Сэнс жыцця Святланы Пуцінай (Маларыцкі раён)

Ва ўстановах адукацыі Маларытчыны  фізіку цяпер выкладае 25 настаўнікаў, з іх – 7 жанчын. У ліку тых, хто выбраў “фізічны” шлях, – і настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Маларыцкай раённай гімназіі Святлана Пуціна.

Працаваць на педагагічнай ніве Святлана Міхайлаўна не планавала, стаць настаўнікам фізікі зусім не думала, тэхнічнай творчасцю не захаплялася. Ды і фізіка ў лік любімых яе школьных прадметаў не ўваходзіла. Пра нялёгкі настаўніцкі хлеб ведала добра, бо дзядуля шмат гадоў адпрацаваў у школе. Ён Святлану не раз клікаў у прафесію, агітаваў, але дзяўчына заўсёды аднеквалася, упарцілася, казала, што не ўяўляе сябе за стосам сшыткаў, з крэйдаю ля дошкі, указкаю ў руках. Дзядуля пры кожным зручным моманце размову абавязкова пераводзіў на школьную тэму. Святлана лавіла сябе на думцы, што калі ўгаворы працягнуцца, то, можа, і не стрымаецца і падасца ў педагогі. Усё ж такі недзе там, у глыбіні душы, яна была не супраць працаваць у школе. Дзед, усміхаючыся, не раз гаварыў: “Ты, Святлана, усё роўна станеш настаўніцай. Ад свайго лёсу не ўцячы”. Яго словы быццам напрарочылі, бо так пазней склаліся жыццёвыя абставіны, што ўсё ж такі стала педагогам, аддаўшы 30 гадоў настаўніцкай справе. І цяпер аб гэтым зусім не шкадуе. Святлана Міхайлаўна лічыць, што толькі той, хто выбраў педагагічны шлях асэнсавана, услядомлена, для каго настаўнік – не проста прафесія, а стан душы, лад жыцця і думак, можа заставацца верным гэтай адказнай справе не адзін год.

– У мяне ёсць любімая работа, якая прыносіць задавальненне, вучні, якія радуюць сваімі поспехамі, цудоўныя калегі, якія ў любую хвіліну падтрымаюць, падкажуць, параяць, – гаворыць Святлана Міхайлаўна. – Таму на работу сапраўды іду як на свята, бо ведаю: я патрэбна вучням, асабліва – свайму ужо 11 “А” класу, дзе з’яўляюся класным кіраўніком, а таксама іх бацькам і калегам. Цяпер не ўяўляю, як можна пражыць без школьнага гоману, цікаўных і дапытлівых хлопцаў і дзяўчат. Яны даюць стымул да творчасці, самаўдасканальвання  і сама­развіцця. Сярод іх забываю пра свае турботы і маладзею душой (усміхаецца).

З самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці Святлана Пуціна шукала адказы на пытанні “Як зрабіць сваю работу найбольш выніковай?”, “Як навучыць дзяцей ра­зумець сутнасць фізічных з’яў і законаў, каб яны маглі выкарыстоўваць набытыя веды на практыцы, рашаць творчыя заданні, выконваць даследчыя праекты, паспяхова ўдзельнічаць у алімпіядах, конкурсах і паказваць добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні?” Пошук адказаў на іх прывёў Святлану Мі­хайлаўну да стварэння ву-чэбна-трэніровачнага комплексу для трэнінгу вучняў па рашэнні фізічных задач рознымі спосабамі.

– Мая задача – апрабацыя розных прыёмаў, якія дазваляюць лёгка запамінаць тэарэтычны матэрыял, неабходны для рашэння задач і назапашвання матэрыялу для практычнага выкарыстання на ўроку з мэтай павышэння эфектыўнасці навучання, – расказвае Святлана Пуціна. – Імкнуся зрабіць больш даступным і цікавым вывучэнне фізікі, спрабую абудзіць творчую думку дзяцей, выка­рыстоўваючы розныя падыходы да рашэння задач і развіваючы здольнасць ба­чыць і разумець навакольны свет, вучу аналізаваць і сінтэзаваць яго з’явы, ставіць перад сабой пытанні і задачы, умець рашаць іх самастойна.

– Святлана Міхайлаўна, з чаго складаецца поспех у вашай педагагічнай дзейнасці?

– Адназначна, напэўна, адказаць нельга. У кожнага настаўніка будзе свой “рэцэпт”, выпрацаваны і замацаваны гадамі. Галоўнае ў тым, што педагог і вучні павінны ўмець слухаць, чуць і разумець адзін аднаго. Настаўнік павінен быць добрым, шчырым, справядлівым, выдатна ведаць свой прадмет, мець пачуццё гумару, бязмежнае цярпенне, быць тактоўным, неабыякавым да дзяцей. А яшчэ вельмі важна ў любой сітуацыі быць аптымістам, вучыць дзяцей уласным станоўчым прыкладам. Лічу, што педагогу неабходна “ўлюбіць” вучняў у сябе,  а затым і ў сам прадмет.

– Пра што, на Ваш погляд,  павінен памятаць настаўнік, ідучы на ўрок?

– У першую чаргу пра стварэнне сітуацыі поспеху на кожным уроку. Яна заўсёды стварае матывацыю.

Я ўпэўнена, што настаўнік, ідучы на любы ўрок, так павінен прадумаць, спланаваць і правесці яго, каб вучню было цікава, а па магчымасці і займальна. Цікавае абвастрае зрок, актывізуе думку, абуджае творчасць. Толькі такі ўрок будзе выніковым.

Святлана Пуціна таксама лічыць, што павышэнню якасці ведаў вучняў спрыяе і выкарыстанне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій на ўроках фізікі, бо гэта – адзін са сродкаў актывізацыі пазнавальнай дзейнасці на розных этапах працэсу навучання.

*  *  *

Да вяршынь майстэрства Святлана Пуціна ішла не адзін год.

Пасля заканчэння Ляснянскай СШ Баранавіцкага раёна дакументы падала ў Магілёўскі тэхналагічны інстытут, дзе планавала набыць спецыяльнасць тэхнолага харчовых прадуктаў. Паехала ў гэтую навучальную ўстанову за вышэйшай адукацыяй за кампанію разам са сваёй лепшай сяброўкай  Алай. Аднак дзяўчаты не прайшлі па конкурсе.

– Добра,  напэўна, што так склаліся абставіны, – гаворыць Святлана Міхайлаўна. – Рашэнне паступаць у Магілёў было неабдуманым крокам. Не ведаю, як склаўся б жыццёвы лёс, калі б стала тэхнолагам?

Разачараваная, заплаканая, Святлана прыехала дадому і ўладкавалася на працу нянькай у мясцовы дзіцячы сад. Менавіта тут канчаткова выспела думка стаць настаўнікам.  Падштурхнулі да гэтага і размовы з Леанідам Пятровічам Ціханавым, дырэктарам  школы, дзе вучылася дзяўчына. Ён гаварыў, што ёй неабходна паступаць вучыцца толькі на фізмат, бо там яе месца. Праз два гады Святлана ўсё ж  такі стала студэнткай фізіка-ма­тэматычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. На першае месца работы яна была накіравана настаўніцай матэматыкі ў Дамачаўскую СШ Брэсцкага раёна. Аднак тут затрымалася ненадоўга, бо была ўжо замужам. Хутка на пастаяннае месцажыхарства яна пераязджае да мужа Алега ў Маларыту і ўладкоўваецца на працу спачатку ў Хаціслаўскую СШ, а потым – у СШ №1 райцэнтра.

Напачатку педагагічнай дзей­насці ў Святланы Пуцінай былі  разачараванні, няўдачы. Але яны ніколі не адбівалі ахвоту працаваць, а наадварот, стымулявалі, падштурхоўвалі да пошуку новых ідэй. Маладая настаўніца знаходзіла і спрабавала прымяняць у прак­тыцы тое, што давала станоўчы вынік. Для гэтага ёй  спатрэбіўся не адзін год штодзённай працы над сабой. Павага,  давер, аўтарытэт,  захап­ленне вучняў фізікай і добрыя іх вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, прызавыя месцы на раённых алімпіядах, канферэнцыях (конкурсах)  даследчых работ, – вынік яе нястомнай  штодзённай працы. Апошняе таму пацвярджэнне – Дыплом ІІІ ступені на абласной канферэнцыі (конкурсе даследчых работ) вучняў “З навукай у будучыню” за работу “Кантрольная закупка малака”, якую падрыхтавалі Ульяна Шпетная і Кацярына Кучарук пад кіраўніцтвам С.М.Пуцінай. Настаўніца таксама дзеліцца вопытам работы з калегамі.  Поспехам карыстаўся, напрыклад, праведзены ёю майстар-клас падчас двухдзённага абласнога семінара загадчыкаў раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў аддзелаў па адукацыі.

Святлана Пуціна ніколі не абмя­жоўваецца толькі правядзеннем урокаў.  У яе  многа цікавых задумак і ідэй для  вучняў. Настаўніца разам з дзецьмі ўсюды. У захапленні ад свайго класнага кіраўніка і яе ўжо “фізіка-матэматычны” 11 “А” клас.  Шмат уражанняў і станоўчых эмоцый пакінуў у хлопцаў і дзяўчат нядаўні амаль 30-кіламетровы пешы паход на возера Меднае (Брэсцкі раён).  Былі тут і касцёр, і песні пад гітару.

 Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий