Православные верующие празднуют Покров Пресвятой Богородицы

14 кастрычніка праваслаўныя вернікі адзначаюць Пакроў Прасвятой Багародзіцы (Пакровы).

Пакровы не належаць да двунадзясятых,  а адносяцца да ліку вялікіх свят. Яно ўстаноўлена ў час княжання святога благавернага князя Андрэя Багалюбскага ў памяць аб падзеі, якая адбылася ва Улахернскім храме ў Канстанцінопалі ў 910 годзе. У той час Канстанцінопаль захапілі сарацыны. Ужо ніхто не спадзяваўся на цуд.  Напярэдадні 14 кастрычніка жыхары горада, згубіўшы на­дзею на выратаванне, са­браліся ва Улахернскім храме, дзе захоўвалася рыза Маці Божай, яе покрыва на галаву (амафор) і частка пояса.

Людзі пачалі шчыра маліцца і прасіць аб выратаванні. Разам з усімі свае малітвы ўзносіў і святы Андрэй, які прыняў на сябе подзвіг юродства дзеля Хрыста, за што Гасподзь даў яму дар празорлівасці. Святы Андрэй раптам убачыў Дзеву Марыю,  якая крочыла па паветры ў акружэнні анёлаў. Царыцу Нябесную таксама суправаджалі святы прарок Іаан і апостал Іаан Багаслоў. Падышоўшы да людзей, Багародзіца пачала маліцца. Затым яна зняла са сваёй галавы покрыва і распасцерла яго над людзьмі, якія знаходзіліся ў царкве. Покрыва Багародзіцы ззяла ярчэй за сонца. Да той пары, пакуль была там Царыца Нябесная, бачна было і покрыва. Калі ж яна знікла – стала нябачным і покрыва.

Узрушаныя вернікі выйшлі з храма і расказалі пра ўбачанае іншым гараджанам. А раніцай адбыўся цуд: ворагі адступілі ад сцен Канстанцінопаля.

Да Пакровы звычайна завяршаліся ўсе работы на полі і ў садзе…. З 14 кастрычніка пачыналіся попрадкі (вячоркі), якія працягваліся да Вялікадня, а таксама – пара вяселляў. З марамі пра замужжа дзяўчаты прасілі святы Пакроў пакрыць іх галаву вянком (чапцом).

14 кастрычніка  здаўна называюць сустрэчай восені з зімой: у гэты дзень звычайна людзі чакалі першага снегу.

Пакровы ў нашай краіне супадаюць з Днём маці і нагадваюць: як Божая Маці апякуе ўсіх людзей, так і першая заступніца для кожнага дзіцяці – яго маці!

Падрыхтаваў Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий