Самая багатая матуля Маларыцкага раёна

Шматдзетная матуля Вера Саўчук з Мельнік галоў­ным багаццем у сваім жыцці лічыць дзяцей, якіх у яе трынаццаць.    Фота райгазеты «»

Вера Саўчук з вёскі Мельнікі – самая багатая маці ў Ма­ларыцкім раёне. Яна выхавала 13 дзяцей: пяцярых хлопчыкаў і восем дзяў­чынак. Многія з іх маюць ужо сваіх дзяцей і нават унукаў. Калі б сабраць разам усю вялікую і гаманкую сям’ю Веры Мікалаеўны, то месца ўсім бы хапіла ў дыхтоўным і ўтульным доме шматдзетнай матулі. 

Яна ніколі не думала, што ў яе будзе такая вя­лікая сям’я. У бацькоў Веры было толькі двое дзетак. І нават гэтых дваіх гарэз надзвычай цяжка было падняць на ногі ў пасляваенны час. Таму і скончыла Вера толькі пачатковую школу, што была ў Мельніках, на­вучыўшыся чытаць ды пісаць.

— Вучыцца далей не бы­ло як, — прыгадвае сваё гаротнае дзяцінства бабуля, якая сёлета размяняла дзявяты дзясятак. – Сярэдняя школа знаходзілася ў Хаціславе, а хадзіць туды не было ў чым. Бацька плёў пасталы з ліпавага лыка, так-сяк зіму і хадзіла ў іх. У 12 гадоў пайшла ў калгас маці дапамагаць: палола буракі, церла лён, каноплі рвала.

Забягаючы крыху наперад, адзначу: Вера Мі­калаеўна, нягледзячы на тое, што нарадзіла столькі дзяцей, мае пра­цоўны стаж больш за трыццаць гадоў. Мясцоваму калгасу яна аддала частку свайго жыцця, і нават калі выйшла на заслужаны адпачынак, працягвала апрацоўваць калгасныя палеткі.

Шматдзетная матуля адзначае, што раней у Мельніках жыццё ві­равала. Часта ў вёсцы ладзіліся танцы, калі пад мелодыі заліхвацкага гармоніка да світання тан­чылі хлопцы і дзяў­чаты.

На адным з такіх танцавальных вечароў яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Іванам. Доўга не сустракаліся, пастаялі толькі некалькі вечароў каля Вераччынай хаты. Аднаго вечара Іван проста, без усялякіх дыфірамбаў, прамовіў: “Выходзь за мяне замуж, не пашкадуеш”. Вера пагадзілася, дзяўчыне ішоў 19 год. Два дні гуляла і спявала вяселле ў Мельніках. Вера з Іванам нават абвянчаліся ў Хаціслаўскай царкве. Было гэта ў маі. А праз належны час у сям’і Саўчукоў з’явіўся на свет першынец, якога назвалі Андрэйкам. Адзін за адным пайшлі дзеці: Ніна, Марыя, Міколка. З Міколкам здарылася няшчасце: хлопчык захварэў і літаральна на вачах маці згарэў за некалькі дзён.

— Міколку тады споўні­лася 10 месяцаў, як я пайшла калгасныя бу­ракі абрабляць, а дзіця пакінула на старую свяк­роў, — прыгадвае з болем у сэрцы маці. – Што там здарылася, не ведаю. Мажліва, яна яго нечым халодным напаіла ці за­студзіла, але ўвечары сыночак не стаў есці. На наступны дзень адвезлі ў бальніцу, але было ўжо позна.

Напэўна,  Усявышні паш­­кадаваў маладую жан­­чыну, якая цяжка перажывала заўчасную смерць свайго сыночка, і паслаў ёй яшчэ тузін дзяцей. На радасць бацькам у 1967 годзе нарадзілася Аленка, праз год з’явіўся на свет Віктар, у маі 1970 года абвясціла аб сваім нараджэнні звонкім крыкам маларыцкі радзільны дом Галінка. Затым у сям’і нарадзіліся Ірына, Наталля, Анатоль, Лідзія, Генадзь, Святлана і апош­нім —  Сяргей. 

Калі расказвала пра сва­іх дзетак,  вочы ў Веры Мі­ка­лаеўны свяціліся ад шчасця. Гэта сапраўднае багацце, якое не пры­дбаеш ні за якія грошы ў свеце. І ніводнага слова не гаворыць Вера Мікалаеўна, як цяжка і складана ёй было падняць іх усіх на ногі. Спачатку яны ўсе туліліся ў невялічкай хатцы. Хлопцы спалі на канапе, да якой Вера Мікалаеўна прымайстравала тапчан, каб усе маглі ўхутацца коўдрай. Безумоўна, не шыкавалі, але і не га­ладалі,  абар­ванцамі дзеці не хадзілі. Дбайная гаспадыня заў­сё­ды глядзела, каб чыстыя і прыбраныя пай­шлі ў школу, вучыла дзяцей з ашчаднасцю адносіцца да рэчаў. Так,  у любові ды згодзе і падрасталі дзеці. Старэйшыя на­глядалі за малодшымі, дапамагалі матулі па гас­падарцы. Хлопцы і дзяўчаты раслі руплівымі і працавітымі.

— Памятаю адзін эпізод са свайго жыцця, — прыгадвае Вера Мікалаеўна. – Еду аднаго разу ў аўтобусе па нейкай там патрэбе ў горад. Побач сядзяць дзве кабеты і адна другой скардзяцца, як цяжка дваіх дзяцей выгадаваць. Шмат грошай патрэбна на адзенне, а колькі часу займае выхаванне, не кажучы ўжо аб прыгатаванні ежы. Слу­хала я і не вытрымала, усміхнулася з іх размовы.

— У вас, напэўна, няма дзяцей, калі вы так скептычна ўсміхаецеся, —  з крыўдай у голасе сказала адна з маіх суседак.

— Не, памыляецеся, іх у мяне ажно трынаццаць. І я добра ведаю, што такое апрануць і як іх пракар-міць,  – адказваю я,  а сабе ўяўляю, як кожны дзень гатую шасцілітровую каструлю супу,  ад якога праз гадзіну нічога не застаецца.

 Пасля гэтых слоў жанчыны змоўклі і больш не прамовілі ні слова. Відаць,  кожная з іх абдумвала пачутае.

Нягледзячы на ўзрост, а жанчыне сёлета споў­нілася 80 гадоў, яна цу­доўна памятае дні нараджэння кожнага свайго дзіцяці.

— У мяне няма і не бы­ло любімчыкаў, — гаворыць маці-гераіня. —  Я ўсіх сваіх дзяцей люблю аднолькава. Праўда, у кагосьці жыццё склалася, і я за іх спакойна. Вельмі перажываю за сваіх  чатырох сыноў, якія дагэтуль так і не ажаніліся, ходзяць бабылямі.

У Веры Мікалаеўны – 14 унукаў і 7 праўнукаў, якіх яна таксама вельмі любіць і шануе. І аб адным сумуе, што 15 гадоў таму назад пай­шоў з жыцця муж – Іван Андрэевіч, якога так ча­сам не хапае побач. Дзеці, нібыта тыя птушаняты, даўно разляцеліся з роднага дому. Абулад­каваліся хто дзе: у Брэ­­це, Гомелі, Кобрыне, Ма­ларыце, Хаціславе. Вера Мікалаеўна жыве са сваімі нежанатымі сынамі і марыць, што нарэшце і яны прывядуць у хату нявестак.  

Перада мной на канапе сядзіць, на першы погляд, звычайная  жанчына, якая не закончыла нават базавую школу. Але якую жыццёвую мудрасць яна спазнала за гады свайго жыцця – такія веды  нават ва ўніверсітэтах не атрымаеш. Яе сціплая, зграбная постаць здаец­ца вялікаснай. Яна —  са­праўдная палеская Ма­донна,  са стомленымі, спра­цаванымі рукамі,  якіх цалавала сонца і ўмывалі халодныя дажджы, што пакінулі пасля сябе глы­бокія чорныя шрамы і маршчынкі на некалі маладой і аксамітнай скуры. Да кожнай з гэтых маршчынак хочацца прыпасці вуснамі, бо няма нічога пяшчотней на зямлі, чым ласкавыя рукі маці, што заўсёды нас аберагаюць ад розных бед. 

Кацярына Яцушкевіч.

                                                                                                                                 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий