В Малорите есть возможность постигать цирковое искусство
З гэтага навучальнага года, задавальняючы запыты дзяцей, у школе мастацтваў пачаў дзейнічаць цыркавы гурток “Арлекін”. Цяпер у ім займаецца 8 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў. Заняткі два разы на тыдзень праводзіць Ірына Кавалеўская, настаўніца па класе харэаграфіі, кіраўнік харэаграфічнага калектыву “Задзірысты абцасік”.
— Ірына Даніілаўна, выпускніца Кобрынскай цыркавой студыі, Пінскага вучылішча мастацтваў, — асоба творчая і надзвычай працавітая, — гаворыць дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Ірына Пятрухіна. — Калі яна ставіць перад сабой нейкую мэту, то абавязкова яе ажыццяўляе. Ірына Кавалеўская не адзін год ужо ў нас выкладае асновы цыркавога мастацтва. Некаторыя акрабатычныя нумары, падрыхтаваныя дзецьмі, можна было ўбачыць падчас іх выступленняў на розных святочных мерапрыемствах у горадзе.
— Ірына Эдуардаўна, як узнікла ідэя адкрыць цыркавы гурток?
— У нашай дзіцячай школе мастацтваў для яе вучняў у вучэбным плане прадугледжана для дадатковага навучання некалькі прадметаў на выбар. У пералік уключаны і “Асновы цыркавога мастацтва”. Многія вучні з задавальненнем наведваюць гэтыя заняткі. Аднак некаторыя дзеці, якія ў дзіцячай школе мастацтваў не вучацца, таксама выказалі жаданне засвоіць асновы цыркавога мастацтва. Ідучы насустрач іх пажаданням, і быў адкрыты гурток на платнай аснове.
Ірына Кавалеўская расказвае, што ў праграму навучання ўключаны элементы гімнастыкі, акрабатыкі, жангліравання… Кожнае дзіця можа выбраць накірунак дзейнасці ў адпаведнасці са сваімі фізічнымі дадзенымі. Навучанне мае індывідуальна-групавы характар.
— У Маларыце ёсць здольныя дзеці, якія з радасцю і задавальненнем займаюцца цыркавым мастацтвам, — адзначае Ірына Кавалеўская. — На жаль, у нас няма пакуль памяшкання для цыркавой студыі, якое б адпавядала патрабаванням бяспекі і было абсталявана ўсім неабходным.
Ірына Даніілаўна верыць, што калі-небудзь яе мара пра студыю здзейсніцца. А пакуль яна запрашае на заняткі ў цыркавы гурток “Арлекін”.
Мікалай НАВУМЧЫК.