Прафесія для прынцыповых і дапытлівых

Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта БДзУ брэстаўчанка Хрысціна Машавец атрымала накіраванне ў Маларыту. Амаль год працуе яна памочнікам пракурора ў пракуратуры раёна. Ініцыятыўная, дапытлівая, камунікабельная, за невялікі тэрмін яна праявіла свае лепшыя прафесійныя якасці і, самае галоўнае, не расчаравалася ў выбары прафесіі, якую многія лічаць не жаночай.
— Хрысціна Васільеўна, прафесія юрыста была марай з дзяцінства?
— Так, сапраўды марай з дзяцінства. Мой тата працаваў у міліцыі, яго работа мне здавалася вельмі цікавай, а таму ў выбары прафесіі не вагалася. У час вучобы на юрыдычным факультэце зацікавілася крымінальным правам і, калі трэба было выбіраць спецыялізацыю, аддала перавагу судова-пракурорска-следчай дзейнасці.
— Значыць яшчэ ў час вучобы Вы вырашылі, што будзеце працаваць у пракуратуры?
— Зрабіць выбар, дзе працаваць: у міліцыі, су­дзе ці пракуратуры, трэба было пры размеркаванні. На той час у мяне ўжо не было сумненняў, я цвёрда была ўпэўнена ў тым, што менавіта пракурорская работа – справа для сапраўдных юрыстаў, бо яна рознабаковая, у ёй задзейнічаны ўсе сферы.
— За год работы не расчараваліся ў выбары?
— Не, наадварот, пераканалася, што гэтая прафесія вельмі цікавая. Думаю, значную ролю тут адыграў калектыў, які ў нас невялікі, усяго 8 чалавек, але вельмі дружны. Маладому спецыялісту, які толькі прыйшоў у калектыў, каб адапціравацца, вельмі важна адчуць падтрымку. Мяне ўразіла атмасфера дружалюбнасці і жаданне кожнага прыйсці на дапамогу. Прыкладам у рабоце і добрым настаўнікам з першых дзён для мяне стаў пракурор Міхаіл Міхайлавіч Зубік. Заўжды адчувала дапамогу і многаму вучылася і ў намесніка пракурора Юрыя Андрэевіча Федарука, якому, між іншым, гэтымі днямі быў прысвоены чарговы класны чын малодшага саветніка юстыцыі. Лічу, што з калектывам мне вельмі пашанцавала, як, думаю, і ўвогуле з прафесіяй.
— Чалавек, які наглядае за парадкам і законнасцю, сам павінен быць дысцыплінаваным. Цяжка быць патрабавальнай да сябе?
— Цяжка было першыя месяцы пасля студэнцкага жыцця. Сама работа і разуменне таго, што ты павінен усё выканаць і, патрабуючы ад іншых, у першую чаргу патрабаваць ад сябе, дысцыплінуе, змяняе характар, прычым у лепшы бок.
— Юрыдычныя факультэты навучальных устаноў заўжды вызначаюцца высокім конкурсам. Якімі якасцямі характару, на ваш погляд, павінен валодаць юрыст?
— Усё залежыць ад спецы­фікі работы. Адвакат, да прыкладу, павінен быць актыўным, камуніка­бельным, для пракурорскага работніка вель­мі важнымі рысамі з’яўляюц­ца дапытлівасць, уменне заўважыць кожную дробязь, тактоўнасць і абавязкова прынцыповасць.
— Чаму навучыліся за год работы?
— Думаю, многаму яшчэ трэба вучыцца, але вопыт работы набыла ўжо немалы. Самае галоўнае, навучылася зносіцца з людзьмі, дабівацца пастаўленай мэты, арганізоўваць сваю работу, значна дапоўніла свае юрыдычныя веды. Але ў нашай прафесіі нельга спыняцца на дасягнутым.
— Пракурор на судзе, як вядома, — бок абві­навачння. Але гэта толь­кі частка работы праку­рорскіх работнікаў. Якія яшчэ абавязкі ўскладзены на пракуратуру?
— Работнікі пракуратуры вядуць нагляд за выкананнем заканадаўства ва ўсіх сферах, падтрымліваюць у судзе дзяржабвінавачванне, прад’яўляюць іскі ў інтарэ­сах грамадзян, юры­дыч­­­ных асоб, дзяржавы, удзель­нічаюць у грамадзян­скіх працэсах, правяраюць, як выконваюць законы дзяржаўныя органы, праводзяць расследаванне крымінальных спраў, нагляд за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі. Гэты пералік можна яшчэ працягваць і працягваць.
— У вашай рабоце эмацыянальнасць – гэта перашкода?
— Калі размова ідзе пра судовы працэс ці праверку выканання заканадаўства, тут патрэбна аб’ектыўная ацэнка, а не эмоцыі, апошнія могуць толькі перашкодзіць. А калі чалавек прыходзіць на прыём са сваёй праблемай, важна, каб ён адчуў суперажыванне, падтрымку.
— А што самае прыемнае ў рабоце?
— Прыемна разумець, што ты дапамог чалавеку, які трапіў у, здавалася б, тупіковую сітуацыю. Прыемна бачыць вынік сваіх намаганняў, праўда, не тады, калі па выніках праверкі некага даводзіцца пакараць, ад гэтага наадварот прыкра на душы, а калі у час чарговай праверкі бачыш, што ўсе памылкі і ранейшыя заўвагі папраўлены і ўсё добра. Між іншым, момантаў прыемных шмат, і ў гэтыя моманты проста ўдзячна лёсу, што дапамог абраць менавіта такую прафесію.
— Што ж, шчыра віншуем і Вас, і ўвесь калектыў пракуратуры раёна з прафесійным святам, поспехаў Вам і вашым калегам.
Гутарыла Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: памочнік пракурора раёна Хрысціна МАШАВЕЦ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


kompozit.ua

別れさせ屋 大阪

также читайте kapli.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!