Жыццё на мяжы: вёска Перавісь (Маларыцкі раён)

 Самая крайняя кропка Маларыцкага раёна – невялічкая вёсачка Перавісь, што згубілася сярод лесу ля  беларуска-ўкраінскай мяжы. Як паведамілі ў Арэхаўскім сельвыканкаме, да якога і адносіцца населены пункт, сёння ў Перавісі пражывае ўсяго толькі 21 чалавек. Мужчын у вёсцы больш, чым жанчын, ажно адзінаццаць, сем з іх у працаздольным узросце. Зараз цяжка паверыць, што паўстагоддзе таму тут віравала жыццё, на вуліцах гучалі дзіцячыя галасы, працавала пачатковая школа і магазін. Яшчэ ў 1999 годзе ў Перавісі было 63 жыхары. Цяпер большасць хат пустуе. Старэнькія і пахіленыя, яны сваімі  сляпымі вокнамі ўглядаюцца ў маўклівую немату вуліцы, нібыта, чакаюць сваіх гаспадароў. 

 

Заблукаць у Перавісі немагчыма, тут усяго адна вуліца з сімвалічнай назвай Цэнтральная. Вакол вёскі лес. Усюды стаяць знакі, якія нагадваюць, што гэта прыгранічная зона. У ле­се, без спецыяльнага пропуску збіраць грыбы ці ягады забаронена. У 500 – метрах ад Перавісі —  беларуска-ўкраінская граніца. Пагранічнікі часта наведваюцца ў вёску. Таму да ўсіх прыезжых, нетутэйшых у мясцовых насцярожаныя адносіны. 

Невялічкая хацінка Еўдакіі Карабейка стаіць на ўзлеску. Да самага агарода падступаюць калматыя елкі. З яе хаты пачынаецца вясковая вуліца. Амаль тут жа і заканчваецца тэрыторыя нашай краіны, далей —  Украіна. 87-гадовая Еўдакія Міхайлаўна ўзгадвае, што яшчэ да падзелу СССР моладзь напрасткі праз канаву бегала ў суседнюю украінскую вёску адзін да аднаго ў госці ці на танцы, а веруючыя жанчыны хадзілі ў царкву, што ў Пішчы. Цяпер часы іншыя.Жанчына з настальгіяй прыгадвае гады сваёй маладосці. Кажа, што тады хоць і шмат працавалі, але жылі весялей. Зараз вёска дажывае свой нялёгкі век. Дарэчы, бабуля жыве не адна, а з двума дачушкамі – Надзеяй і Галінай, якія даглядаюць за сваёй састарэлай матуляй. Галіну Максімаўну мы дома не засталі. Старэйшая дачка з самай раніцы падалася ў грыбы. З маці дома засталася малодшая – Надзея.

— Не грыбны сёлета год, але Галя пайшла, ска­заўшы, што, калі  не набяру баравікоў ці зялёнак, дык хоць прагуляюся па лесе, — гаворыць Еўдакія Міхайлаўна.

Старэйшай Галіне – 63 гады, малодшай Надзеі – 57. Так і жывуць жанчыны разам, абрабляюць свой невялічкі агародчык, садзяць бульбу, капусту, моркву ды іншую агародніну. “Сёлета доб­ра ўрадзіла бульба, гарбузы парадавалі”, -расказвае Еўдакія Мі­хай­лаўна. “Сапраўды, ля прызбы, нібы рахманыя парсюкі, песцяць на восеньскім сонцы свае ружовыя бакі крамяныя гарбузы. “А  вось фасолю ўсю зайцы з’елі, — працягвае гаворку кабета, — каб на іх трасца напала. Выходжу на агародчык, гляджу тры зайцы так і цярэбяць маю фасолю”. Іншыя звяры на падворку не наважваюцца гаспадарыць, баяцца сабаку па мянушцы Дружок, які спраўна спраўляецца са сваімі абавязкамі вартаўніка.

Шмат і цяжка ў сва­ім жыц­ці працавала Еўдакія Міхайлаўна. Ад непасільнай работы на старасці пакруціла рукі,  якія часам так моцна баляць, што плакаць хочацца. За цяжкай працай свету белага не бачыла і калі зусім маладой была – дапамагала бацькам па гаспадарцы, і калі замуж  пайшла. Муж   Еўдакіі Міхайлаўны заўчасна памёр, пакінуўшы жонку з двума дзецьмі на руках. У мясцовым калгасе яна спачатку  працавала ў паляводах –лён уручную рвала, дзялянкі з буракамі апрацоўвала, а потым – жывёлаводам.

— Ад той працы рукі пухлі, — прыгадвае кабета. – Мне патрэбна было за дваіх працаваць, каб дачушак у свет вывесці ды пасаг, не горшы як у іншых дзяўчат ім сабраць. Зараз жыць намного лягчэй. Адна выгода: прадукты амаль да самай хаты тры разы на тыдзень аўталаўка дастаўляе, газ у балонах таксама па заяўцы прывозяць. Што яшчэ трэба? Здароўе, якое забралі гады цяжкай непасільнай працы.

Праз некалькі дамоў ад Еўдакіі Карабейка стаіць хата яе равесніка Івана Дземчука. Дзядуля 11 гадоў таму як аўдавеў. Жыве адзін, хаця дачка з сынам доўно яго клічуць да сябе ў горад. Не пагаджаецца. Гаворыць, што пакуль здужаю хадзіць, нікуды з роднай хаты не паеду. І паволі тупае дзядуля. Хоць і цяжкавата ўжо, а вядро вады ці бярэмак дроў у хату прынясе, сам сабе і ежу прыгатуе.

— Да аўталаўкі за пра­дуктамі адзін раз у ты­дзень хаджу, — прызнаецца дзядуля. – Больш і не трэба. Купляю, што неабходна. Праўда, цяжка ўжо так далёка хадзіць, дык я бяру у рукі веласіпед і такім чынам дабіраюся да аўтамагазіна.

Дзядуля, як і многія жыхары Перавісі, працаваў у калгасе, багацця вялі­кага не нажыў, затое вы­гадаваў траіх дзяцей, двое з якіх жывуць у Брэсце. Тэлевізар Іван Фёдаравіч не глядзіць, кажа, што вочы баляць, але  з задавальненнем слухае радыё, адкуль і даведваецца аб падзеях,  што адбываюцца ў краіне і свеце.

  А вось суседзі дзядулі Надзея і Васіль Бягезы да прыезжых адносяцца з падазронасцю.

— Хто вы такія? Чаго вы тут ходзіце і нешта запісваеце? – гучыць суровы мужчынскі голас з суседняга падворка.

Спрабую жартаваць. Не атрымліваецца. Ва­сіль Пятровіч пачынае злавацца. Напэўна, ніхто не здзівіўся б, калі б у мужчыны ў руках раптам з’явілася стрэльба. Падрабязна тлумачу, што да чаго і толькі тады Васіль Пятровіч перастае даймаць  пытаннямі. Напэўна, гэта нармальна, усё ж такі прыгранічная зона, і ці мала хто тут можа швэндацца.

І хоць у вёсцы дажываюць свой нялёгкі век пенсіянеры, падворкі ў многіх дагледжаныя, прыбраныя. Адразу кідаецца ў вочы і двор Ганны Якаў­леўны і Аляксея Міхайлавіча Кацюбаў. Усюды чысціня, кожная рэч на сваім месцы, поле прыбранае толькі ў агародчыку дагараюць познія кветкі. Гаспадары дбаюць аб надзённым, сабралі ўраджай, трэба на зіму поле ўзараць. Агарод невялікі – усяго 15 сотак. Гэта раней, калі яшчэ маладзейшымі былі, гаспадарку вялікую трымалі, а зараз на падворку некалькі курачак ды козачка Маліна. Ганна Якаўлеўна на лёс не наракае, хоць у жыцці ўсяго хапала. Працавалі раней цяжка, адпачываць не было калі. Тым не менш, Ганна Якаўлеўна і Аляксей Міхайлавіч пражылі разам 60 гадоў, выгадавалі шасцярых дзяцей. Адна дачка жыве ў Расіі, у Ліпецку. Сыны – бліжэй, абуладкаваліся ў Брэсце і на Маларытчыне. Ганна Якаўлеўна нешматслоўная. Гаворыць, што няма чаго пра іх пісаць, што яны сціплыя звычайныя вяскоўцы, якія ўсё жыццё працавалі на зямлі. 

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий