Нотка арыгінальнасці ў мелодыі кабінета

Чалавек творчы, з мастац­кім густам, нават з самага простага матэрыялу, дрэва гэта ці папера, зможа зрабіць сапраўдны шэдэўр. У гэтым, наведваючы адзін за другім вучэбныя кабінеты Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў, пераканалася журы агляду-конкурсу кабінетаў, у якое ўвайшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей, спецыяліст упраўлення культуры Таццяна Ахрэмук, начальнік аддзела культуры Андрэй Гарбацэвіч і дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Ірына Пятрухіна.
Якім павінен быць кабінет, дзе дзіця не проста будзе авалодваць уменнем іграць на тым ці іншым музычным інструменце, а зможа развіць свой талент? Утульным і эстэтычна прыгожым – у адзін голас адкажуць настаўнікі, бо толькі такая атмасфера і вучня, і самога настаўніка можа настроіць на творчасць. Безумоўна, ёсць рэкамендацыі, якія патрабуюць наяўнасці ў кабінеце стэнда з інфармацыяй, бібліятэкі нот, інструкцый і іншай дакументацыі. А ўсё іншае залежыць менавіта ад фантазіі выкладчыка. А яна, як паказаў конкурс, у педагогаў Маларыцкай школы мастацтваў вельмі багатая.
… Па ўтульнай лесвіцы журы падымаецца на другі паверх. Менавіта адсюль стартуе агляд-конкурс. Першы кабінет – клас цымбалаў. Дзверы яго гасцінна адчыняе настаўніца Наталля Забеліна. Журы ўважліва знаёміцца з партфоліа выкладчыка. Яно не можа не ўразіць, бо многія вучні Наталлі Валер’еўны былі ўдзельнікамі і дыпламантамі розных музычных конкурсаў. Творчы настаўнік, які валодае трыма музычнымі інструментамі (цымбаламі, домрай і гітарай), прапануе журы паглядзець вырабленыя сваімі рукамі плакаты, па якіх дзеці вывучаюць азы музычнага майстэрства, дэманструе багатую бібліятэку нотных зборнікаў.
— Мне б не хацелася спыняцца на дасягнутым. З дзецьмі мы стараемся арганізаваць ансамбль цымбалістаў. У перспектыве хацелася б, каб у ансамблі на цымбалах ігралі разам і вучні, і настаўнікі, – шчыра дзеліцца ў размове педагог.
Нямала планаў і цікавых задум і ў педагога па класу фартэпіяна Алы Кавалевіч. Перспектыўная настаўніца і выдатны канцэртмайстар таксама знаёміць журы са сваімі напрацоўкамі. А ў гэты час сваёй чаргі сустракаць гасцей чакае кабінет флейты. І тут ёсць што паказаць настаўніцы Аксане Палянскай. У першую чаргу немалую бібліятэку аўдыякасет і дыскаў, якая дапамагае зрабіць урокі цікавымі, насычанымі, узняць настрой. Ініцыятыўны педагог умее захапіць вучняў, якія з канцэртамі ахвотна выхо­дзяць у дзіцячыя калектывы.
Наступны кабінет, дзе гаспадарыць выкладчыца па класу фартэпіяна Таццяна Хутарная, зноў уражвае сваёй асобай творчай атмасферай. Рэжысёрскі падыход педагога адчуваецца ва ўсім: і ў стварэнні багатага партфоліа, у якім метадычныя распрацоўкі, сцэнарыі конкурсаў, адкрытыя ўрокі, шматлікія граматы і дыпломы, і ў афармленні стэндаў, дзе ў здымках сабрана ўся гісторыя фартэпіяна, і нават у афармленні інтэр’еру.
— Каб у дзіцяці развіваўся эстэтычны густ, яно павінна навучыцца заўважаць прыгожае, — дзялілася думкамі Таццяна Міхайлаўна.
Адным з элементаў прыгажосці ў яе кабінеце з’яўляецца “музычнае” дрэва, якое дзеці разам з настаўніцай апранаюць, адпаведна кожнай пары года, у новае адзенне. Ствараючы прыгожае, юныя музыканты, на думку настаўніка, далучаюцца да мастацтва.
Свой асаблівы стыль, як адзначыла журы, мелі кабінеты настаўніцы па класу скрыпкі Ірыны Горнік, настаўніцы па класу домры Наталлі Лашак, настаўніцы па класу фартэпіяна Маргарыты Мандровай, настаўніцы харэаграфіі Святланы Пятручык, выкладчыка музычна-тэарэтычных дысцыплін Сяргея Крэня. А вось клас эстраднага аддзялення Вікторыі Ляўчук увогуле заслужыў асаблівую ўвагу. Маладая настаўніца, якая працуе ў школе мастацтваў толькі другі год, змагла ўнесці ў інтэр’ер кабінета тэатральны каларыт. Менавіта гэты кабінет, а таксама кабінеты настаўнікаў Таццяны Хутарной і Наталлі Забелінай, па рашэнні журы, былі прызнаны лепшымі. За ўменне стварыць атмасферу творчасці педагогі былі ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі, якія пойдуць на развіццё матэ­рыяльна-тэхнічнай і вучэб­на-метадычнай базы кабіне­таў. За арыгінальнасць у афармленні кабінетаў, актыў­насць і стараннасць Граматы атрымалі таксама многія іншыя выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: журы наведвае кабінеты дзіцячай школы мастацтваў.

Добавить комментарий


https://www.etalon.com.ua

http://best-cooler.reviews

купити аккумулятор
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!