Скрыжалі лёсу Андрэя Пранюка (Маларыта)

На Маларыцкім кансервавагароднінасушыльным камбінаце клапоцяцца не толькі пра тых, хто добра працуе цяпер, але і не закбываюць людзей хто там раней шчыраваў не адзін год. У іх ліку і Андрэй Пранюк,  які заводу аддаў амаль 35 гадоў свайго жыцця. Нядаўна Андрэй Фаміч адзначыў 90 гадоў з дня нара­джэння. З юбілеем яго павіншаваць прыехаў дырэктар кансервава­гародні­насушыль­нага камбіната Юрый Вітрук.

Жыццёвая сцежка Андрэя Пранюка як разгорнутая кніга на далоні. Яе старонкі лёс напісаў проста, праўдзіва, кранальна. На іх можна сустрэць аповяды пра горыч няў­дач і радасці перамог, узлёты і падзенні, хвіліны шчасця і роспачы. Усё як у большасці людзей. Аднак разам з тыповым было і адметнае, сваё, уласна перажытае, выпакутаванае.

Маці Андрэя Пранюка, Праскоўя Смаль, нарадзілася і вырасла ў Маларыце. Пасля смерці мужа яна засталася адна з малымі дзецьмі на руках – сынам Панасам і дачкою Нінай. Пасля акупацыі Германіяй тэрыторыі Маларытчыны, жанчына ў 1915 годзе,  ратуючыся,  на возе  паехала на Украіну. Спынілася ў вёсцы Семакоўка Жы­томірскай вобласці. Тут хутка працавітую жанчыну заўважыў мясцовы хлопец  Амяльян Пранюк. Ён шчыра пакахаў жанчыну. Неўзабаве пра­панаваў Праскоўі выйсці за яго замуж. Жанчына згадзілася, бо выдатна разумела, што на чужыне ёй лёс дае шанц абуладкаваць сваё жыццё. Такое нельга было ўпусціць. Хутка ў сям’і з’явілася яшчэ адно дзіця – Андрэй. Аднак шчасце было нядоўгім: хутка памірае і другі муж. Жанчына засталася адна з трыма дзецьмі. Яны ва ўсім дапамагалі маці. Старэйшы брат Панас вучыў Андрэя касіць, хадзіць за плугам, жаць, малаціць…

У Андрэя быў ня­лёг­кі лёс. Ён рос бяз­баць­кавічам, таму так марыў аб шчаслівай долі. У 1936 годзе хлопец пай­шоў ву­чыцца ў першы клас украінскай школы. Перад вайной ён закончыў пяць класаў. Мары,  надзеі, спа­­дзяванні ўраз перарэзала вайна. Калі яна пачалася,  сястру Ніну разам з іншымі дзяўчатамі немцы вывезлі ў Германію, а на Панаса, брата Андрэя,  які служыў на Далёкім Усходзе,  неўзабаве прый­шла пахавальная. Па­­­дзеі Вялікай Айчын­най занатаваліся ў памяці хлоп­ца эпізадычна, але на­заўсёды засталіся ўс­па­міны аб перажытых бамбёжках, свісце куль, холадзе і голадзе.

– Калі вызвалілі родны край, мне ўжо было 15 гадоў, – успамінае Андрэй Пранюк. – Зноў пачалі арганізоўвацца калгасы.  Мне два гады давялося даглядаць  калгасных коней. Аднойчы не ўпільнаваў,  і адзін конь зайшоў есці траву, якую збіраліся скасіць на сена. Гэта заўважыў правяраючы, які мяне моцна па­біў палкаю. Пасля гэтага больш за месяц я, цяжка хворы, праляжаў дома.

У 1946 годзе Андрэя  Пранюка прызвалі на тэр­міновую службу,  якую ён праходзіў у шахтах Данбаса.

–Служба вельмі стам­­ляла, – кажа Андрэй Фа-міч. – Я і мае саслужыўцы  на пра­цягу дня шуфлем кідалі на тран­спарцёр вугаль пасля драбілкі і на ваганетках вазілі яго да пад’ёмніка. У шахце застудзіў ногі і спіну. Пасля невялікага адпачынку, які правёў дома,  накіравалі на службу на­водчыкам у зенітную артылерыю ў Славуціч.

Пасля службы Андрэй Пранюк прыехаў у Маларыту і спыніўся ў стрыечнага брата Паўла Іолапа. Тут юнак знайшоў сваю палавіну – Марыю Чыкіту, з якой пражыў шчаслівае жыццё. Маладая сям’я  спачатку стала жыць у доме бацькоў. Андрэй Пранюк ўладкоўваецца на працу столярам у Ма­ларыцкае вучылішча механізацыі

–Пачатак – сярэдзіна 1950-ых гадоў мінулага стагоддзя – час нялёгкі, – гаворыць Андрэй Фа­м­іч. – Не раз думаў, як пракарміць сям’ю, каб не галадала. Швагер Іван Ярмашук угаварыў ра­зам паехаць на асваенне цалінных зямель у Казахстан. Я доўга не згаджаўся, бо з наседжанага месца мяне скрануць было цяжка. А пасля рызыкнуў, і дарэмна. Паўгода  працаваў плотнікам-столярам у г. Ар­мавір.

Работа на новым месцы мужчыну не прыносіла ні душэўнага задавальнення, ні радасці. Чым больш знаходзіўся на чужыне, тым больш расла туга ў сэрцы па родным краі. Ён вельмі сумаваў па сям’і, мілых сэрцу мясцінах, таму не вытрымаў разлукі і вярнуўся ў Маларыту. Адразу ж  уладкаваўся на працу столярам на га­роднінасушыльны завод.

У характары Андрэя  Пранюка было ад нараджэння закладзена імкненне працаваць шчыра, ад душы, сумленна выконваць сваю работу. Усё і ўсюды ён рабіў так, як сабе, заўсёды падтрымліваў ва ўсім  парадак. Таму ніякіх прэтэнзій ніхто да Андрэя Пранюка ніколі не меў. На яго глядзелі з павагай, раўняліся, ставілі ў прыклад іншым. Стараннага работніка хутка заўважае адміністрацыя завода і аб’яўляе яму першую падзяку. Гэта акрыліла, падштурхнула,  надало сілы працаваць  выдатна. Затым імя Андрэя Фаміча было занесена на Дошку гонару. За 35 гадоў у працоўнай кніжцы Андрэя Пранюка зроблена 40 запісаў аб розных заахвочваннях і ўзнагародах. Напрыклад,  у 1956 го­дзе яму прысвоена званне “Удар­нік камуністычнай працы”, у 1987 годзе ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ён узнагаро­джаны медалём “Ветэран працы”.

Жыццё ішло сваёй чаргой. Усё было добра і на працы, і дома. Аднак не задавальняла мужчыну тое, што старэнькая хата цесця,  дзе жыла маладая сям’я, была вельмі малой, цеснай. Тут даводзілася туліцца шасці чалавекам. Таму Андрэй Фаміч вырашае сваімі рукамі правесці “рэканструкцыю” сядзібы, пашырыць яе. А яшчэ Андрэй Пранюк вельмі сумаваў без маці, якая тады жыла  на Украіне. На сямейным савеце было прынята рашэнне  ўзяць участак і пабудаваць на ім для маці дом. Праз некалькі гадоў яна з сястрою ўжо  пераехала ў новы дом у Маларыту.

Нягледзячы на свой узрост, Андрэй Фаміч яшчэ і сёння не сядзіць без працы. Ён любіць у агародзе і пакасіць, і паараць, і лісце прыбраць, і градкі ўскапаць, і прапалоць…  А яшчэ ён з задавальненнем гатуе бульбу ў мундзірах на прыпечку, варыць смачную крупяную кашу і штодзень чакае гасцей: дзяцей, унукаў, праўнукаў. Андрэй Пранюк абавязкова родных пачастуе і малінавым, парэчкавым, вішнёвым, яблычным варэннем. Мужчына яго  гатуе яшчэ і зараз сам. А ў вольную хвіліну Андрэй Фаміч любіць пасядзець на канапе і пачытаць свае любімыя газеты – “” і “Савецкую Беларусь”.

Па словах родных,  Андрэй Пранюк заўсёды любіў справядлівасць, не баяўся выказваць праўду пры любых абставінах, аднак да людзей адносіўся з пашанай і павагай,  нікога не пакрыўдзіў за сваё жыццё. Ён і цяпер гэтых якасцей не страціў,  як не страціў жыццярадаснасці, дабрыні, спагады,  любові.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий