Фантан на машынным двары

«А ў нас на мехдвары фантан з’явіўся”, — патэлефанавалі ў рэдакцыю з вёскі Макраны.
Няўжо яны сышліся – фізіка з лірыкай? Цікавасць адразу паклікала па адрасу.
Яшчэ здалёк з дарогі бачна гэтае цуда. Асабліва цяпер, у спякоту, шум фантана на мех­двары СВК “Макраны” выклікае захапленне не толькі мясцовых работнікаў, але і ўсіх жыхароў. А за гэтым стварэннем, аўтарамі якога сталі загадчык машыннага двара Сяргей Любчык і галоўны інжынер Міхаіл Горнік, штучны вадаём выкапалі. Вакол яго сад малады заклалі з вішні, грушы, яблыні, чорнай рабіны і парэчак. А крыху бліжэй да праезнай дарогі ад фантана над куточкам адпачынку чаруюць маладыя хлопцы – работнікі гаспадаркі. На ўзвышанай горцы ўжо стаяць каралеўскія крэслы, вырабляецца круглы стол з дэкаратыўнай шахматнай сталешніцай. Адпачывай тут, зачароўвайся шумам фантана, слухай, як шапоча лісце маладога саду, падглядвай, як гуляе рыбка ў вадзе. Здорава і прыемна.
Міжволі падумалася: калі ў людзей ёсць такое жаданне нешта ствараць, яны любяць сваю вёску, сваю гаспадарку, свой калектыў. А ці можа быць інакш: хлопцы тут нарадзіліся, выгадаваліся, абралі вясковыя прафесіі і засталіся жыць у роднай вёсцы. І Сяргей Любчык, і Міхаіл Горнік у гаспадарцы больш як па 20 гадоў.
— Цяпер тэрыторыю нашага машыннага двара не пазнаць, літаральна за 2 апошнія гады тут усё змянілася, дзякуючы ініцыятыве гэтых няўрымслівых хлопцаў, — гаворыць старшыня гаспадаркі Леанід Селех.
Пастаўлена новая агароджа, абсталяваны пакой адпачынку з дзвюма душавымі, зроблены мыйны пункт тэхнікі. Калі пад’язджаеш сюды, адразу бачны парадак.
Сяргей Любчык і Міхаіл Горнік расказалі, што ўсё зроблена сваімі рукамі, і грошай сельгаскааператыва на добраўпарадкаванне двара затрачана зусім нямнога – каля трох дзясяткаў мільёнаў рублёў.
Старанні, ініцыятыва не былі не заўважаны. Па выніках раённага агляду машынных двароў за мінулы год макранцы занялі І месца, на абласным узроўні яны таксама былі адзначаны Граматай. А Леанід Селех на справаздачным сходзе гаспадаркі ініцыіраваў намінацыю “За значную работу па добраўпарадкаванні мех­двара”, у якой Сяргей Любчык атрымаў прэмію.
Добры прыклад – заразлівы. Бадай што, нідзе ў раёне няма такой акуратнай і прыгожай тэрыторыі зернятока, як у Макранах. А зрабіў яе такой зноў жа неабыякавы і няўрымслівы чалавек Васіль Радчанка. Здавалася б, ну што там можна стварыць? Аказваецца, можна, калі ёсць жаданне жыць дастойна, працаваць так, каб ад працы атрымліваць задавальненне. Працягам добрых спраў старэйшага чалавека сталі ініцыятывы больш маладых, у якіх спрацавала інжынерная думка. А яны павінны знайсці свой працяг у жывёлаводаў, лічыць Леанід Міхайлавіч, бо на тэрыторыях ферм спраў яшчэ непачаты край.
А фантан, як прызналіся Сяргей Любчык і Міхаіл Горнік, не стаў лагічным завяршэннем добраўпарадкавання іх аб’екта. Яно і надалей будзе працягвацца — наступным этапам стане стварэнне кутка вясковага побыту. Многія “экспанаты” даўно забытых рэчаў вяскоўцаў яны здабылі ўжо… Акрамя лірыкі, тут спляцецца з фізікай і гісторыя нашых продкаў.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: галоўны інжынер Міхаіл Горнік і загадчык машыннага двара Сяргей Любчык ля свайго “стварэння”: не сталічны, вядома, фантан, але ўсё ж такі…
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!