Для карпаратыўных кліентаў

Маларыцкі раённы вузел паштовай сувязі правёў чарговы дзень карпаратыўных кліентаў. На сустрэчу былі запрошаны прадстаўнікі розных устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў горада.
— Мэта, — расказвае Святлана Піпко, намеснік начальніка Маларыцкага РВПС, — пазнаёміць з тымі тэхналагічнымі працэсамі і праграмнымі прадуктамі, якія на сённяшні дзень можа прапанаваць сваім кліентам наш вузел. Мы аказваем паслугі па прыёму паштовых адпраўленняў, электронных грашовых пераводаў…
Паштовая сувязь імкліва і пастаянна змяняецца. Яна адаптуецца да працы ў рыначных умовах. РВПС таксама імкнецца ісці ў нагу з часам. Прыярытэтны накірунак працы – хутка і якасна аказаць паслугу кліенту. Тут на дапамогу прыйшоў навукова-тэхнічны прагрэс. Аб магчымасці аплаты пісьмовай карэспандэнцыі “электроннай маркай” прысутных пазнаёміла старшы інструктар Вольга Кацюба. Яна расказала, што ўяўляе сабой такая марка і якія яе перавагі перад звычайнай, папяровай.
З цікавасцю была заслухана інфармацыя і аператара паштовай сувязі Ірыны Мрочкі пра службу паскоранай пошты. Гэта экспрэс-пошта для перасылкі дакументаў і тавараў па прынцыпу “сёння – на заўтра” (любы населены пункт краіны) і “сёння – на сёння” (толькі асобныя гарады і райцэнтры Беларусі). Ірына Мікалаеўна звярнула ўвагу на тое, што дастаўка па прынцыпу “сёння – на сёння” прадугледжвае: час прыёму адпраўлення магчымы толькі да 15.00. Па Маларыце прыём і дастаўка адпраўленняў паскоранай пошты на адрас юрыдычных асоб магчымы да 17.00, на адрас фізічных асоб – да 18.00. Акрамя таго, можна прасачыць шлях праходжання адпраўлення паскоранай пошты на сайце РУП “Белпошта”.
Пра спектр паслуг, якія прадастаўляе РВПС юрыдычным асобам, падрабязна расказала Галіна Брадзюк, начальнік АПС Маларыта-3. Галіна Іванаўна ў першую чаргу звярнула ўвагу на аўтаматызаваную сістэму прыёму, апрацоўкі і перадачы пераводаў партыяй праз сістэму электронных пераводаў, на аўтаматызаваную сістэму прыёму адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі партыямі. Прысутныя даведаліся і пра такія віды паслуг, як прыём і дастаўка ў офіс пісьмовай карэспандэнцыі, дастаўка безадраснай і адраснай рэкламы.
Па словах Святланы Піпко, сёння ў склад вузла паштовай сувязі ўваходзяць 2 гарадскія і 17 сельскіх аддзяленняў. Возяць пошту на Маларытчыне па 4 унутрыраённых маршрутах. Жыхары 22 населеных пунктаў абслугоўваюцца матарызаваным спосабам з прадастаўленнем усяго спектра паштовых і няпрофільных паслуг. Для рэалізацыі праграмы развіцця тэхнічнай інфраструктуры па аплаце паслуг пры дапамозе пластыкавай карткі на 14 рабочых месцах аддзяленняў ПС устаноўлены счытчыкі банкаўскіх пластыкавых картак, арганізавана прадастаўленне паслуг пры дапамозе 1 плацёжна-даведачнага тэрмінала. У 9 аддзяленнях раёна абсталяваны пункты калектыўнага доступу да сеткі Інтэрнэт, на 4 АПС можна атрымаць дылерскія паслугі па падключэнні да сеткі мабільных аператараў, а таксама прыём і выдачу ўкладаў ААБ “Беларусбанк”. Акрамя таго, функцыянуе аўтаматызаваная сістэма адсочвання на аснове штрыхавой ідэнтыфікацыі адпраўленняў, якія рэгіструюцца. Той, хто адправіў карэспандэнцыю, можа зайсці на сайт і прасачыць шлях праходжання яе з моманту прыёму да ўручэння. Святлана Аляксееўна падкрэсліла, што МРВПС за месяц апрацоўвае 18320 штук пісьмовых карэспандэнцый, 142 пасылкі, 1142 грашовыя пераводы, выплачвае 5015 пенсій і іншых розных дапамог.
Таццяна Чуль, інструктар па падпісцы, падрабязна расказала пра парадак прыёму падпіскі па перыядычныя выданні. Таццяна Сцяпанаўна акцэнтавала ўвагу на тым, што 44 паштальёны, якія працуюць у МРВПС, у месяц дастаўляюць 99480 экзэмпляраў друкаваных СМІ. Па раёне афармляецца 16090 экзэмпляраў газет і часопісаў, з іх 87,2% — па індывідуальнай падпісцы. Між іншым, каталог РУП “Белпошта” прапаноўвае больш за 7 тысяч выданняў рознай тэматычнай накіраванасці. Можна выпісаць газеты і часопісы не толькі тыя, што выдаюцца ў Беларусі, але і ў Расіі, на Украіне… У працоўных калектывах Маларытчыны таксама зафіксавана 5 грамадскіх распаўсюджвальнікаў (афармляецца 5,8% тыражу індывідуальнай падпіскі). Ім можа стаць любы чалавек, які за сваю працу атрымлівае грашовае ўзнагароджванне: 3% ад сумы прынятай падпіскі.
Напрыканцы сустрэчы супрацоўнікі РВПС далі вычарпальныя адказы на пытанні, якія ўзніклі ў прысутных.
Мікалай НАВУМЧЫК.
на здымку: у час правядзення дня карпаратыўных кліентаў у вузле паштовай сувязі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


Купить Виагра софт

best-cooler.reviews/cooler-with-speakers-ice-chest-radio/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!