В Малоритском районе артисты автоклуба и с юбилеем поздравят бесплатно

Сёння маленькія, аддаленныя ад райцэнтра вёсачкі, дзе ў асноўным пражываюць дзядулі і бабулі, не застаюцца без культурных мерапрыемстваў. І няхай у гэтых населеных пунктах зачынены мясцовыя клубы ці дамы сацыяльнага абслугоўвання, да іх са сваімі канцэртамі прыязджае аўтаклуб. Для вяскоўцаў візіт артыстаў – сапраўдная падзея і надзея на тое, што, калі над іх самабытнай вёсачкай лунаюць песні і гучыць музыка, значыць, маленькая радзіма яшчэ доўга будзе жыць у працы і радасці.

Калі зрабіць невялічкі экскурс у мінулае, то мабільная ўстанова “Аўтаклуб”, што існуе пры Маларыцкім раённым цэнтры культуры, пачала сваю дзейнасць у 2006 годзе. За 12 гадоў артысты аўтаклуба далі не адну сотню канцэртаў, правялі мноства разнастайных культурна-ас­ветніцкіх мерапрыемстваў, запі­салі шмат цікавых мясцовых абрадаў, песень ды паданняў. Іх добра ведаюць і з асаблівым нецярпеннем і замілаваннем чакаюць амаль у кожным населеным пункце раёна. Зараз нават цяжка паверыць у тое, што яшчэ некалькі гадоў таму ўзнікла пытанне аб мэтазгоднасці існавання мабільнай установы. Але час і артысты аўтаклуба даказалі адваротнае: у наш вірлівы век менавіта такія мабільныя ўстановы эканамічна функцыянальны і запатрабаваны.

— Летась мы пера­вы­каналі план па платных паслугах на 300 пра­цэнтаў, — расказвае загадчыца мабільнай установы культуры Яў­генія Наўрасюк. – Сёлета таксама перавыканаем.  Пры даведзеным плане 2 тысячы рублёў, аказваючы  паслугі, зарабілі ўжо 2 тысячы 100 рублёў.

Дарэчы,  калектыў аўта­клуба невялікі, (усяго два чалавекі), але ўлюбёны ў сваю справу, апантаны ёй. На працягу шасці апошніх гадоў загадвае мабільнай установай Яўгенія Наўрасюк, цудоўны голас якой гучыць на шматлікіх канцэртах, што ладзяцца ў вёсках і райцэнтры. Яе правая рука, памочнік і дарадца – мастацкі кіраўнік Алег Самасюк. Варта адзначыць, што ў абодвух музычная адукацыя. Праўда, Алег у свой час скончыў Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер-будаўнік, і курсы радыё­вядучага. Яўгенія – вучыцца на 4-м курсе Інстытута культуры па спецыяльнасці культуролаг-менеджар.  Яны самі пішуць сцэнарыі і праводзяць канцэрты.

— Аўтаклуб плённа су­­пра­цоўнічае з кіраў­ніцтвам сельвыканкамаў, раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, установамі культуры раёна, з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях і РАУС, — тлумачыць Яўгенія Уладзіміраўна. – Мы ладзім не толькі забаўляльныя мерапрыемствы, праводзім “ін­фармацыйныя сустрэчы”, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі роз­ных служб раёна. Рас­пра­цоўваем і новыя формы работы, імкнёмся пра­цаваць не толькі з людзьмі шаноўнага ўзросту, але і з падрастаючым пакаленнем. Напрыклад, з інтарэсам вучні раёна знаёмяцца з кіналекторыем, у якім расказваецца пра традыцыйны жаночы строй Маларытчыны. Ад­ным словам, імкнёмся ахапіць як мага большую аўдыторыю, шукаем нешта новае, праводзім апытанні і анкетаванні.

Актыўныя і крэатыўныя су­працоўнікі аўтаклуба не сядзяць у сваім кабінеце. Яны амаль заўсёды ў дарозе. Выступаюць пад адкрытым небам, у полі, сярод толькі што зжатай збажыны, або на імправізаванай пляцоўцы ў цэнтры невялічкай вёскі. У аўтаклуба ёсць аўтамабіль, укамплектаваны электрагенератарам, а таксама сучаснай гукаўзмацняльнай апаратурай. Такім чынам канцэрт можна ладзіць у любым месцы. Зімой сустрэчы самадзейных артыстаў з гледачамі адбываюцца ў кого-небудзь з вяскоўцаў у хаце. Асаблівай папулярнасцю ў вяскоўцаў карыстаюццца “Вячоркі”, калі за кубачкам гарбаты бабулі ўзгадваюць сваю маладосць, спяваюць частушкі і страдаўнія песні.

Варта адзначыць, што пры аўтаклубе дзей­­нічаюць творчыя калек­тывы, аматарскія аб’яднанні. Прычым за­пі­сацца могуць усе жадаючыя ад 16 до 60 гадоў. “Мы працягваем набор і моладзі, і дарослых у клуб вакальнага спеву, гумарыстычнага размоўнага жанру, — гаворыць Яўгенія Наўрасюк. – Заняткі праводзяцца бясплатна, дастаткова набраць нумар тэлефона +375(29) 529-54-01 і запісацца ў той ці іншы гурток”.

Мабільны Аўтаклуб вы­конвае не толькі за­баў­ляльна-ас­вет­ніцкую функцыю, але і сацыяльную, што немалаважна. Артысты аўтаклуба сустракаюцца з вяскоўцамі, размаўляюць аб жыцці, і з задавальненнем він­шуюць юбіляраў, уша­ноўваюць ста­ражылаў Маларытчыны.

— Калі ў вашых родных ці блізкіх юбілей, не саромейцеся, тэлефануйце па раней названым нумары тэлефона,  і мы абавязкова прыедзем з добрымі пажаданнямі, музыкай і песнямі, — удакладняе загадчыца аўтаклуба. – Гэтая паслуга таксама бясплатная.

Прыгожыя шчырыя сло­вы песні могуць акры­ліць чалавека, усяліць у яго надзею і нават зрабіць шэрае кастрычніцкае неба блакітна-вясновым. Таму так і чакаюць аўтаклуб у кожнай вёсачцы і да імправізаванай сцэны, абапіраючыся на кіёчкі, спяшаюцца старэнькія бабулькі. Нядаўна аўтаклуб ладзіў канцэрт “Сустрэча з сябрамі” ў Асавой. Шчырае цёплае мерапрыемства запоўніцца надоўга вяскоўцам, таму што ў многіх ад удзячнасці на вачах з’яўляліся слёзы.

— Часцей да нас прыязджайце з цудоўнымі добрымі песнямі, — такое пажаданне ад імя ўсіх вяскоўцаў адрасавала Яўгеніі Наўрасюк мясцовая жыхарка Еўдакія Дзяменціюк.

… А над Асавой лілася прыгожая і напеўная песня ў выкананні Яўгеніі Наўрасюк і Алега Самасюка “Одна родына”. Гледачы ледзьве ўся­дзелі на месцы, ногі самі так і прасіліся ў скокі.

Кацярына Яцушкевіч. Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!