Вадзім Шпетны — двойчы дэпутат

2 сакавіка 2003 г. Вадзім Шпетны ад Маларыцкай выбарчай акругі № 47 стаў дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета 24 склікання. А 14 студзеня 2007 г. адбыліся чарговыя выбары ў вышэйшы заканадаўчы орган Брэстчыны 25 склікання, дзе Вадзіму Паўлавічу зноў быў аказаны давер прадстаўляць раён яшчэ на адзін тэрмін на абласным узроўні. Ён стаў працаваць у Пастаяннай камісіі па сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароне насельніцтва. Перамога на выбарах не была выпадковасцю ні першы раз, ні другі. Імя Вадзіма Шпетнага добра вядома многім жыхарам раёна. Яно атаясамліваецца ў першую чаргу з перамогай у конкурсе прафесійнага майстэрства настаўнікаў “Крыштальны журавель”. Менавіта ў 2001 г. В.П.Шпетны стаў лепшым педагогам краіны. З 11 мая 2009 г. ён, выдатнік адукацыі (2006 г.), з’яўляецца намеснікам старшыні райвыканкама па пытаннях сацыяльна-культурнага комплексу, інфармацыйнай работы і сувязях з грамадскасцю.
Заканчваецца чарговы чатырохгадовы тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў. Аб сваёй дэпутацкай рабоце Вадзім Паўлавіч расказаў карэспандэнту рэдакцыі.
— Вадзім Паўлавіч, абласны Савет народных дэпутатаў – гэта…
— Асноўнай асаблівасцю Савета як дзяржаўнага органа з’яўляецца тое, што ён у  сваёй дзейнасці зыходзіць у першую чаргу з інтарэсаў грамадзян, якія пражываюць на пэўнай тэрыторыі, улічваючы пры гэтым і агульнадзяржаўныя інтарэсы. Арганізацыйныя формы дзейнасці Савета вельмі разнастайныя. Ён  ажыццяўляе свае функцыі праз сесіі, пастаянныя камісіі і іншыя органы Савета, а таксама шляхам рэалізацыі дэпутатамі сваіх паўнамоцтваў у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.  Асноўнай формай дзейнасці абласнога Савета з’яўляецца сесія, якая склікаецца па меры неабходнасці, але не менш чым раз у квартал. На сесіях разглядаюцца пытанні фарміравання бюджэту і прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна; кіравання дзяржаўнай маёмасцю, што знаходзіцца ў камунальнай уласнасці; падаткаў і збораў, што залічваюцца ў мясцовы бюджэт; развіцця сістэмы аховы здароўя; пытанні дзяржаўнай падтрымкі арганізацый сацыяльна-бытавых паслуг, спажывецкай кааперацыі; фінансавага аздараўлення некаторых суб’ектаў гаспадарання вобласці. Камісіі праводзяць работу па найважнейшых пытаннях унутранага жыцця  і развіцця грамадскага самакіравання.
Праца дэпутата нялёгкая. Яна патрабуе вялікай вытрымкі, сілы волі, жалезнага цярпення, жадання і ўмення ўнікнуць у кожны зварот выбаршчыка (4-6 у месяц), вусны ці пісьмовы. За кожным з іх стаіць жывы чалавек, які прыйшоў да дэпутата са сваім, набалелым, надзённым, прыйшоў за дапамогаю, таму чакае канкрэтнага адказу і хуткага рэагавання, дзеянняў па сваім пытанні. На новай пасадзе, па словах Вадзіма Шпетнага, яму стала прасцей выконваць абавязкі народнага абранніка па той прычыне, што трапіць на прыём можна ў любы дзень, прыехаўшы ў Маларыту. Ніколі нікому не адмовіць у гутарцы, заўсёды ўважліва выслухае, параіць, падкажа. У Ланскую па асабістых пытаннях мала хто прыязджаў з іншых вёсак раёна. Усё ж такі адлегласць. А да райцэнтра дабрацца зручней.
— У асноўным, — аналізуе сваю дзейнасць дэпутат, — звароты выбаршчыкаў тычацца пытанняў работы ЖКГ (рэжым падачы гарачай вады), жыллёвых пытанняў, пытанняў паляпшэння работы гандлю ў вёсцы (павелічэнне асартыменту тавараў), аптымізацыі транспартных зносін (расклад руху камерцыйных аўтобусаў, ільготы для інвалідаў у гэтым транспарце), добраўпарадкавання населеных пунктаў (рэалізацыя “Праграмы адраджэння і развіцця вёскі”, знос старых пабудоў). Па ўсіх пытаннях былі прыняты  станоўчыя рашэнні. Але прыняцце рашэнняў – гэта яшчэ не ўсё, бо неабходна абавязкова, каб яны былі выкананы.
Вадзім Шпетны перакананы, што інакш і быць не можа,  бо народны абраннік – гэта ў першую чаргу той, хто служыць у імя чалавека і для чалавека. За час сваёй дэпутацкай дзейнасці В.П.Шпетны дапамагаў вырашыць пытанне рэканструкцыі гарадскога стадыёна і будаўніцтва там трыбун для балельшчыкаў. Дзякуючы намаганням Вадзіма Паўлавіча, з парадку дня ў раёне была знята праблема падвозу дзяцей з аддаленых населеных пунктаў у школы і садкі. Апошнім часам дэпутат спрабуе дапамагчы станоўча вырашыць пытанне газіфікацыі сельскіх населеных пунктаў, якія не трапілі пад статус аграгарадка. 
Не пакідае без увагі Вадзім Шпетны і сацыяльную сферу, асабліва – адукацыю. Напрыклад, нядаўна Ніне Федарук, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, ён перадаў прапановы для паляпшэння праекта Кодэкса РБ «Аб адукацыі», над якім зараз актыўна ідзе работа па дапрацоўцы ў Пастаяннай камісіі вышэйшага заканадаўнага органа краіны…
— Вадзім Паўлавіч, а ці не шкадуеце, што пакінулі школу, у якую столькі ўклалі, ці не сумуеце па ёй?
— Па праўдзе, пакуль няма калі, бо вельмі многа работы. Ад школы далёка не адышоў, ад яе пакуль не адарваўся, бо з настаўнікамі сустракаюся кожны дзень, вырашаю іх пытанні. Але бывае настальгія па настаўніцкаму адпачынку. А часам так хочацца ўвайсці ў клас як просты вясковы настаўнік, пастаяць ля карты з указкаю, крэйдаю ля дошкі і даць самы звычайны ўрок. А яшчэ — глянуць у вочы дзяцей, адказаць на іх пытанні і проста шчыра пагаварыць пра ўсё на свеце. Я ў душы, напэўна, назаўжды застануся настаўнікам, бо з гэтай прафесіяй звязаны не адною сотняю нітак. І так проста яна мяне не адпусціць. Гэта мая стыхія. Толькі вось жыццё ўнесла ў яе свае карэктывы.
— А як жа навука? (За плячыма — закончаная аспірантура пры БДПУ імя М.Танка ў 2004г.).
— На сённяшні дзень гэта пытанне, на якое адназначна адказаць не  магу па шэрагу прычын. Але відавочна тое, што навуковая падрыхтоўка і веды спатрэбяцца на любой пасадзе і ў любой справе.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий