Урок па-за раскладам,

ці Майстар-клас з удзелам Барыса Пухоўскага
У спартыўным жыцці Маларытчыны адбылася важная падзея. Гэтымі днямі ва ўстанове ”Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа” прайшоў майстар-клас знакамітых беларускіх гандбалістаў. Падзяліцца сваім багатым вопытам да юных спартсменаў горада прыехалі зоркі першай велічыні ручнога мяча. Гэта – Барыс Пухоўскі, капітан, разыгрываючы гандбольнага клуба “Дынама-Мінск” і мужчынскай нацыянальнай каманды краіны, наш зямляк; Андрэй Крайноў, былы варатар нацыянальнай зборнай і Брэсцкага гандбольнага клуба імя Мяшкова; Іван Семяненя, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола.
-Пра такі візіт мы марылі даўно, — кажа Міхаіл Улезла, дырэктар ДзЮСШ. –Для маларыцкіх гандбалістаў гэтае мерапрыемства стала сапраўдным святам. Не так часта спартсмены міжнароднага ўзроўню бываюць на нашай пляцоўцы і даюць урокі высакакласнай гульні, паказваюць, як трэба прафесійна іграць. Ды і пагутарыць з легендамі нацыянальнага гандбола выпадае не кожны дзень. А Маларыта вартая таго, каб у сваіх спартыўных залах сустракаць зорак першай велічыні. Мы маем выдатную гандбольную школу і традыцыі. Наша спартыўная школа дала пуцёўку ў жыццё і Раісе Грэбень, заслужанаму трэнеру РБ па гандболу; Віталію Чорнаму, кандыдату ў майстры спорту па гандболу, суддзі нацыянальнай катэгорыі; Андрэю Хапалю і Кацярыне Чорнай, кандыдатам у майстры спорту па гандболу… Спадзяюся, што сённяшняя сустрэча паспрыяе далейшаму развіццю ручнога мяча ў нашым рэгіёне, стане своеасаблівым штуршком для планамернага руху наперад.
— Наш візіт у Маларыту невыпадковы, — расказвае Іван Семяненя. – Гэта планавае мерапрыемства. Маларыта – чацвёрты горад Беларусі, дзе мы праводзім такі майстар-клас. Да гэтага былі Слуцк, Лепель, Мінск. Такімі выездамі ў рэгіёны наша федэрацыя імкнецца папулярызаваць гандбол у першую чаргу ў правінцыях, узняць яго на больш высокі ўзровень. У час такіх сустрэч нашы спартсмены паказваюць элементы гульні высокага класа для тых, хто сёння толькі пачынае свой шлях да вышынь майстэрства. Іх гульня – эталон для юных гандбалістаў, прыклад, які варты пераймання. У Маларыце мы павінны былі пабываць, бо гэта – радзіма Барыса Пухоўскага. А такіх ігракоў, як ён, у навейшай гісторыі беларускага гандбола мала. Пасля чэмпіянату Еўропы, дзе ў складзе зборнай краіны быў Барыс, запалілася яго зорка. Барыс – самы выніковы ігрок зборнай.

Я прыемна ўражаны, па-першае, вашым цудоўным горадам, па-другое, залай, дзе прайшла сустрэча, і ўніверсальным комплексам у цэлым. Выдатна. Усё на вышыні. Тут можна нават праводзіць трэніровачныя зборы каманд, у тым ліку – і нацыянальнай. Думаецца, што ў будучым у зале комплекса будзе праведзены не адзін таварыскі матч паміж рознымі камандамі. У Маларыце створаны ўмовы для падрыхтоўкі гандбалістаў. Ёсць база, ёсць кадры. Перакананы, будзе і вынік.
У зале ДзЮСШ сабралася многа прыхільнікаў гандбола. Сярод іх былі родныя і блізкія Барыса Пухоўскага. Паглядзець на выступленне славутых спартсменаў прыйшлі вучні устаноў адукацыі горада. Пасля ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства выступілі Іван Семяненя, Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама; Генадзь Германюк, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму, і Міхаіл Улезла, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Потым пачалася размінка. Яе праводзілі з дзвюма камандамі юных гандбалістаў Барыс Пухоўскі і Андрэй Крайноў. Далей былі кідкі па варотах, дзе мячы лавілі славутыя спартсмены, паказвалі некаторыя гульнявыя элементы. Але кульмінацыяй сустрэчы стала гульня. Сапраўдная, па ўсіх правілах. У складзе адной каманды быў Барыс Пухоўскі, другой – Андрэй Крайноў. Балельшчыкі атрымалі асалоду ад убачанага. Напрыканцы мерапрыемства лепшыя юныя гандбалісты атрымалі прызы.
Між іншым, Іван Семяненя дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе падарыў 30 гандбольных мячоў і 16 камплектаў формы. Намеснік старшыні БФГ таксама паабяцаў, што федэрацыя паспрыяе таму, каб у зале, дзе праходзіла спаборніцтва, з’явілася электроннае табло. Калі? У кастрычніку гэтага года. І яшчэ адна прыемная навіна. Дасягнута дамоўленасць аб тым, што ў 2012г. традыцыйнаму адкрытаму навагодняму гандбольнаму турніру будзе нададзены новы статус — на прызы Барыса Пухоўскага. Яго арганізатарамі выступяць: аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама і Беларуская федэрацыя гандбола.
Р.S. Мерапрыемства ўмела і цікава правёў Леанід Бандаровіч, галоўны дыктар, суддзя-інфарматар стадыёна “Дынама” (г.Мінск). Ён з’яўляецца каментатарам усіх футбольных матчаў на стадыёне.
Ініцыятарамі правядзення гандбольнага майстар-класа сталі Міхаіл Улезла і Генадзь Германюк. Плануецца, што восенню гэтага года будзе праведзена яшчэ адно такое мерапрыемства па другой спецыялізацыі ДзЮСШ — лёгкай атлетыцы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: майстар-клас капітана мужчынскай нацыянальнай зборнай краіны па гандболу Барыса Пухоўскага на пляцоўцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы; аўтограф на памяць.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


краска для ванной комнаты

steroid-pharm.com

steroid-pharm.com/british-dragon.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!