Горад са знакам якасці

Маларыту наведалі ўдзельнікі выязной калегіі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны. На парадку дня стаяла некалькі надзённых і актуальных пытанняў жыццядзейнасці галіны. Таму асобы акцэнт быў звернуты на рэалізацыю дадатковых платных паслуг насельніцтву на прыкладзе ЖКГ Брэсцкай вобласці, на ход выканання Дзяржаўнай праграмы па збору (нарыхтоўцы) і перапрацоўцы другаснай сыравіны ў РБ на 2009-2015 гады, ход падрыхтоўкі аб’ектаў ЖКГ да работы ў асенне-зімовы перыяд 2011-2012 гадоў на прыкладзе Брэсцкай вобласці.
Пачалося мерапрыемства з прыемнага моманту.
— У Маларыце мы сабраліся невыпадкова, — сказаў, адкрываючы пасяджэнне, Уладзімір Белахвостаў, былы міністр ЖКГ краіны. – Гарадок невялікі, але знешні яго выгляд за апошні час значна змяніўся ў лепшы бок. Усё ў ім радуе вока. У гэтым я пераканаўся асабіста. У райцэнтр прыехаў загадзя. Спыніўся ў гасцініцы “Юбілейная”. Уладкаваўшыся, вечарам прайшоўся па горадзе, наведаў універсальны спартыўны комплекс. Маларыта сёння – своеасаблівы эталон. Тут ёсць напрацаваны вопыт, варты пераймання і перанясення ў іншыя рэгіёны краіны. За апошні час у райцэнтры выкананы вялікі аб’ём работы, многія пытанні вырашаюцца ў комплексе. У Маларыце, перакананы, нядрэнна людзям жыць, працаваць і адпачываць. Кожны жыхар унёс сваю часцінку, каб горад наблізіўся да выгляду еўрапейскага ўзроўню. І як заканамернасць — дасягнуты поспех.
Па выніках штогадовага рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў за 2010г. Маларыта ў ІV катэгорыі (гарады і гарадскія пасёлкі з насельніцтвам да 10 тысяч) заняла ганаровае І месца з вынікам 257 балаў. Мерапрыемства мела на мэце стварэнне і падтрыманне паўнацэннага жыллёвага асяроддзя, павышэнне ўзроўню архітэктуры і горадабудаўніцтва, добраўпарадкавання, санітарнай ачысткі і азелянення населеных пунктаў. Між іншым, вынікі падводзіліся больш чым па 100 паказчыках (за кожны з іх налічвалася пэўная колькасць балаў). Напрыклад, улічвалася колькасць вуліц, якія маюць асвятленне, іх бягучы рамонт, адрамантаваныя ў жылых дамах пад’езды, пад’езды, што маюць кодава-дамафонныя сістэмы, прыпыначныя пункты грамадскага транспарту, якія абсталяваны павеццю, дваровыя тэрыторыі, якія добраўпарадкаваны, адрамантаваныя (рэканструяваныя) помнікі, абеліскі, брацкія магілы, абсталяванне зон адпачынку і інш. Каб аб’ектыўна і ўсебакова ацаніць і вызначыць пераможцаў, у складзе камісіі працавалі прадстаўнікі з вядучых міністэрстваў краіны.
Затым Уладзімір Максімавіч пад апладысменты прадстаўнікоў цэнтральнага апарата галіновага міністэрства і ўпраўленняў ЖКГ рэгіёнаў усёй краіны уручыў Віктару Сароку, намесніку старшыні райвыканкама, пераходны вымпел і пасведчанне, якое яго пацвярджае. Віктар Раманавіч коратка расказаў пра зробленае і запрасіў на аглядавую экскурсію па горадзе.
Удзельнікі рэспублі­канскай калегіі спачатку наведалі станцыю абезжалезвання, кацельню магутнасцю 4 МВт на мясцовых відах паліва (вул. Савецкая, 116 “А”. Тут была арганізавана невялікая фотавыстава прадукцыі ААТ “Белаазёрскі энергамеханічны завод”, які займаецца выпускам энергетычнага абсталявання і запасных частак да яго), кагенерацыйную ўстаноўку кантэйнернага тыпу (вул. Лермантава, 10/1), Дзіцяча-юнацкую спартыўную школу і яе блочна-модульную кацельню магутнасцю 2,5 МВт з 2 водагрэйнымі катламі.
На думку ўдзельнікаў калегіі, правядзенне рэспубліканскіх аглядаў па санітарнаму стану і добраўпарадкаванню населеных пунктаў і рэалізацыя мерапрыемстваў па навядзенню парадку на зямлі дае свае станоўчыя вынікі па ўсёй краіне. Гарады і вёскі становяцца чысцейшымі, прыгажэйшымі і больш камфортнымі для пражывання. Яскравы таму прыклад – Маларыта. У час абмену думкамі падкрэслівалася, што выкананыя работы паспрыялі паляпшэнню мастацка-эстэтычных якасцей, фарміраванню дабра­творнага архітэктурна-прасторавага асяроддзя і ўдасканаленню элементаў комплекснага добраўпарадкавання горада.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


www.velotime.com.ua

www.sledoc.com.ua

бесконтактный термометр харьков
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!