Праектаванне генеральнага плана Маларыты

Першае ўпамінанне пра г. Маларыта адносіцца да 1566 г., як пра каралеўскую вёску Рыта Малая Палескай воласці Вялікага Княства Літоўскага. У 1795 г. у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Маларыта ўвайшла ў састаў Расіі і знаходзілася ў Брэсцкім павеце Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, а з 1801 г. Гродзенскай губерніі. Будаўніцтва чыгункі ў 1888 г. спрыяльна адбілася на развіцці пасялення. У 1897 г. тут пражывала 1275 жыхароў, было 203 двары, сельскае народнае вучылішча. Працавалі дзве лесапільні, шпалапрапітачны завод, цагляны завод, ветраны млын.
У 1921-39 гг. Маларыта знаходзілася ў складзе Польшчы. У 1970 г. ёй прысвоены статус горада.
У адпаведнасці з Дзяржаўнай схемай комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Рэспублікі Беларусь, распрацаванай “БелНДІП­ГОРАДАБУДАЎНІЦТВА”, па сваім функцыянальным назначэнні г. Маларыта – гэта аграпрамысловы малы горад рэгіянальнага значэння з колькасцю насельніцтва 11,7 тысячы чалавек. Адміністрацыйны цэнтр сельскагаспадарчага раёна Брэсцкай вобласці. Вытворчы, сацыяльна-культурны і адукацыйны цэнтр для супадпарадкаваных населеных пунктаў і тэрыторый.
Горад Маларыта размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы Брэсцкай вобласці на перасячэнні чыгункі “Брэст-Ковель” і аўтамагістралі “Кобрын-пагранічны пункт “Олтуш”. Знаходзіцца ў 52-х км на поўдзень ад Брэста і ў 49 км — ад Кобрына, на рацэ Маларыта.
Першы генеральны план г. Маларыты быў распрацаваны ў 1977 г. Беларускім дзяржаўным навукова-даследчым і праектным інстытутам горадабудаўніцтва.
Карэкціроўка генеральнага плана была выканана гэтым жа праектным інстытутам у 1991-92 гг., з улікам такога знешняга фактара, што ўплываў на параметры развіцця горада, як узвядзенне камбіната будаўнічых матэрыялаў на базе буйнейшага радовішча мелу паблізу горада. Карэкціроўка праведзена за кошт фінансавання КБМ, які будаваўся.
Прадугледжваліся наступныя параметры развіцця горада ў сувязі з размяшчэннем КБМ:
першая чарга – 2000 г. – рост колькасці жыхароў да 20000 чалавек;
на разліковы тэрмін дзеяння генеральнага плана – 2010 г. – рост колькасці жыхароў да 20000 чалавек;
на разліковы тэрмін да 2015 г. колькасць насельніцтва прагназавалася да 28000 чалавек.
У сувязі з геапалітычнымі падзеямі на тэрыторыі былога СССР, якія адбыліся, узвядзенне камбіната будаўнічых матэрыялаў (буйнейшага ў Еўропе) не адбылося, бо яно ажыццяўлялася Дзяржбудам СССР. Прынятыя рашэнні па развіццю горада, з улікам будаўніцтва КБМ, цяпер не адпавядаюць рэальным патрэбнасцям. Акрамя таго, мяняецца заканадаўчая база, удасканальваюцца сродкі і магчымасці будаўніцтва.
Згодна з п. 8 Графіка распрацоўкі схем комплекснай арганізацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, генеральных планаў гарадоў і іншых населеных пунктаў, горадабудаўнічых праектаў дэталёвага планавання, зацверджанага намеснікам прэм’ер-міністра РБ Бурэй В.П. ад 29 лютага 2008 г. №04/200-196, і ў адпаведнасці з рашэннем Маларыцкага райвыканкама ад 12 лістапада 2009 г. “Аб распрацоўцы генеральнага плана г. Маларыта” УП “БелНДІПГОРАДАБУДАЎНІЦТВА” ажыццяўляе распрацоўку генеральнага плана Маларыты.
Праект разгледжаны ўжо ў Маларыцкім райвыканкаме і на пасяджэнні архітэктурна-горадабудаўнічага савета камітэта па архітэктуры і будаўніцтву Брэсцкага аблвыканкама з прысутнасцю прадстаўнікоў усіх зацікаўленых службаў.
Праект распрацаваны на аснове комплекснага сістэмнага аналізу праблем і спецыфікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Маларыты, а таксама на аснове дэталёвага аналізу прыродна-ландшафтных і прасторавых параметраў раёна.

Сучасная планіровачная структура і функцыянальнае заніраванне горада
Планіровачная структура
На перасячэнні асноўных урбанізаваных і прыродных восяў раёна сфарміравана радыяльная планіровачная структура горада, дапоўненая прамавугольнай сеткай вуліц.
Урбанізаваны планіровачны каркас горада складае сістэма галоўных магістраляў: вуліцы Савецкая, Чырвонаармейская, Энгельса, Маякоўскага, Кобрынская.
Прыродны планіровачны каркас горада складаюць сістэма пойменных ландшафтаў ракі Маларыта і сістэма каналаў і сажалак, участкі лясных тэрыторый, што прымыкаюць да граніцы горада. Горад раздзелены поймай ракі на дзве часткі: Маларыта і Лазкі.
Функцыянальнае заніраванне горада
Асноўныя функцыянальныя зоны горада — агульны гарадскі цэнтр, жылая забудова (шматпавярховая, шматкватэрная і прысядзібная), вытворчыя тэрыторыі, ландшафтна-рэкрэацыйныя тэрыторыі.
Грамадскі цэнтр – шматфункцыянальны, на перасячэнні вуліц Савецкая, Леніна, прымыкае да чыгуначнай станцыі. Аб’екты гандлю, культурна-бытавога абслугоўвання, грамадскага харчавання, установы культуры, крэдытна-фінансавыя, адміністрацыйныя будынкі сканцэнтраваны ў асноўным уздоўж вуліцы Савецкай.
Гісторыка-культурныя каштоўнасці: брацкія магілы, Свята-Мікалаеўская царква – другая палова ХІХ стагоддзя, помнік драўлянага дойлідства.
Спецыялізаваныя цэнтры: “Маларыцкая ЦРБ”, “Прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці”.
Жылая шматкватэрная забудова 2-5-павярховая.
Жылая сядзібная забудова складае аснову жылога фонду горада. Распрацаваны ДП раёнаў сядзібнай забудовы.
Вытворчыя тэрыторыі. У межах горада асноўная колькасць прамысловых аб’ектаў сканцэнтравана на захадзе. На ўсход і ў цэнтры размешчаны асобныя прадпрыемствы.
У заходняй частцы горада знаходзяцца: “Кансервавагароднінасушыльны камбінат”, буртавыя палі, хлебазавод, райаграпрамтэхніка, ПМК, ДРБУ, лясгас, склады, базы, аўтапрадпрыемствы, гаражы.
У раёне чыгункі – складскія тэрыторыі, пагрузачны пункт чыгункі, пагранкамендатура, гарпалівазбыт.
На аснове Хаціслаўскага радовішча мелу і гравію дзейнічае вытворчасць пяску і сценавых сілікатных вырабаў.
Інжынерныя збудаванні – ачышчальныя збудаванні, водазабор са станцыяй абезжалезвання, палігон ЦКА, могілкі, электрападстанцыя, ГРП.
Ландшафтна-рэкрэацыйныя тэрыторыі агульнага карыстання: гарадскі парк з новым спартыўным цэнтрам.
За межамі наяўнай граніцы горада разгледжаны тэрыторыі, якія да яго прылягаюць, для выбару варыянтаў асноўных напрамкаў горадабудаўнічага развіцця. Гэта, у большасці сваёй, сельскагаспадарчыя землі рознай якасці. Бал урадлівасці на поўнач ад гарадской рысы – 23, на ўсход – 15-28, на поўдзень – 45 (меліяраваныя землі). На захадзе – землі дзяржлесфонду (бал урадлівасці — 23).
Пры выбары напрамкаў тэрытарыяльнага развіцця ўлічваліся наступныя планіровачныя абмежаванні:
— водаахоўныя і прыбярэжныя зоны;
— наяўнасць лясных масіваў;
— санітарна-ахоўная зона ад прадпрыемстваў, інжынерных сетак і збудаванняў, жывёламагільнікаў;
— ахоўная зона магістральнай аўтадарогі, паласа адводу чыгункі;
— меліяраваныя землі, высокі бал урадлівасці.
Праблемы:
— дэфіцыт тэрыторый для новага будаўніцтва, абумоўлены наяўнасцю істотных планіровачных абмежаванняў;
— у цэнтры горада размешчаны сібіраязвенны жывёламагільнік;
— не захоўваюцца нормы прасторавай даступнасці аб’ектаў сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання;
— нерацыянальна выкарыстоў­ваюцца тэрыторыі прамысловых прадпрыемстваў;
— у санітарна-ахоўных зонах прадпрыемствў знаходзіцца жылая забудова.
Патэнцыяльныя магчымасці развіцця:
— узмацненне ролі г. Маларыты ў сістэме рассялення як цэнтра сельскагаспадарчага раёна на аснове мясцовай прамысловасці, абслугоўванні насельніцтва і сельскай вытворчасці;
— устойлівая планіровачная структура, магчымасць яе развіцця;
— развіццё прадпрымальніцтва, малога і сярэдняга бізнесу;
— развіццё сацыяльнай інфра­структуры з узмацненнем міжраённых функцый абслугоўвання;
— магчымасці рацыянальнага развіцця інжынернай, транспартнай інфраструктур.
Устойлівае развіццё горада цесна звязана з эканомікай Маларыцкага раёна і накіравана на актывізацыю такіх сектараў эканомікі, як вытворчасць і перапрацоўка таварнай сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай прадукцыі, здабыча і пярвічная перапрацоўка карысных выкапняў, у тым ліку будаўнічай мінеральнай сыравіны.

Архітэктурна-планіровачнае рашэнне
На аснове комплекснага аналізу тэрыторый, планіровачных абмежаванняў, разліку аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва прадугледжана развіццё горада ў заходнім, паўночным і ўсходнім напрамках. На падставе прапановы райвыканкама, інстытут прыняў рашэнне па размяшчэнню забудовы на землях Маларыцкага лясніцтва. Прадугледжана забраць з карыстання квартал №57 земляў Маларыцкага лясніцтва ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас” (лесагаспадарчая частка зялёнай зоны) для размяшчэння жылой забудовы (узгоднена з лесагаспадарчымі службамі горада).

Прадугледжана:
Параметры колькасці насельніцтва па этапах:
— першы этап – 2020 г. – 12,5 тысячы чалавек;
— другі этап – 2030 г. – 13 тысяч чалавек.
Сярэднегадавыя аб’ёмы ўводу жылля па этапах:
— першы этап – 2011-2020 гг. – 8,8 тысячы квадратных метраў;
— другі этап – 2021-2030 гг. – 7,0 тысяч квадратных метраў.
— суадносіны аб’ёмаў (у тыс. кв. м) шматкватэрнага і сядзібнага будаўніцтва 40-60%;
— сярэдні памер зямельнага ўчастка сядзібнай забудовы 0,10-0,15 га;
— развіццё горада як цэнтра сельскагаспадарчага раёна на аснове мясцовай прамысловасці і сельскай вытворчасці;
— паляпшэнне транспартнага і культурна-бытавога абслугоўвання;
— выкарыстанне патэнцыялу горада для развіцця міжсёлавых функцый абслугоўвання сельскага насельніцтва;
— рэканструкцыя жыллёвага фонду, павышэнне ўзроўню інжынернага добраўпарадкавання жылля;
— рэканструкцыя цэнтральнай часткі горада – павышэнне архітэктурных якасцей існуючай забудовы, высокі ўзровень добраўпарадкавання, выбарачная замена старога жылля – пры ўмове захавання асяроддзя малога горада, якое склалася ў цэнтры Маларыты і з’яўляецца яго характэрнай асаблівасцю;
— фарміраванне адзінай сістэмы азелянення ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый – сістэма бульвараў уздоўж асноўных жылых вуліц;
— у раёне новага будаўніцтва фарміраванне раённага парку з вадаёмам.
На падставе прапановы райвыканкама інстытут прыняў рашэнне па размяшчэнню новай шматкватэрнай забудовы на землях Маларыцкага лясніцтва на першым і другім этапах:
— на першым этапе размясціць новую сядзібную забудову на поўначы цэнтральнай часткі горада і на ўсходзе ў раёне “Лазкі”;
— на другім этапе размясціць новую сядзібную забудову ў заходняй частцы горада на землях Маларыцкага лясніцтва;
— прадугледжана будаўніцтва пешаходнай вуліцы ў цэнтры горада (вул. Паркавая);
— прадугледжана будаўніцтва двух шляхаправодаў праз чыгунку і пешаходнага маста ў раёне чыгуначнага вакзала, размяшчэнне аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу;
— прадугледжана зарэзерваваць на поўнач ад гарадской рысы тэрыторыі для пагрузачнага пункта чыгункі, ААТ “Райаграпрамтэхніка” і складоў мінеральных угнаенняў.
Прадугледжаны вынас на новыя пляцоўкі наступных аб’ектаў, якія функцыяніруюць з парушэннем прыродаахоўнага і санітарна-гігіенічнага заканадаўства:
— пагрузачны пункт чыгункі;
— буртавыя палі кансервавагарод­нінасушыльнага камбіната;
— біятэрмічная яма СВК “Хаціслаўскі”;
— бітумная база;
— квасільна-засолачны цэх;
— гарпалівазбыт;
— аўтадром прафесійнага ліцэя;
— ААТ “Райаграпрамтэхніка” (за межамі разліковага тэрміну – 2030 г.).
Прадугледжана распрацаваць праекты санітарна-ахоўных зон для наступных аб’ектаў (першы этап):
— гаргаз;
— гаспадарчы двор СВК “Хаціс­лаўскі”;
— гарпалівазбыт;
— “Раскорм” (вытворчасць харчовых дабавак);
— ААТ “Маларыцкая райаграпрам­тэхніка” (вул. Савецкая);
— ААТ “Маларыцкі кансервавага­роднінасушыльны камбінат”;
— хлебазавод.
Прадугледжана распрацаваць праект санітарна-ахоўных зон для групы прадпрыемстваў, размешчаных на поўнач ад вул. Савецкай і на захад ад вул. Касцякова.
Прадугледжана забараніць праводзіць работы, звязаныя з перамяшчэннем грунту ў раёне, што непасрэдна прымыкае да сібіраязвеннага захавання (г. Маларыта, вул. Заводская, 8).
Прадугледжаны рашэнні па інжынернаму забеспячэнню горада:
— захаванне дзеючай сістэмы цэнтралізаванага водазабеспячэння горада ад падземнага водазабору “Заазёрны” (са збудаваннямі другога пад’ёму). Замена зношаных водаправодных сетак і пракладка новых сетак з ліквідацыяй тупіковых участкаў;
— развіццё цэнтралізаванай сістэмы бытавой каналізацыі горада з падачай бытавых сцёкавых вод на наяўныя ачышчальныя збудаванні штучнай біялагічнай ачысткі. Будаўніцтва сетак і каналізацыйных помпавых станцый у раёнах існуючай і новай забудовы;
— развіццё дзеючай сістэмы санітарнай ачысткі тэрыторыі горада з будаўніцтвам новага палігона ЦКА на паўночным напрамку (з забеспячэннем нарматыўнай санітарна-ахоўнай зоны). Укараненне раз­дзельнай сістэмы збору адходаў ад насельніцтва;
— захаванне дзеючай схемы электразабеспячэння спажыўцоў горада праз спажывецкую падстанцыю ПС Маларыта, 110/35/10кВ, (2х10МВА) з развіццём размеркавальных сетак і збудаванняў 10 кВ. Упарадкаванне калідораў ВЛ-35 і 110 кВ з улікам фарміравання заходняга раёна шматкватэрнай забудовы;
— захаванне дзеючай схемы газазабеспячэння горада ад ГРС “Паўднёвая” ў г. Кобрыне па газаправоду высокага ціску (Р=0,6МПа) дыяметрам 219 мм. Развіццё размеркавальных газавых сетак з будаўніцтвам ГРП у новай шматкватэрнай забудове і ШРП у сядзібнай забудове;
— захаванне дзеючай цэнтралізаванай сістэмы цеплазабеспячэння горада з дзвюма цеплакрыніцамі: кацельняй №3 і новай кацельняй у заходняй прамзоне (з яе пашырэннем па меры забудовы заходняга раёна). Перакладка цеплавых сетак з выкарыстаннем ПІ-трубаправодаў;
— развіццё дзеючай сістэмы дажджавой каналізацыі горада з улікам аховы тэрыторыі ад падтаплення;
— расчыстка і добраўпарадкаванне вадаёма ў заходнім жылым раёне, а таксама завяршэнне работ па воднаму добраўпарадкаванню гарадскога парку;
— развіццё тэлефоннай сувязі горада з устаноўкай новага абсталявання і павелічэннем ёмістасці існуючых АТС.
Прадугледжана зарэзерваваць тэрыторыю для размяшчэння пажарнага дэпо ў раёне “Лазкі”.
У горада Маларыты ёсць неабходныя матэрыяльныя, інтэлектуальныя рэсурсы для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця ў будучым.
Аддзел па архітэктуры і будаўніцтву Маларыцкага райвыканкама.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.kompozit.ua

https://www.best-cooler.reviews/

www.steroid-pharm.com