Германіі — пра Беларусь

Святлана Хальпукова, настаўніца раённай гімназіі, у складзе дэлегацыі прадстаўляла Беларусь на 33-ім міжнародным экуменічным форуме “Дзень цэркваў”. Ён традыцыйна праводзіцца раз у 2 гады. Сёлета ў форуме бралі ўдзел прадстаўнікі амаль 20 краін свету. На працягу 5 дзён у Дрэздэне (Германія) арганізатары прапаноўвалі пабываць на царкоўных службах розных канфесій, выказаць свой пункт гледжан­ня ў час правядзення круглых сталоў і акцый па глабальных праблемах сучаснасці, абмяняцца думкамі і адрасамі. Мэта мерапрыемстваў – аб’яднаць намаганні ўсіх людзей у захаванні міру на зямлі. На форуме працавала некалькі секцый.
-Наша дэлегацыя была акрэдытавана ў групе “Летняя школа”, — гаворыць Святлана Раманаўна. – На нямецкай мове, якая афіцыйна лічылася адной з рабочых, нам неабходна было своеасабліва, арыгінальна і запамінальна прадставіць Беларусь, расказаць пра праблемы, звязаныя з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Акрамя таго, мы звярталі ўвагу прысутных на асаблівасці праваслаўнай царквы, яе традыцыі, адметнасці. Удзельнікі таксама цікавіліся работай нашага маладзёжнага цэнтра “Рыта”, праектамі, у якіх прымаем удзел і арганізоўваем самі. Бо асноўная мэта дзейнасці ГА “Беларускі дабрачынны фонд “Дзецям Чарнобыля”, членам якога з’яўляецца МЦ “Рыта”, — імкненне зрабіць так, каб наша жыццё стала хоць крышку лепшым. Нам хочацца ў паўсядзённасць дадаць светлых фарбаў, шчырасці, дабрыні.
І вось удзельнікі форуму слухаюць аповед пра Беларусь. Многія былі шчыра здзіўлены, што яна мае такую самабытную і непаўторную народную культуру, такое багацце і разнастайнасць. Асабліва прысутных зачараваў касцюм маларыцкага строю. У ім Святлана Хальпукова выглядала сапраўднай пекнай паненкай.
-Касцюм для мяне падабрала з калекцыі раённага Цэнтра народнай творчасці яго дырэктар Валянціна Струнец, — кажа Святлана Раманаўна. – Усе былі ў захапленні ад прыгажосці народнага адзення, яго прадуманай кампазіцыі, арнаменту, які вышыты крыжыкам. На Захадзе такія рэчы сёння вельмі цэняцца і маюць вялікі кошт.
Калі расказвалі пра Беларусь, многія цікавіліся, дзе яна знаходзіцца. Свае словы наша дэлегацыя пацвярджала нагляднымі фактамі. Вельмі спадаба­ліся прысутным народныя песні. Святлана Хальпукова дуэтам выканала “Купалінку”. Прыгожыя чыстыя галасы, меладычная, лірычная песня і беларуская мова падкупілі слухачоў шчырасцю і пранікнёнасцю. А песню “Ох, і сеяла Ульяніца лянок” падхапіў не адзін чалавек у зале. Аднак кульмінацыяй, напэўна, стала частаванне ўдзельнікаў форуму традыцыйнай ежай беларусаў.
-Нічога мудрагелістага выдумляць мы не сталі, — усміхаецца мая субяседніца. – Ніякіх вытанчаных страў не гатавалі і не везлі з сабою. На “ўра” пайшлі звычайныя салёныя агуркі, хатняя каўбаса, цыбуля і… маларыцкае сала. Усе елі і смакавалі. Гэта – проста, натуральна і карысна для здароўя. Не меншым поспехам карысталіся і беларускія напоі. У канцы свайго выступлення-прадстаўлення прысутным мы падарылі сувеніры.
Р.S. У Германіі Святлана Хальпукова пабывала не першы раз. Там у яе многа сяброў і знаёмых. Святлана Раманаўна гасцюе ў Нямеччыне амаль штогод. І ў першую чаргу з радасцю едзе туды для таго, каб была моўная практыка з носьбітамі той мовы, якую выкладае ў гімназіі. Толькі так можна ўлавіць усе нюансы, адметнасці і тонкасці нямецкай мовы.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий