Ажыў агонь бацькоўскага жытла

Нядаўна адпачывала ў санаторыі “Сасновы бор”, што за Радашковічамі непадалёк ад Маладзечна. Неяк з сяброўкай зрабілі экскурсію па вёсцы, якая побач з санаторыем, і былі прыемна здзіўлены. Чым? Высокай культурай быту, дыхтоўнымі сучаснымі дамамі амаль ва ўсёй вёсцы, а калі і не дыхтоўнымі, дык вельмі дагледжанымі. Каля кожнага з іх – кветкі, акуратненькія градачкі, абавязкова малады сад. Як нам расказалі, у вёсцы мала засталося карэнных сяльчан, тут усё больш прыезджыя, дачнікі, у асноўным з Мінска.
— Усе старыя пустыя дамы, — расказваў нам дзядуля, адзін з нямногіх карэнных жыхароў, — у нашай вёсцы скупілі. І добра, бо і зямля вакол іх не пустуе, пустазеллем не зарастае, і вёска прыгажэйшая стала – памаладзела.
Між іншым, многія нашы вёскі цяпер маладзеюць, прыгажэюць і ажываюць дзякуючы дачнікам з горада. І апошніх зразумець можна. Часам так надакучвае штодзённая гарадская мітусня, душа сама просіцца куды-небудзь у ціхае спакойнае месца, і цябе не страшаць ні далёкія кіламетры, ні нязручнасці, абы маральна адпачываць.
Святлане Васільеўне Назарук, якая з маладосці жыла ў Кобрыне, і, пайшоўшы на пенсію, захацела разам з мужам пераехаць жыць куды-небудзь у вёску (тым больш, што з жыллём у горадзе існа­валі пэўныя праблемы), не давялося шукаць дзе-небудзь у вёсцы запусцелы дом, каб выкупіць яго пад дачу, бо ў Звозах пуставаў бацькоўскі.
— 14 гадоў тут ніхто не жыў, — расказвала Святлана Васільеўна. – Бацькі памерлі, брат і сёстры сваё жыллё маюць, таму гэтая хата пуставала. А калі нехта з нас тут і быў, дык толькі наездам.
Прывялі ў парадак дваровую тэрыторыю, давялі да ладу ўласную лазню, што некалі была пабудавана ў двары, разбілі агародзік, сыны пладовыя дрэўцы тут пасадзілі, папрышчэплівалі на старых новыя. А Святлана Васільеўна разбіла прыгожыя клумбы, насадзіла мноства кветак, якія так пераўтварылі дваровую тэрыторыю. Словам, у бацькоўскім доме зноў забурліла жыццё.
Святлана Васільеўна расказвала:
— Цяпер, калі прыязджаю ў Кобрын, знаёмыя пытаюцца: “І як ты там у вёсцы? Ужо ж адвыкла ад усяго. Ці хоць помніш, як печ распальваць трэба?” Калі трэба, навучышся ўсяму, кажу ў адказ. Ніколі касу ў руках не трымала, а трэба было, і касіць навучылася. Купіла спецыяльны посуд для печы, навучылася не толькі яе распальваць і паліць, але і стравы гатаваць. І прызнаюся вам: пабыўшы ў родным доме доўгі час, цяпер у горадзе больш чым два дні затрымлівацца не магу: хачу назад сюды, у родную вёску. І дзецям маім тут падабаецца, і нявесткам, і ўнукам. Яны кожныя выхадныя сюды прыязджаюць, асабліва летам. Тут жа сапраўды прастор і для цела, і для душы, і для рук. Было б толькі жаданне працаваць. Нам бы яшчэ рамонт у хаце зрабіць, — казала Святлана Васільеўна, — і можна смела жыць. Вось і клубніцы свае паспелі, грыбы і ягады хутка ў лесе будуць, а ён побач, і гародніну сваю пасадзілі. А астатняе купім у магазіне, аўталаўка ж сюды рэгулярна прыязджае.
А галоўнае, што ў вёсцы Святлана Васільеўна не чужая. Ёй не трэба прывыкаць да людзей, да тутэйшых звычак і традыцый. Яна тут свая, бо нарадзілася і вырасла ў Звозах. Ведаюць вяскоўцы яе з маленства і рады, што яшчэ ў адной хаце, якая пуставала, вечарам гарыць святло, чуваць людскую гаворку, што зноў ажыў агонь бацькоўскага жытла.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Святлана НАЗАРУК з в. Звозы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!