«Не пакідай мяне…» Зборнік вершаў Уладзіміра Данілюка (Маларыцкі раён)

У Брэсцкай друкарні ў серыі “Маларытчына паэтычная” нядаўна ўбачыў свет зборнік вершаў “Не пакідай мяне…”  Уладзіміра Данілюка. Суст­рэча з прыгожым бела­рускім лірычным словам парадуе прыхільнікаў паэзіі.

 Імя Уладзіміра Мікітавіча з Чарнян добра вядома аматарам паэтычнага радка Маларытчыны. Яго вершы пастаянна змяшчаюцца ў выпусках літаратурнага аб’яднання “Над рэчанькай Рытай”,  якое існуе пры раённай газеце “”. Уладзімір Данілюк – адзін з актыўных яго ўдзельнікаў. Акрамя таго, вершы мясцовага паэта друкаваліся ў газетах “Піянер Беларусі”, “Зара”, часопісе “Вожык”, а таксама ў зборніках сучасных паэтаў Брэсцкай вобласці “Паэтычная карта Берасцейшчыны”, “Жырандоля” і інш. У 2013 годзе да юбілею Уладзіміра Данілюка аддзел бібліятэчнага маркетынгу перавыдаў зборнік вершаў “Сярод людзей”. Першае яго выданне выйшла ў свет у 1996 годзе яшчэ ў машынапісным варыянце.

Уладзімір Данілюк нарадзіўся і вырас у  Чарнянах. На яго жыццёвым шляху былі служба ў арміі, курсы электрыкаў пры вучэбным камбінаце “Брэстэнерга”,  Маларыцкае прафтэхвучылішча. Пасля службы ў арміі Уладзімір Данілюк вярнуўся ў родныя Чарняны, уладкаваўся ў мясцовы калгас імя Крупскай трактарыстам. Праз год стаў шафёрам.

Вершы пісаць ён пачаў, яшчэ калі вучыўся ў 5 класе. А з 1969 года паэтычныя творы сталі з’яўляцца на старонках “раёнкі”. Уладзімір Мікітавіч дасылаў у “Сельскае жыццё” не толькі вершы. Ён стаў актыўным пазаштатным аўтарам. 5 мая 1973 года быў узнагароджаны граматай рэдакцыі як лепшы пазаштатны карэспандэнт раённай газеты.

У зборніку  “Не пакідай мяне…”  усе вершы – а іх больш за сто – напісаны на сакавітай беларускай мове. Яны кранаюць шчырасцю, праўдзівасцю, вызначаюцца задушэўным лірызмам, грамадска-асэнсаваным зместам, сапраўднай любоўю да роднага краю, патрабавальнасцю да сябе і адказнасцю перад чытачом.

Са зборнікам вершаў Уладзімір Данілюк “Не пакідай мяне…” можна пазнаёміцца ў раённай бібліятэцы.

Мікалай НАВУМЧЫК.

 

Чакай

Калі ты не страціш надзеі,

Цярпення і будзеш чакаць,

То я не спазнюся, паспею

Цябе прыгалубіць, абняць.

 

Ухутаю плечы туманам,

Румянец крану вецярком.

Або салаўём закаханым

З’яўлюся, або матыльком.

 

Духмяным рамонкам на полі

Ці шоўкам зарошаных траў.

…Чакай, як ніколі, ніколі

Нікога ніхто не чакаў.

Прашу цябе

Як зазлуе, замітусіцца завіруха

І прападзе з вачэй знаёмы блізкі гай,

Усё адно мяне скарыць не зможа скруха,

Калі са мною будзеш ты… Не пакідай.

Не пакідай ні на хвіліну, дай надзею

Памеркаваць… І пахварэць за родны край,

Я ўжо ў гадах, але душою маладзею,

Калі са мною побач ты… Не пакідай.

Хачу з сябрамі нараўне. Хачу, каб поруч.

Дык усміхніся мне калі хаця б…

Павер, што мне твая ўсмешка нібы покліч

Спяваць на фоне звыклага жыцця.

Ты для мяне не выпадковае імгненне,

А спадарожнік – хоць у пекла, хоць у рай.

Не адступайся ад мяне, маё натхненне,

Не адракайся, я прашу, не пакідай.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий