Усе дарогі вядуць на Радзіму

У нядзелю маларытчане, як і ўся Беларусь, адзначалі галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці. У ім зліліся ў адзінае непадзельнае цэлае вялікія і святыя падзеі – Вызваленне, Перамога і Незалежнасць. Дату 3 ліпеня народ сам абраў на рэферэндуме 1996г. Яна – сімвал яднання нацыі, імкнення да свабоды, суверэнітэту, стваральнага і мірнага жыцця. Незалежнасць у кожнага з нас асацыіруецца перш за ўсё са свабодай ад іншаземнага рабства. За гэта нашы продкі змагаліся не раз. Зямля Белай Русі была арэнай многіх кровапралітных і жорсткіх войн. Таму незалежнасць і свабода нашай краіны заваяваны надзвычай вялікай цаной. Беларусь вяла барацьбу за свабоду з мангола-татарскімі заваёўнікамі, з напалеонаўскімі арміямі, з немцамі… У полымі ўсіх змаганняў народ выстаяў, загартаваўся, вытрымаў шматлікія нягоды і выпрабаванні. Усе навалы, што выпалі на долю, ён перамог і сам стаў будаваць сваё жыццё. Мірнае, шчаслівае, незалежнае…
У Дзень Незалежнасці неабходна азірнуцца назад, у мінулае, пакланіцца памяці тых лю­дзей, якія аддалі сваё жыццё, каб развівалася і квітнела наша краіна, упэўнена ішла наперад. Таму па традыцыі ўрачыстасці на Маларытчыне пачаліся з ускладання кветак у скверы, які знаходзіцца ў канцы вуліцы Савецкай, на скрыжаванні дарог Олтуш-Збураж. У гэтай цырымоніі на чале з Вячаславам Федзюковічам, першым намеснікам старшыні райвыканкама, прынялі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі грамадскасці, працоўных калектываў.
А потым, нягледзячы на тое, што з самага ранку ішоў дождж, усе мерапрыемствы былі праведзены згодна з зацверджаным планам. У сценах дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прайшла раённая спартакіяда сярод работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў горада. Яе ўрачыста адкрылі Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, і Генадзь Германюк, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму. За пераходны кубак на працягу амаль 3 гадзін змагаліся 11 каманд (больш за 130 чалавек) у 7 відах спорту: скачках у даўжыню, дартсе, шашках, настольным тэнісе, більярдзе, армрэслінгу і ў эстафеце па плаванню. У выніку напружанай барацьбы перамагла каманда ПМК-20, на другім месцы апынулася райспажыўтаварыства, на трэцім – РММ. Мацнейшыя спарт­смены ва ўсіх відах спаборніцтваў хутка прымуць удзел у абласной спартакіядзе “Здароўе народа – багацце краіны”.
Затым цэнтрам святочнага дня стаў гарадскі стадыён. Тут быў згуляны чарговы матч чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболу. На поле выйшлі каманды ПМК-20 (г. Маларыта) і “Блэк-Рэд-Уайт” (г. Брэст). Лідар турнірнай табліцы Заходняй зоны не змог вырваць перамогу, бо маларытчане паказалі годную і прафесійную гульню. Таварыскі матч закончыўся з лікам 1:1.
Вечарам на гарадской плошчы пачаліся масавыя гулянні. ГА “БРСМ” праводзіла традыцыйную патрыятычную акцыю “Я памятаю, я ганаруся”. Актывісты арганізацыі прысутным раздавалі невялікія дзяржаўныя флажкі, а на грудзі прышпільвалі стужкі чырвона-зялёнага колеру. ГДК на суд гледачоў прадставіў тэматычна-музычны вечар ”Табе любоў і песні, край родны”. Мясцовыя артысты падрыхтавалі змястоўную і цікавую праграму, у песнях і вершах уславілі родны кут, тое месца на зямлі, дзе жывём, працуем, вучымся, марым, адпачываем, думаем пра заўтрашні дзень. Сваёй творчасцю парадаваў народны хор ветэранаў пад кіраўніцтвам Галіны Бягеза. Далей тых, хто сабраўся на плошчы, “запальвала” вядучая Вольга Табачкоўская разам з Эдуардам Пішчыкам, Вольгай Бярчук, Ксеніяй Табачкоўскай, Аляксандрам Барысюком, Аленай Паліводай, Аленай Жлуктай, Таццянай Слабадзянюк, “Рыцкім куфэркам”, ансамблем гарманістаў з Гвозніцы, спартыўным клубам “Кандор” пад кіраўніцтвам Андрэя Тапалава…
Апафеозам Дня Незалежнасці стала акцыя “Спяём гімн разам”. Галасы маларытчан у выкананні гімна зліліся з галасамі ўсёй краіны. І кожны з прысутных адчуваў гонар за сваю Радзіму, народ, за такі прыгожы і непаўторны маларыцкі край. І не адзін, напэўна, падумаў: “Квітней, мая маленькая радзіма, будзь годнай, Беларусь, краінай на зямлі!”
***
У гараджан мы пацікавіліся аб тым, пра што яны думаюць у Дзень Незалежнасці.
Ксенія Табачкоўская:
— Я думаю пра сваё першае працоўнае месца. Яно мне гарантавана краінай. Як гэта цудоўна! А была б Беларусь паднявольнай… Ці магла б я тады спакойна спаць, не перажываць, ці ўладкуюся па абранай спецыяльнасці на працу…
Я, на шчасце, не ведаю жахаў вайны, не чула над галавою свісту куль, не бачыла выбухаў снарадаў. Тыя падзеі паўстаюць перад вачыма толькі са старонак кніг і тэлеэкранаў. Ліхалецце мінулай вайны не можа больш паўтарыцца ніколі на нашай роднай зямлі, бо ў нашай краіны міралюбівая і добрасуседская палітыка. Няхай лепш у нас будзе права і выбар садзіць кветкі ці расціць хлеб, гадаваць дзяцей ці будаваць дамы, складаць вершы ці ўслаўляць Радзіму ў песнях. Мы маем ў незалежнай дзяржаве права на выбар!
Фёдар Сацюк:
— Незалежнасць для мяне – забяспечаная старасць, павага і клопат з боку дзяржавы. Ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, як і я, адчуваюць гэта на кожным кроку. Вялікія ахвяры ў імя свабоды, цяжкая праца на фронце і ў тыле не прапалі дарэмна. Мы разам пабудавалі цудоўную краіну, узнялі яе з развалін. А сёння жывем пад мірным небам які год, маем ва ўсім дастатак, паляпшаем бясплатна сваё здароўе, карыстаемся выгодамі цывілізацыі. Гэта ўсё неабходна зберагчы для дзяцей і ўнукаў. Такое магчыма толькі пры незалежным развіцці краіны, бо народ — сам гаспадар свайго лёсу. На гэтай зямлі жыць нам, і толькі мы маем права выбіраць свой шлях у будучае.
Валерый Трэбік:
— Для мяне незалежнасць краіны — гэта мой самастойны, незалежны выбар будучай жыццёвай дарогі. У гэтым годзе я закончыў школу, здаў цэнт­ралізава­нае тэс­ціраван­не і вызначыўся, куды буду спрабаваць паступаць, каб атрымаць прафесію і быць карысным Радзіме.
Людміла Бягеза:
— Незалежнасць – адно з самых галоўных свят краіны. Ёю трэба даражыць, берагчы. Незалежнасць спрыяе далейшаму росквіту і руху наперад. Мы багаты на народныя традыцыі. Прыемна адзначыць, што яны ў нас захаваны. Народная спадчына для кожнага з нас мае вялікую духоўную і выхаваўчую накіраванасць, фарміруе нацыянальны светапогляд і адметнасць, задавальняе эстэтычны густ і патрэбу розных пакаленняў, з’яўляецца невычэрпнай крыніцай мудрасці і дабрыні. У нашай краіне, як ні ў якой іншай, надаецца вялікая ўвага захаванню народнай культуры, традыцый на дзяржаўным узроўні. Ад сувязі з мінулым мы становімся больш чалавечнымі, мудрымі, спрактыкаванымі ў розных жыццёвых сітуацыях. Роднае карэнне сілкуе і надае сілы жыць. А гэта – наш свабодны выбар.
Наталля Трафімук:
— Я сёння на працы і думаю пра бяспеку людзей, каб яны святочны дзень правялі выдатна. Мне здаецца, што Дзень Незалежнасці нашай краіны адлюстроўвае яе галоўныя прынцыпы: добрасуседства, клопат пра чалавека і яго дабрабыт, імкненне да міру, памяць пра лёсавызначальныя падзеі мінулага, выхаванне маладога пакалення на прыкладах герояў апошняй вайны. Пераканана, што свабода і незалежнасць – адны з тых крытэрыяў, якія найперш неабходны чалавеку.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


Opel Omega аккумулятор купить

chemtest.com.ua

www.np.com.ua/teplovoe-oborudovanie/grili-rolikovye.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!