ПРА МАГАЗІНЫ НА КОЛАХ І ЛАЗНЕВЫ ПАРАДОКС

ішла размова на чарговым пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў
На парадак дня пасяджэння прэзідыума райсавета дэпутатаў, якое прайшло пад старшынствам Пятра Губея, было вынесена два пытанні. Па першым, якое датычылася гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, з інфармацыяй выступіла старшыня праўлення Маларыцкага райспажыўтаварыства Алена Цімашэнка. За 5 месяцаў г.г., як адзначыла яна, райспажыўтаварыствам было забяспечана выкананне трох з васьмі даведзеных паказчыкаў. Аб’ём рознічнага тавараабароту ў цэлым склаў 21909,8 млн. рублёў, абарот грамадскага харчавання – 1192,7 млн. руб. Маларыцкае райспажыўтаварыства з пачатку года асвоіла 6 найменняў новых відаў хлебабулачных вырабаў, 5 відаў кандытарскіх вырабаў, 9 найменняў паўфабрыкатаў. У вёсцы Олтуш адкрыўся магазін “Прадтавары № 2”, гандлёвай плошчай 45 кв. метраў, тавараабарот яго складае ў месяц 20 мільёнаў рублёў.
Асноўны акцэнт у справа­здачы старшыні быў зроблены на гандлёвае абслугоўванне сельскіх населеных пунктаў. Тры аўтамагазіны дастаўляюць тавары ў 47 аддаленых вёсак раёна. Колькасць жыхароў, якіх абслугоўвае аўталаўка, пастаянна расце і зараз ужо складае 2270 чалавек. Сучасныя фургоны аўтамагазінаў, абсталяваныя халадзільнікамі, дазваляюць забяспечваць вяскоўцаў усім неабходным. У асартыменце аўталаўкі крупы, хлебабулачныя, кандытарскія, малочныя і мясныя вырабы. Убачыць тавар, каб вызначыцца з выбарам, дазваляюць вітрыны. Любы тавар можна заказаць, пакінуўшы прадаўцу заяўку. Але, у той жа час, на работу аўтамагазіна, як прызнавала Алена Аляксандраўна, ёсць нямала нараканняў. Адно з іх – парушэнне графіка работы. Чаму такія скаргі паступаюць, кіраўнік райспажыўтаварыства пастаралася растлумачыць, спасылаючыся на факты:
— У першыя вёскі машына з прадуктамі прыбывае ў 11 гадзін. Раней пры­ехаць аўталаўка не можа па аб’ектыўных прычынах, бо трэба з самага ранку загрузіць свежы тавар: хлебабулачныя і малочныя вырабы. Кожны аўтамагазін абслугоўвае 15-20 населеных пунктаў. Непрадбачаныя паломкі тэхнікі, дрэнная якасць дарог, асабліва зімою, збіваюць графік. У выніку вяскоўцам даводзіцца чакаць машыну з прадуктамі па некалькі гадзін. Праблема яшчэ больш ускладняецца тады, калі па нейкіх прычынах у тых вёсках, дзе ёсць магазін, ён часова закрываецца. Забяспечыць таварам жыхароў гэтых вёсак павінна аўталаўка. А значыць графік руху адпаведна змяняецца на некалькі гадзін.
Вырашыць гэтую праблему, як лічаць у райспажыўтава­рыстве, дапаможа набыццё яшчэ аднаго фургона аўтамагазіна, купіць які плануюць у гандлёвым прадпрыемстве ўжо сёлета.
90% тавару, якім гандлюе аўталаўка, – фасаваны. Гэта зручна і для прадаўца, і для пакупніка. Але нярэдка вяскоўцы скардзяцца на рэалізацыю пратэрмінаванай прадукцыі, продаж чэрствага хлеба. Кіраўніцтву райспажыўтаварыства даручана прыняць усе неабходныя меры, каб падобнае больш не дапускалася.
Па другім пытанні, якое датычылася стану лазневага абслугоўвання, справаздачу трымаў дырэктар КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Аляксандр Пешта. На балансе камунальнай службы, як адзначыў ён, знаходзіцца 20 грамадскіх лазняў, 14 з іх – працуюць. За першы квартал г.г. наведванне лазняў, якое вызначаецца ў колькасці чалавека-памывак, склала лічбу 2937. Нягледзячы на тое, што кошт памыўкі невысокі (3600 рублёў у горадзе і 2400 рублёў – у сельскай мясцовасці), грамадскія лазні жыхары раёна наведваюць неактыўна. Каэфіцыент запаўняльнасці і ў горадзе, і ў вёсках вельмі нізкі, у той час, як сродкі на ўтрыманне лазняў ідуць немалыя. За 5 месяцаў з пачатку года страты па лазневай гаспадарцы, як адзначалася ў выступленні, склалі 130 мільёнаў рублёў.
Лазня аказвае шэраг дадатковых паслуг — прадастаўляе бялізну, ручнікі і інш., але і гэта сітуацыю не выратоўвае.
У чым прычына таго, што паслуга застаецца малазапатрабаванай? Магчыма, ва ўмовах, якія значна адрозніваюцца ад умоў у прыватных лазнях, ці ў ня­зручным графіку работы. Свой погляд на гэтую праблему выказвалі на пасяджэнні многія. І ў адным меркаванні супадалі цалкам: лазня – аб’ект неабходны, асабліва ў сельскай мясцовасці, а значыць працаваць яна павінна.
Былі разгледжаны на пасяджэнні прэзідыума і іншыя пытанні. Па ўсіх прыняты адпаведныя рашэнні.
Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


citroen.niko.ua

www.salon-svadebny.com.ua

www.topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!