Сакрэтам  выпякання грачанікаў  валодаюць у  Брадзяціне (Маларыцкі раён)

Грачанікі, або хлеб з грэцкай мукі, пякуць толькі на Маларытчыне, ды  і тое не ў кожнай вёсцы валодаюць гаспадыні майстэрствам выпякання духмяных боханаў. Старадаўні рэцэпт перадаваўся з пакалення ў пакаленне, ад маці да дачкі, ад бабулі да ўнучкі. Без грачанікаў не абыходзілася ні адна значная падзея ў жыцці той ці іншай сям’і. Хлеб з грэцкай мукі абавязкова ўпрыгожваў вясельныя сталы, ім частавалі гасцей на радзінах і калі праводзілі нябожчыка ў апошні шлях.

Грачанікі – сапраўдны брэнд маларыцкага краю, сімвал яго самабытнасці і гасціннасці маларытчан. І зараз рыхтуюцца дакументы аб наданні гісторыка-культурнай каш­­­тоўнасці тэхналогіі вырабу хлеба з грэцкай мукі.

Еўдакія Васільеўна Пракапук ведае ўсе сакрэты прыгатавання грачанікаў. Мяккія боханы духмянага хлеба выпякае жанчына не адзін год.

— Кожны дзень хлеб не пяку, а вось на святы дык стараюся парадаваць сваіх родных смачным боханам,- расказвае Еўдакія Васільеўна. – Раз на раз не даводзіцца. Не заўсёды нават у самай вопытнай гаспадыні могуць атрымацца гра­чанікі. Залежыць гэта ад якасці самой мукі, дражджэй, а можа, нават і ад настрою жанчыны.

Таму заўсёды перад тым як пачаць замешваць цеста ці ставіць яго ў гарачую печку, Еўдакія Васільеўна чытае малітвы. Жанчына лічыць, што ні­якага асаблівага сакрэту ў пры­гатаванні грэцкага хлеба няма. Галоўнае – прытрымлівацца пэўнай тэхналогіі.

— Упершыню паспрабавала я грачанікі ў Збуражы, на вяселлі ў родзічаў, — працягвае свой аповяд гаспадыня. – Хлеб быў настолькі смачны,  што я не ўстрымалася і адшукала жанчыну, якая яго пякла. Яна мне і расказала пра ўсе нюансы выпякання грачанікаў. Дома паспрабавала прыгатаваць, першы раз вельмі хвалявалася, але дарма,  хлеб атрымаўся.

Як расказала бабуля Еўдакія, для грачанікаў патрэбна два гатункі мукі:  пшанічная і грэцкая. На пытанне, дзе бяруць грэцкую муку, Еўда­кія Ва­сільеўна адказала, што грэчку вырошчваюць самі. Каб атрымаць сапраўдную грэцкую муку,  малолі грэчку спачатку на старых жорнах, а потым гаспадар Мікалай Васільевіч змайстраваў млын,  які працуе ад элект­раэнергіі.

— На 4 кілаграмы пша­нічнай мукі дабаўляю невялікую місачку грэцкай, — дзеліцца сакрэтам брэндавага хлеба Еўдакія Васільеўна. – Замешваю цеста, у якое дадаю крышачку масла, смятаны, солі, разваранага проса, натаркаваную бульбіну і абавязкова сыплю насенне чарнушкі, што надае хлебу асаблівы водар. Цеста некалькі гадзін стаіць, падыходзіць. Калі бачу, што яно ўжо гатовае, раскладваю на бляхі і са­джаю ў печ. Праз гадзіну грачанікі будуць гатовыя.

Затым духмяныя боханы хлеба Еўдакія Ва­сільеўна спраўна дастане з печы, змажа алеем і накрые льняным ручніком, каб астывалі. Асаблівасць хлеба яшчэ і ў тым, што выпякаецца ён з натуральных прадуктаў, без усялякіх дабавак.

Ля дыхтоўнай печкі ва ўтульнай кухні стаіць маслабойка. Не дзеля прыгажосці або як рарытэт. Бабуля Еўдакія сама робіць сметанковае масла, варыць сыр з казінага малака. На падворку гас­падароў ходзяць дзве козачкі і козлік.

— Раней карову трымалі, — далучаецца да размовы гаспадар Мікалай Васільевіч. – Потым прадалі, гады ўжо не тыя, няма здароўя. А за козамі даглядаць прасцей. Ды і сена не трэба столькі нарыхтоўваць,  як на карову. Малака нам дастаткова. Улетку кожная  з дзвюх козачак дае па тры літры малака.

Мікалай і Еўдакія Пра­капукі лёгкай долі не шукалі, працавалі ад сві­тання да цямна ў калгасе. Еўдакія Васільеўна аддала мясцовай гаспадарцы ні многа, ні мала, а 38 гадоў свайго жыцця. Мікалай Васільевіч таксама не адзін год ад­працаваў трактарыстам, затым слесарам. Падчас жніва шчыраваў на зернесушыльным комплексе. Паднялі на ногі дваіх сыноў, якія жывуць непадалёку і заўсёды дапамагаюць бацькам. Але самае галоўнае багацце для Мікалая Васільевіча і Еўдакіі Васільеўны —  5 унукаў і 4 праўнучкаў.

Размяняўшы восьмы дзясятак, Пракапукі яшчэ арандуюць два з паловай гектары зямлі, на якой вырошчваюць зерневыя, бульбу, грэчку для грачанікаў, а таксама агародніну.

На святы і ў нядзелю Еўдакія Васільеўна ходзіць на службу ў царкву, што ў суседняй вёсцы Гвозніца. Такім чынам жанчына адпачывае ад паўсядзённых клопатаў  і ў малітвах просіць Усявышняга і Маці Боскую ахінуць усіх родных і блізкіх сваім нябесным заступніцтвам, дараваць міласэрнасць, любоў і паразуменне.

— Гэта вельмі важна – навучыцца слухаць, любіць і дараваць адзін аднаму, — прызнаецца жанчына.

Еўдакія Васільеўна  са сваім мужам пражылі ра­зам 56 гадоў і за гэты час не толькі не надакучылі адзін аднаму, а, наадварот, захавалі пачуццё замілавання ў сваіх ад­носінах. Гэта адчувалася і падчас размовы ў кожным іх слове і нават паглядах, што кідалі яны адзін на аднаго,  прыгадваючы сваю далёкую маладосць. Няхай і надалей абярэгам гэтай працавітай і дружнай сям’і  будзе духмяны бохан залацістага грэцкага хлеба. 

  Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!