ПРА ЖЫЛЛЁ, ПАСЛУГІ І ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ ДВАРОЎ

Большая частка пытанняў, якія задавалі маларытчане ў час “прамой лініі” першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку ўпраўлення райсельгасхарчу Вячаславу Федзюковічу, датычылася добраўпарадкавання вуліц і дваровых тэрыторый горада. Але хвалявала жыхароў раёна, якія патэлефанавалі ў рэдакцыю, і многае іншае. Прапануем вашай увазе справаздачу з “прамой лініі”.
Вольга Яўціхіеўна Гаўрылюк, в. Ланская:
— Тэлефаную ад імя многіх жыхароў вёскі. Хачу паскардзіцца на тое, што наш малака­зборшчык, як нам здаецца, наўмысна заніжае паказчык тлустасці малака, а ад гэтага паказчыка, як вядома, залежыць заліковая вага і тое, колькі грошай ты атрымаеш.
Вячаслаў Іларыёнавіч звязаўся па тэлефоне са старшынёй СВК “Ланская” Аляксандрам Бойкам, старшынёй Олтушскага сельвыканкама Адамам Бідзюрам, і, удакладніўшы сітуацыю, паведаміў:
— Да вас, у Ланскую, абавязкова прыедзе камісія упраўлення райсельгасхарчу, якая разбярэцца на месцы з усімі пытаннямі.
(Працяг на 2-й стар.).
НА ЗДЫМКУ: Вячаслаў ФЕДЗЮ­КОВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.
(Заканчэнне. Пачатак на 1-й стар.).
Наталля, г. Маларыта:
— У мінулым годзе праводзіўся капітальны рамонт дома № 66/1. Адначасова пачалося добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі. Старую тратуарную дарожку прыбраць будаўнікі паспелі, а вось новая не з’явілася да гэтага часу. Ці плануецца працягваць работы па добраўпарадкаванні?
— Работы па добраўпа­радкаванні дваровай тэрыторыі не завершаны з-за складанага фінансавага становішча. Але спадзяемся, што сітуацыя зменіцца, і работы па добраўпарадкаванні будуць прадоўжаны.
— У мяне яшчэ пытанне, можна?
— Калі ласка, слухаю вас.
— У апошнія гады горад запаланілі вароны. З-за іх проста нельга прайсці ля бальніцы ці па вул. Піянерскай ля прафесійнага ліцэя. Калі, нарэшце, можна будзе ад іх пазбавіцца?
— Адпаведна з Законам РБ “Аб жывёльным свеце”, які прадугледжвае рэгуляванне распаўсюджвання і колькасці дзікіх жывёлін, разбурэнне гнёздаў птушак, што размешчаны на насаджэннях у населеных пунктах, дазваляецца з 15 кастрычніка па 15 красавіка. Менавіта ў гэты прамежак часу будуць прыняты адпаведныя меры.
Таццяна Іванаўна Бурда, в. Макраны:
— У вёсках раёна ў апошнія гады актыўна будаваліся дамы. Ці бу­дзе будавацца жыллё і далей?
— Тыя домікі, будаў­ніцтва якіх пачалося, а іх у раёне 42, будуць дабудаваны і ўведзены. Новае будаўніцтва пакуль прыпынена з-за цяжкага фінансавага становішча.
Хрысціна Пятроўна Літвінчук, вул. Леніна 21, г. Маларыта:
— У час работ па добраўпарадкаванні вуліцы Леніна праводзі­лася паглыбленне канала. Пры выкананні гэтых работ на маім участку былі выкарчаваны многія пладовыя дрэвы і кусты, але ўрон, хоць звярталася ўжо ў многія інстанцыі, мне так ніхто і не кампенсаваў.
Вячаслаў Іларыёнавіч паабяцаў Хрысціне Пятроўне, што гэтае пытанне будзе накіравана адпаведным службам, якія, пасля вывучэння канфліктнай сітуацыі, змогуць даць аўтару пытання кампетэнтны адказ.
Георгій Якаўлевіч Чуль, г. Маларыта:
— Ці будзе праводзіцца добраўпарадкаванне вуліцы Вішнёвай, а таксама завулка да сада № 1 (з боку вуліцы Піянер­скай) і тэрыторыі за камбінатам бытавога абслугоўвання?
— Пры падрыхтоўцы да абласных “Дажынак” многія вуліцы горада былі добраўпарадкаваны. У сувязі з адсутнасцю фінансавых сродкаў правесці добраўпарадкаванне завулкаў і іншых другарадных вуліц не ўяўляецца магчымым.
Ганна Рыгораўна, в. Лукава.
— У нашай вёсцы ёсць комплексны прыёмны пункт КБА. Але цяжка сказаць, якія паслугі ён аказвае. Раней прыязджаў сюды цырульнік, цяпер ён амаль ніколі не бывае. Няма нічога і з пераліку рытуальных паслуг. Нельга ў вёсцы нават вянок набыць ці кветкі.
— З гэтым пытаннем мы абавязкова разбярэмся і прымем меры.
Дырэктар РКБА Раіса Тарабчук, якой патэлефанаваў Вячаслаў Іларыёнавіч, растлумачыла, што ў апошні час узнікалі праблемы з набыццём кветак і вянкоў для рытуальных паслуг. Але зараз дасягнута дамоўленасць з пастаўшчыкамі, а таму хутка ў комплексным прыёмным пункце гэты тавар з’явіцца. Што датычыцца работы цырульніка, дырэктар КБА запэўніла, што зрабіць сабе стрыжку ці прычоску жыхары Лукава могуць кожную пятніцу, менавіта ў гэты дзень у комплексны прыёмны пункт прыязджае майстар з райцэнтра.
Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!