На адпачынак — у “Сонейка”

Гульні з сябрамі на свежым паветры, удзел у конкурсах і спартландыях, харчаванне, якое ўключае ў сябе, акрамя паўнацэннага сняданку, абеду і вячэры, яшчэ шмат садавіны, ласункаў, ёгуртаў і сокаў, сон столькі, колькі трэба арганізму, сюрпрызы і маленькія падарункі… Уявіце сабе такое жыццё. “Гэта немагчыма”, – скажаце вы. І я пагаджуся. Але толькі ў тым, што немагчыма гэта для дарослых. А вось дзяцей такое жыццё чакала ў аздараўленчым лагеры.
Сёлета на базе ясляў-сада № 6 было вырашана адкрыць лагерную змену для дзяцей 6-10 гадоў. Перад дарослымі стаялі няпростыя задачы: зрабіць першы летні месяц цікавым і запамінальным, захаваць і ўмацаваць здароўе дзяцей. І вось яно – адкрыццё ў “Сонейку” лагернай змены. З ранку ва ўсіх быў добры настрой. Дзеці падрыхтавалі святочны канцэрт. Дружнымі апладысментамі сустрэлі ўсе песню “Кацюша”, якую выконвалі Ваня і Саша Кукліцкія. Гэтая песня так спадабалася, што дзеці ў лагеры адразу вывучылі яе на памяць. А яшчэ ўсе ахвотна афармлялі куток атрада “Лунацікі” і выпускалі газету “Косманавіны”.
Ні адзін чалавек не можа ўявіць дзяцінства без казкі. Чытанне рускіх, беларускіх, народных казак даставіла дзецям шмат радасці. Яны з задавальненнем наведвалі дзіцячую бібліятэку. Тут была арганізавана цікавая экскурсія, якая ў наш час Інтэрнэту і мабільных тэлефонаў дапамагла па-іншаму паглядзець на кнігу.
Пабывалі школьнікі з экскурсіяй і ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Сустрэча з пажарнымі была вельмі пазнавальная. Асабліва ўразілі дзяцей пажарныя машыны. Пасля экскурсіі ў многіх хлопчыкаў з’явілася мара стаць выратавальнікамі. На доўгі час запомняцца дзецям экскурсіі ў паштовае аддзяленне, гарадскі парк, музей “Спадчына” пры раённай гімназіі. Шмат прыемных хвілін даставілі і дзіцячыя дыскатэкі “Міс Сонейка”, “Бравыя хлопчыкі”, “Лета, ах лета!”.
Кожны дзень малыя знаёміліся ў лагеры з флорай і фаўнай нашых мясцін. Прайшоў конкурс букетаў. Выхавальнікі пазнаёмілі дзяцей з рознымі лекавымі травамі, кветкамі, багатым жывёльным светам. А колькі гульняў чакала дзяцей! Гэта і “Вясёлыя старты”, і “Пераможа мацнейшы”, і “Кліч джунгляў”. Апошняя забаўляльная гульня ўвогуле дазволіла хлопчыкам і дзяўчынкам, апрануўшыся ў касцюмы, маскі, зрабіўшы грым, “ператварыцца” ў жывёл, каб павесяліць адзін другога. Пад кіраўніцтвам фізработніка Віталя Дэйнака яны спаборнічалі ў спартыўных конкурсах, гулялі ў рухомыя гульні.
Пасля некалькіх дзён работы лагера ўсе згадзіліся, што нашы повары гатуюць проста цудоўна. Іх кулінарнымі шэдэўрамі задаволены былі і дзеці, і іх бацькі. Апошнія асабліва, бо нават тыя дзеці, хто не вызначаўся дома добрым апетытам, у лагеры з задавальненнем з’ядалі і смачныя катлеты, і мяса па-беларуску, і многія іншыя стравы, за што вялікі дзякуй нашым поварам Валянціне Завадскай і Аліне Дзёмкінай.
Час праляцеў вельмі хутка. Дык што ж такое летні лагер адпачынку? Для дарослых – гэта адказныя дні, кожны з якіх трэба зрабіць не падобным на папярэдні. А для дзяцей – гэта гульні, атрыманне прызоў, ласункі штодня, рамантыка начлегу ў лагеры без таты і мамы. Дзеці і іх бацькі адпачынкам засталіся задаволены. А значыць дарослыя стараліся не дарэмна.
Ларыса ДЭЙНАК, начальнік лагера.
НА ЗДЫМКУ: у лагеры “Сонейка”.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.