Как живётся брестчанке, переехавшей в Малоритский район?

Пра Тамару Семянюк, былую жыхарку абласнога цэнтра, якая пераехала жыць у невялічкую вёсачку Брадзяцін, раённая газета “” пісала два гады таму. Здаецца, прайшло зусім нямнога часу, але ў Брадзяціне шмат што змянілася. Паглядзеўшы, як абуладкавалася ў вёсцы Тамара Валяр’янаўна, з яе ўзялі прыклад і некаторыя брастаўчане, якія пачалі купляць пустуючыя ўчасткі з сядзібамі і аднаўляць іх.

Фота райгазеты «»

Надоечы пабываўшы ў тых мясцінах, мы наведаліся зноўку да Тамары Семянюк, каб даведацца, як зараз пажывае былая гараджанка і ці не шкадуе, што памяняла гарадское жыццё на цішыню вясковых вуліц.

— Чаму не заехалі да мяне ранняй восенню, пакаштавалі б майго вінаграду, — з непрыхаванай роспаччу ў голасе прыгаворвае гаспадыня, гасцінна за­прашаючы на свой падворак.  – Я сама нават уявіць не магла, што адна гронка можа важыць за два кілаграмы. Зараз у мяне 25 розных гатункаў вінаграду. Толькі вось нядаўна ўкрыла ўвесь на зімоўку.

У Тамары Валяр’янаўны вінаград ад­борны, саджанцы якога яна спецыяльна купляла на разнастайных выставах, што ладзяцца ў Мінску і Пінску. Жанчына адзначае, што вырошчванне вінаграду – занятак, які патрабуе шмат грашовых выдаткаў. Па-першае, вельмі дарагія саджанцы. Адна галінка каштуе ад 12 да 20 рублёў. Не ўлічваючы таго, што патрэбна ўсталяваць металічны каркас, па якім будзе паўзці вінаград, а таксама набыць спанбонд для ўкрывання раслін падчас замаразкаў. Затое якое потым за­давальненне частаваць родных і знаёмых салодкімі духмянымі гронкамі ягад!

Займаецца Тамара Семянюк і вы­рошч­ваннем  саджанцаў туі. За дых­тоўным домам і ля хлявоў выстаўлены ў рады скрыначкі з расадай і саджанцамі веч­назялёнага дрэва – усяго больш за 5 тысяч кустоў. Эксперыментаваць жан­чына не баіцца, акрамя маліны, клуб­ніц “Купчыха”, 5 гатункаў буякоў, растуць на падворку і такія экзатычныя дрэвы і расліны, як актынідыя ка­ламікта, ківі, персік, фундук. Калі глядзіш на ўсю гэтую разнастайнасць расліннага свету, нават і не верыцца, што большую па­­лову жыцця Тамара Валяр’янаўна пра­цавала з тэхнікай. У свой час жанчына скончыла Лідскі індустрыяльны тэхнікум па тэхабслугоўванні аўтамабіляў, ат­­­­ры­­маўшы зусім не жаночую спе­цыяльнасць тэхніка-механіка. Словам, з аўтамабілямі Тамара Семянюк на “ты”. “Тэарэтычна магу выправіць лю­бую паломку. Нездарма ж вучылася. Толькі няхай гэтым займаюцца муж­чыны”,- жартуючы, адзначае Тамара Валяр’янаўна, якая мае за плячыма 40-гадовы стаж вадзіцеля. Яна віртуозна кіруе як вялікагрузнымі машынамі, так і легкавымі аўтамабілямі. Праўда,  толькі, калі выйшла на заслужаны адпачынак, увасобіла ў жыццё сваю патаемную мару. Жанчына не крывіць душой, калі кажа, што нічога само па сабе не атрымаецца. І на зямлі, каб быў вынік, патрэбна шмат працаваць. Але гэта таго варта. Зямля надзяляе энергіяй працавітых, а гультаёў не любіць. Станоўчай энергетыкі, запалу і бадзёрасці Тамары Валяр’янаўне не займаць. Расказваючы аб сваіх на­працоўках, задумках і планах, жанчына ажно свеціцца ўся знутры.

— Вось гэты побач з домам пустуючы надзел зямлі, дзесьці каля пяцідзесяці сотак, афармляю ў арэнду, — паказваючы на зарослы бур’яном участак, кажа Тамара Семянюк. – Планую тут пасадзіць клубніцы, буякі, парэчкі, кавуны. Словам, мелася б зямля, а што на ёй вырошчваць — знойдзецца.

Побач з сядзібай Тамары Валяр’янаўны ўчасткі набылі яшчэ дзве маладыя сям’і, якія ў хуткім часе плануюць пераехаць з Брэста ў вёску.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!