«Усякае зло павінна быць пакарана» Успаміны Кацярыны Сыч аб акупацыі і супрацьстаянні нацыстам (Маларыцкі раён)

Пра Вялікую Айчынную вайну Кацярына Аляксандраўна Сыч з вёскі Старое Раматова гаварыць не любіць, як і глядзець кінастужкі на ваенную тэматыку. Занадта многа гора і няшчасця ёй і яе бацькам давялося перажыць, тры гады знаходзячыся пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.
Кацярыне Масюк (дзявочае прозвішча) споўнілася ўсяго толькі трынаццаць гадоў, як яна пачала дапамагаць партызанам. Нягледзячы на ўзрост, дзяўчынка хадзіла ў варожыя гарнізоны і здабывала розныя звесткі для партызан. Дарэчы, у партызанскім атрадзе змагаўся з ворагам і яе старэйшы брат Мікалай.

Кацярына Сыч з любімымі ўнукамі Антонам і праўнукам Мацвеем. Фота райгазеты «»

— Тады я, здаецца, нічога не баялася, — прыгадвае сваё ваеннае дзяцінства шаноўная Кацярына Аляксандраўна. – Неаднойчы паказвала дарогу дыверсійным групам партызан, якія ішлі ўзрываць варожыя цягнікі. Хаця ведала, што ў любую хвіліну немцы маглі расстраляць не толькі мяне, але і ўсю сям’ю. Кожны дзень мог стаць апошнім. Вядома, бацькі страшна перажывалі, асабліва маці, якая начамі не спала, чакаючы мяне з задання.

Часта дзяўчынка выручала народных мсціўцаў, якія захапляліся яе смеласцю і адвагай і называлі ласкава: “Наша адважная Кацярынка”. Пагадзіцеся, не кожны нават дарослы чалавек адважыцца цёмнай ноччу прайсці праз багну і лясны гушчар, або пайсці ў нямецкі гарнізон. А яна дабывала неабходныя звесткі. Аднак, не ўсе былі такімі адданымі і адважнымі, як Кацярына. Сярод сваіх жа аднавяскоўцаў аказаліся здраднікі. Восенню 1942 года падчас карных аперацый ад рук фашыстаў загінула больш за трыццаць вяскоўцаў. За ваколіцай Старога Раматова, у лесе, выкапаўшы агульную магілу, карнікі расстралялі цэлыя сем’і. Спіс ахвяр, якія былі звязаны з партызанамі, склаў і перадаў немцам солтыс. У тым спісе смяротнікаў сям’і Аляксандра Масюка не значылася.

— У той страшны дзень ва ўрочышчы Пажарніца назаўсёды засталася ўся сям’я майго дзядзькі Рамана Масюка, — амаль скрозь слёзы ўзгадвае Кацярына Аляксандраўна. – Загінулі мае стрыечныя сястрычкі і брат. Уцячы не было як: вёску загадзя акружылі карнікі. Сабраўшы ў адным месцы тых, каго не расстралялі, нямецкі афіцэр абвясціў, што такі лёс чакае кожную сям’ю, якая будзе дапамагаць партызанам. А ад магілы яшчэ пэўны час даносіліся жудасныя стоны: гэта ад страшнай смерці пакутавалі параненыя і жывыя людзі, якіх карнікі ўкінулі ў ямку. Балюча было і ад таго, што ніхто не мог няшчасным дапамагчы, магілу вартавалі нацысты.

Усякае зло павінна быць пакарана. Не абмінула смерць і солтыса, што загубіў столькі нявінных людзей, сярод якіх былі і немаўляты. Як прыгадвае былая сувязная Кацярына Аляксандраўна, апошнія хвіліны здрадніка спасціглі на дарозе ў Вялікарыту , калі той вёз чарговы спіс людзей, сярод якіх была і сям’я бацькі Кацярыны Аляксандра Масюка.

— Забіў матычкай нямецкага памагатага сувязны партызанскага атрада Свянціцкі, — кажа бабуля. – Калі б не гэты выпадак, то і мне разам з роднымі наканавана было легчы ў сырую зямельку.
Смерць хадзіла за Кацярынай літаральна па пятах, здавалася, дзяўчынка нават адчувала яе халоднае дыханне. Снежань 1943 года мог стаць для Масюкоў апошнім у жыцці. Каця часта заходзіла да Раманюкоў, што жылі на хутары непадалёк ад вёскі і падтрымлівалі цесную сувязь з партызанамі. Кацярыне падабалася Вольга Раманюк, якая была старэйшая за дзяўчынку на некалькі гадоў і выконвала розныя сур’ёзныя заданні партызанскага атрада. Менавіта ў снежні 1943 года Вользе ўдалося ўгаварыць маладога венгерскага афіцэра і яшчэ каля дваццаці салдат перайсці на бок партызан.

— У гэтай аперацыі па вярбоўцы венграў разам з камандзірам Сырабаевым удзельнічаў і мой брат Мікалай. Партызаны, каб не выклікаць падазрэнняў, пераапрануліся ў нямецкую форму, — узгадвае Кацярына Аляксандраўна. – Забраўшы зброю і 18 венграў, Мікалай разам з Сырабаевым накіраваліся ў партызанскі атрад. Але трэба здарыцца такому, што майго брата пазнаў аднавясковец, які данёс фашыстам, што бачыў Мікалая са Старога Раматова ў нямецкай вопратцы. На наступны дзень схапілі сям’ю Раманюка і нас. Маці перад тым, як нас пачалі дапытваць, загадала ні ў чым не прызнавацца, а гаварыць, што, маўляў, нічога не ведаем, таму што ноччу спалі ўсе дома.

Іх дапытвалі і катавалі на працягу 5 дзён. З Каці і яе старэйшай сястры Веры фашысцкія вылюдкі страшна здзекаваліся, нягледзячы на тое, што гэта былі яшчэ падлеткі.

— Нам выкручвалі рукі і падвешвалі, — дрыжачым голасам расказвае жанчына. – Вяроўкі націралі да крыві рукі, было невыносна балюча, але ніхто нічога не сказаў. Некалькі дзён не магла нічога ўтрымаць, пальцы не слухаліся. З таго часу рукі і сёння баляць, нібыта нехта іх выкручвае. Потым усіх нас пагрузілі ў вагон і павезлі ў Брэст, дзе кінулі ў склеп. Яшчэ многа дзён цягнуліся допыты. Ніхто з нас не спадзяваўся, што застанецца ў жывых.

Як аказалася потым, камандзір Сарыбаеў, каб вызваліць арыштаваных, пачаў перагаворы з фашыстамі. Партызаны прапанавалі аддаць узятых у заложнікі вяскоўцаў, і ў сваю чаргу абяцалі адпусціць мадзьяр, якія пажадаюць далей служыць у немцаў. Нямецкія прыслужнікі пагадзіліся і вырашылі ўсё ж такі не расстрэльваць людзей.
— Нас прывезлі на станцыю Раматова і літаральна ўсіх павыкідвалі з цягніка, — гаворыць Кацярына Сыч. – А там ужо чакалі партызаны. Дахаты нам вяртацца ўжо не было як. Таму камандзір прапанаваў пажыць пакуль у Арлянцы, дзе для нашай сям’і была збудавана зямлянка.

Пасля вайны, калі аднавілі калгас, Кацярына Аляксандраўна да пенсіі працавала ў сельскай гаспадарцы. Умее яна і касіць, і араць, і каня ў воз запрэгчы. Працы ніякай жанчына не цуралася, рабіла ад душы, каб потым не сорамна было людзям у вочы глядзець. Спрытная, увішная, яна не магла ўсядзець на адным месцы, таму і хадзіла ўвесь час у перадавіках. А пра вайну Кацярына Аляксандраўна хацела забыць, яна не шукала сабе славы. Адзінае, аб чым яна прасіла і маліла лёс, – гэта, каб яе дзеці ніколі не ведалі тых жахаў, што давялося перажыць яе пакаленню.

Яна разам з мужам Міхаілам Аляксандравічам, які 40 гадоў адпрацаваў лесніком, паднялі на ногі дваіх хлапчукоў і дачушку. Ды толькі вось восень жыцця ім не наканавана сустракаць разам. Заўчасна пайшоў з жыцця Міхаіл Аляксандравіч, не нацешыўся ўнукамі ды праўнукамі. Кацярына Аляксандраўна толькі ў 2000-м годзе атрымала пасведчанне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Зараз былая сувязная жыве разам з дачкой Вольгай, якая клапоціцца аб сваёй старэнькай матулі. На лета да бабулі ў Старое Раматова прыязджаюць пагасцяваць унукі ды праўнукі. Кожны год на 9 Мая за святочным сталом збіраецца ўся вялікая сям’я. Для Кацярыны Сыч і яе родных і блізкіх гэты дзень свяшчэнны.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий