі. З наказам, словамі прывітання і пажадання да выпускнікоў звяртаецца Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама. Пад гукі гімна права ўзняць Дзяржаўны сцяг прадастаўляецца Ганне Афанасенка, выпускніцы Гвозніцкага д/с-СШ, пераможцы заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры ў 2010 і 2011 гадах, лаўрэату прэміі Брэсцкага аблвыканкама ў 2010 і 2011 гадах, стыпендыяту другой прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў за 2010 г., і Антону Вашчуку, выпускніку Макранскай СШ, пераможцу летняга мнагабор’я “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнага ўзросту, пераможцу спаборніцтваў па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Потым cлова бяруць: Любоў Куц, дырэктар СШ №2, і Генадзь Алесяюк, бацька выпускніка. Затым Казімір Лапіч і Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, уручаюць медалі тым вучням, якія дасягнулі значных поспехаў у вучобе. На гэты раз залатыя медалі атрымалі: Ганна Афанасенка, Антон Вашчук, Людміла Аўдзіюк (раённая гімназія), Аляксей Дзягель і Ірына Кашлей (Чарнянская СШ), Настасся Кулічык і Дар’я Міхалюк (СШ №2), Аляксей Бурштын (Макранская СШ) і Іван Харык (Олтушская СШ). Сярэбранымі медалямі былі ўзнагароджаны: Вольга Багута, Ксенія Мазур і Лізавета Шкута (усе — раённая гімназія). Акрамя таго, медалісты за сваю шматгадовую і нялёгкую працу атрымалі грашовыя прэміі. Пасля гэтага ад імя ўсіх адзінаццацікласнікаў шчыра падзякавала бацькам, настаўнікам, роднай краіне Ганна Афанасенка.
У цэнтр святочнай пляцоўкі выпускнікі ад кожнай навучальнай установы горада выносяць паветраныя шары і разам іх выпускаюць з рук. Яны ўзнімаюцца ўвысь і адносяцца ветрам убок. Усе з захапленнем і замілаваннем праводзяць вачамі гэты рознакаляровы цуд. І вось кульмінацыйны момант. Над плошчай разліваюцца гукі чароўнага “Школьнага вальса”, які выконвае Эдуард Пішчык. Выпускнікі разам са сваімі бацькамі, настаўнікамі, адзін з адным танцуюць свой апошні і развітальны вальс. Ах, як хочацца затрымаць такія цудоўныя і непаўторныя імгненні жыцця асабліва зараз! Як хочацца, каб яны не заканчваліся ніколі! На жаль, усё гэта заста­нецца толькі на фота- і відэаздымках, і назаўжды — у памяці. А адзінаццацікласнікі гэтага года дружна на­кіроўваюцца ў свае ўста­новы адукацыі, дзе хутка пачнецца цырымонія ўрачыстага ўручэння атэстатаў сталасці.
…А потым – апошні акорд дзяцінства, якое адыходзіць. Першае сустрэтае разам з аднакласнікамі дарослае світанне, якое разлівалася на ўсходзе. Якім яно бу­дзе, тое жыццё, што падымаецца над гарызонтам першага новага і самастойнага дня? Поспеху табе, выпускнік, на ўсіх жыццёвых дарогах і скрыжаваннях! Вер у сябе і свае сілы!
Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


там www.avtomaticheskij-poliv.kiev.ua

mitsubishi.niko.ua

cl24.com.ua/ctcat/odnodnevnye-linzy.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!