«Калі прафесія — прызванне…» Аптэчная справа Галіны Маліч (Маларыта)

Сёння на Маларытчыне прапануюць свае паслугі насельніцтву 6 аптэк, з якіх 4 знаходзяцца ў горадзе і дзве – у сельскай мясцовасці. Як расказала загадчыца Маларыцкай цэнтральнай раённай аптэкі №14 Наталля Ганчарэнка, у фармацыі працуюць 22 спецыялісты, з якіх   11 – маладыя. Добрым прыкладам для сваіх калег з’яўляцца прафесійны шлях Галіны Маліч – прыгожай, абаяльнай жанчыны і высакакласнага спецыяліста. Сваю працоўную дзейнасць Галіна Мікалаеўна распачала 33 гады таму, калі пасля размеркавання Магілёўскага медыцынскага вучылішча ўладкавалася фармацэўтам у Маларыцкую аптэку. Гэта было ў далёкім 1985 годзе. Зараз Галіна Маліч намеснік загадчыка цэнтральнай раённай аптэкі № 14 і па сутнасці правая рука Наталлі Ганчарэнка.

— Выбар прафесіі не быў выпадковым, — расказвае Галіна Мікалаеўна. – На ўсё жыццё я запомніла той дзень, калі з маці ўпершыню трапіла ў аптэку. Абстаноўка мяне так уразіла, што з таго моманту для сябе я вырашыла: таксама буду фармацэўтам. Хаця родныя пераконвалі мяне пайсці вучыцца на фельчара.

Галіна Маліч зусім не шкадуе, што звязала свой лёс з аптэкарскай справай. Забягаючы крыху наперад, хочацца адзначыць, што па слядах сваёй матулі пайшлі і дзве яе дачушкі. Старэйшая Вольга загадвае аптэкай № 48, што ў Брэсце, а малодшая працуе правізарам у Мінску.

Галіна Мікалаеўна з асаб­лівай цеплынёй у голасе прыгадвае свае першыя гады працы ў якасці фармацэўта. Яна з цікавасцю спасцігала ўсе нюансы спецыяльнасці, вучылася ў больш вопытных калег. Ёй вельмі падабалася працаваць з людзьмі. Сваіх кліентаў яна ўважліва выслухоўвала, старалася дапамагчы, падтрымаць добрым словам ці слушнай парадай. Нездарма кажуць, што фармацэўт – гэта ў нейкай ступені і медык, і хімік, і біёлаг, а яшчэ і псіхолаг.

— Сёння нагрузка на фар­ма­цэўта значна ўзрасла, — працягвае гаворку Галіна Маліч. – Раней мы кожнага хворага ведалі ў твар. Цяпер спе­цыя­лісту аптэкі даводзіцца абслугоўваць у дзень да 200 наведвальнікаў. Калектыў цэнтральнай раённай аптэкі малады,  сярэдні ўзрост яго 28 гадоў, але вельмі зладжаны. Адзін аднаму дапамагаюць,  звяртаюцца за парадай. З укараненнем электронных рэцэптаў, яшчэ прасцей стане працаваць як урачам, так і фармацэўтам.

Усё ж такі чалавеку далёкаму ад гэтай прафесіі цяжка зразумець і нават уявіць, як можна так лёгка і проста арыентавацца сярод такога мноства разнастайных лекаў. Напрыклад, у цэнтральнай аптэцы рэалізуецца каля 4500 найменняў медпрэпаратаў. Работнікі аптэк увесь час па­вінны павышаць свой пра­фесіяналізм,  пашыраць  веды ў фармацэўтычнай справе.

Калі ў 2006 годзе Галіну Мікалаеўну назначылі на пасаду намесніка загадчыка цэнтральнай раённай аптэкі №14, яна ні на хвіліну не раздумвала над тым, варта ёй атрымліваць вышэйшую адукацыю ці не. Балазе, і родныя падтрымалі. На той час яе дочкі ўжо вучыліся ў медыцынскіх універсітэтах. Такім чынам і Галіна Мікалаеўна стала студэнткай-завочніцай Ві­цебскага медуніверсітэта, які паспяхова закончыла ў 2014 годзе па спецыяльнасці “фармацыя”.

— Зараз з кліентамі працую менш, — расказвае пра­візар. —  Спачатку вельмі сумавала па працы з навед­валь­нікамі.  У кола маіх аба­вяз­каў,  як намесніка загадчыка, уваходзіць найперш работа з дакументацыяй, заказ тавару, кантроль за якасцю прадукцыі,  стварэнне спрыяльнага мікраклімату ў калектыве, фарміраванне здаровага ладу жыцця.

Нягледзячы на занятасць, Галіна Мікалаеўна каля дваццаці гадоў узначальвала прафсаюзную арганізацыю. За гады сваёй працы яна ўзнагароджана шматлікімі граматамі,  сярод якіх Ганаровая грамата аблвыкама і Брэсцкага гандлёвага прадпрыемства “Фармацыя”. Галоўнымі якасцямі ў сваёй прафесіі Галіна Маліч лічыць чалавекалюбства,  спагаду і неа­быякавасць да праблем іншых людзей,  а таксама ўменне знайсці падыход да кожнага, нават самага пераборлівага кліента. 

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий