Работники Малоритского КОСКа — настоящие профессионалы

Уся дзейнасць Маларыцкага кансерва­вага­род­нінасушыльнага камбіната накіравана на вытворчасць канкурэнтназдольнай і бяспечнай прадукцыі, якая задавальняе патрабаванням  і густам спажыўца. Дзякуючы высокай  яе якасці, камбінат заваёўвае новыя рынкі збыту, атрымлівае шматлікія ўзнагароды.

На кансервавагароднінасушыльным камбінаце заўжды аддавалі і аддаюць належнае прафесіяналам і цэняць сваіх работнікаў за іх дзелавыя якасці.  

“Таптышка” – мой лёс

Таццяна Самасюк (на здымку)  – аператар лініі па вытворчасці харчовай прадукцыі змены № 2 камбіната. На гэтай пасадзе жанчына шчыруе ўжо 9 гадоў. Вопыт работы на прадпрыемстве дазваляе ёй паспяхова спраўляцца з усімі пастаўленымі задачамі. На камбінат Таццяна Самасюк трапіла выпадкова.

– Пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску неабходна было недзе працаўладкоўвацца, – расказвае Таццяна Уладзіміраўна. – Вярнуцца на ранейшую работу ў Брэст палічыла немэтазгодным, бо  сыну Івану было толькі 2 гады. Тады муж, які працаваў  этыкероўшчыкам  на складзе гатовай прадукцыі,  прапанаваў на сезон стаць часовай рабочай на прадпрыемстве. Вырашыла паспрабаваць.

Таццяна Самасюк, дзе б ні працавала, да даручанай справы заўсёды ставілася адказна. Таму яе хутка заўважыла кіраўніцтва камбіната і прапанавала па­стаяннае месца працы. Працоўная біяграфія Таццяны Уладзіміраўны на прадпрыемстве пачыналася з мыйкі, затым было варачнае аддзяленне. А ўчастак, на якім яна шчыруе цяпер, – адзін з самых адказных і важных.

– Мая праца мне падабаецца, – кажа Таццяна Самасюк. – Заўсёды хочацца, каб атрыманая прадукцыя не толькі адпавядала ўсім патрабаванням і стандартам, але і падабалася людзям. І  сваю работу я  ніколі не памяняю на іншую.

Майстар

Бясспрэчны аўтарытэт і ў майстра кацельні Аляксандра Дзібука (на здымку), які працоўную дзейнасць на камбінаце пачаў у 2002 годзе. У яго  багаты прафесійны і жыццёвы вопыт.

– Яшчэ ў школьныя гады вырашыў, што буду працаваць менавіта тут, – гаворыць Аляксандр Леанідавіч. – Гэтаму ў значнай ступені паспрыяла тое, што мая маці Ганна Аляксандраўна Дзібук 37 гадоў адпрацавала бухгалтарам на прадпрыемстве. Таму аб ім многае ведаў, не раз там бываў.

Спачатку на камбінат Аляксандр Дзібук уладкаваўся слесарам па рамонту і абслугоўванні абсталявання. Пасля службы ў арміі ён вярнуўся на сваё прадпрыемства, а пазней быў пераведзены майстрам кацельні.  Цяпер Аляксандр Леанідавіч – майстар сваёй справы. Ён пастаянна павышае  прафесійны ўзровень. За плячамі Аляксандра – вучоба ў Віцебскім  станкаінструментальным тэхнікуме і Брэсцкім тэхнічным універсітэце. Калегі Аляксандра Дзібука кажуць, што яго характар “заражаны вірусам” спагады і неверагоднай працаздольнасці. Усе, хто яго ведае, адзначаюць камунікабельнасць, пачуццё гумару і аптымізм майстра.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!