У ахове працы дробязяў няма

На семінар, які прайшоў у рамках раённага Дня аховы працы, сабраліся разам, каб абмеркаваць асноўныя накірункі работы па папярэджанні вытворчага траўматызму, спецыялісты па ахове працы і кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна. Удзельнікаў семінара чакала знаёмства з работай па стварэнні бяспечных умоў працы ў трох вытворчых калектывах: Маларыцкай ПМК-20, ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас” і СВК “Рыта”. Назіраць, вучыцца, каб потым наладзіць сваю работу, узяўшы за аснову ўсё лепшае ў рабоце калег, – такая задача ставілася арганізатарамі семінара перад яго ўдзельнікамі.

БЫТАВЫЯ ЎМОВЫ — НЕ ДРОБЯЗЬ
Першы аб’ект, куды накіраваліся ўдзельнікі семінара – будаўнічая пляцоўка па вуліцы Несенюка ў горадзе. Тут ужо некалькі месяцаў ідзе будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома, які ўзводзіцца па новай тэхналогіі. Пасля кароткага знаёмства з самой будоўляй начальнік ПМК-20 Валерый Масюк запрашае ўсіх паглядзець на бытавыя ўмовы, створаныя для будаўнікоў. Некалькі хвілін хапае для таго, каб пераканацца, што на будаўнічай пляцоўцы для людзей, якія тут працуюць, ёсць усё: і бытоўкі, дзе можна схавацца ад дажджу, нагрэць у чайніку ваду, а ў мікрахвалёўцы – узяты з сабою абед, і душавыя, і туалет з рукамыйнікам. Калі раней, як адзначалі гаспадары аб’екта, такія ўмовы былі далёка не на кожным будаўнічым участку, цяпер – гэта ўжо абавязковая ўмова. І вынік відавочны: чалавек, які адчувае клопат пра сваё здароўе, аддае працы значна больш сіл. Але стварэнне бытавых умоў – гэта толькі адна з састаўных частак работы па ахове працы. У будаўнічай арганізацыі думаюць і пра тое, як забяспечыць работнікаў сродкамі індывідуальнай засцярогі, набыць спецадзенне, кампенсаваць работу ў шкодных умовах. На ўсё гэта запланавана выкарыстаць больш за 200 мільёнаў рублёў.

НА ДАПАМОГУ ПРЫХОДЗІЦЬ ТЭХНІКА
Кабінет для заняткаў па тэхніцы бяспекі працы, які запрасіў наведаць удзельнікаў семінара дырэктар Маларыцкага лясгаса Уладзімір Афанасенка, выклікаў шчырую зайздрасць у многіх спецыялістаў, адказных за ахову працы. Сучасныя стэнды, магчымасць размясціць адразу некалькі дзясяткаў слухачоў дазваляюць пастаянна праводзіць заняткі з тымі, хто працуе ў лесе.
Работа лесаруба ўваходзіць у лік найбольш небяспечных прафесій. Для таго, каб зменшыць небяспеку траўміравання, у лясгасе праводзіцца паступовы перавод вальшчыкаў лесу на індывідуальны метад работы, які дае магчымасць, пры дапамозе сучаснага абсталявання і захаванні ўсіх умоў, спраўляцца з работай самастойна, без памочніка, што дазваляе пазбегнуць выпадкаў траўміравання, якія здараліся пры няўзгодненых дзеяннях лесаруба і яго памочніка.
Дробязяў у ахове працы чалавека любой прафесіі, і тым больш той, што звязана з рызыкай, няма. Гэта добра разумеюць у лясгасе, а таму ў першую чаргу клапоцяцца пра экіпіроўку людзей, якія працуюць у лесе. Дбаюць тут і пра тэхнічнае пераабсталяванне. Некалькі месяцаў назад у прадпрыемстве лясной гаспадаркі з’явілася новая замежная шматфункцыянальная машына “Харвестар” з камп’ютарным кіраваннем. Нарыхтоўваючы ў дзень па 40 кубоў драўніны, яна дазваляе замяніць работу некалькіх дзясяткаў вальшчыкаў. Перавага гэтай машыны не толькі ў прадукцыйнасці, але і ў захаванні камфортных і бяспечных умоў. У кабіне “Харвестара”, дзе ёсць кандыцыянер, машыніст абаронены ад спякоты, холаду, насякомых і траўм. Набыццё такой тэхнікі, як адзначыў Уладзімір Афанасенка, — пераход на новы ўзровень вырашэння пытанняў па ахове працы.

ДА ВЫХАДУ Ў ПОЛЕ ГАТОВЫ
Усяго некалькі тыдняў застаецца да адказнага перыяду – жніва. Падрыхтоўка да любых сельскагаспадарчых работ уключае ў сябе і стварэнне бяспечных умоў працы. У СВК “Рыта” яскрава прадэманстравалі ўдзельнікам семінара, як падрыхтаваны да работ у полі камбайны гаспадаркі, якімі сродкамі супрацьпажарнай бяспекі яны забяспечаны.
Старшыня СВК “Рыта” Іван Пастушак правёў невялікую экскурсію па тэрыторыі мехдвара гаспадаркі. Убачанае стала для многіх урокам таго, як можна за кароткі час, прыслухаўшыся да нараканняў, змяніць многае ў плане работы па ахове працы і стаць прыкладам для іншых.

ПРАДПРЫЕМСТВЫ ЧАКАЮЦЬ ЗАКАЗАЎ
Штогод у рабоце раённага Дня аховы працы ахвотна прымаюць удзел швейныя прадпрыемствы вобласці. Вось і сёлета з выстаўкай сваёй прадукцыі на аб’ектах, якія наведвалі ўдзельнікі семінара, размясціліся прадстаўнікі прадпрыемстваў “Дзіона” з Маларыты і “Тэкстыльгандаль” з Кобрына. Дзясяткі мадэляў куртак і касцюмаў, халатаў і камізэлек, розных колераў, з розных тканін прапаноўвалі яны прадпрыемствам, распавядалі пра ўмовы заказаў, знаёмілі з гібкай сістэмай скідак. Кожны з удзельнікаў семінара атрымаў брашуры і прэйскуранты, якія дапамогуць з’арыентавацца ў вялікай колькасці мадэляў і цэнах.
КОЖНЫ НЯШЧАСНЫ ВЫПАДАК – ЛАНЦУЖОК ПАРУШЭННЯЎ
На пленарным пасяджэнні аб той рабоце, якая праводзілася ў раёне па стварэнні ўмоў працы на прадпрыемствах раёна, расказаў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па ахове працы Эдуард Кандзярэшка. Крыху больш за 800 мільёнаў рублёў, як адзначыў ён, было выкарыстана прадпрыемствамі раёна на ахову працы ў 2008 годзе, у 2010 годзе гэтая лічба вырасла да 1 мільёна 793 тысяч рублёў. Амаль 500 мільёнаў пайшлі на патрэбы ў ахове працы ўжо сёлета. Зроблена многае. Але, у той жа час, далёка не ўсё. Лічба забяспечанасці прадпрыемстваў сродкамі індывідуальнай аховы, як адзначалася ў выступленні, складае ў цэлым па раёне 85 %, а па сельскагаспадарчых арганізацыях увогуле толькі 77%. Найбольш нізкая яна ў СВК “Гвозніца”, “Ланская” і “Ляхаўцы”. Два апошнія сельгаспрадпрыемствы трапілі і ў лік тых, дзе далёка не ўсе аўтамабілі прайшлі тэхагляд. Дапускаць парушэнні ў пытаннях аховы працы нельга, адзначалі, далучыўшыся да размовы, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў і намеснік начальніка абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Мікалай Гуга, якія прынялі ўдзел у семінары, бо гэтыя парушэнні, склаўшыся ў ланцужок, могуць прывесці да няшчаснага выпадку.
Прычыны вытворчага траўматызму, а летась у раёне адбылося 7 няшчасных выпадкаў, з якіх 3 – з цяжкімі вынікамі, прааналізаваў галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Сяргей Хатынюк. Каб падобных выпадкаў не было, з чым згадзіліся ўсе ўдзельнікі семінара, неабходны, у першую чаргу, дысцыпліна і патрабавальнасць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час раённага Дня аховы працы.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.