«Медицина на селе» В Луково работают настоящие профессионалы (Малоритский район)

Няма на зямлі больш высакароднай справы, чым лячыць людзей, дапамагаць дзецям і дарослым пераадолець тую ці іншую хваробу, вяртаць чалавеку надзею і прагу да жыцця. У гэтым яшчэ раз пераканалася, калі пабывала ў Лукаўскай амбулаторыі, дзе працуюць сапраўдныя спецыялісты.

Сёлета ў амбулаторыі ад­­­бы­ліся прыемныя перамены: змяніўся як знешні, так і ўнутраны выгляд будынка. Да раённага свята хлебаробаў тут быў праве­дзены дыхтоўны рамонт, закуплена новае стаматалагічнае абсталяванне. Словам, створаны ўсе належныя ўмовы як для работы медыцынскага персаналу, так і для вяскоўцаў. Два разы на тыдзень прыём пацыентаў праводзіць урач агульнай практыкі Ігар Муш. Ён пакуль замяняе загадчыка амбулаторыі Вікторыю Мігаленя , якая знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцём.

Ігар Мікалаевіч добра ведае мясцовых жыхароў. Сваю працоўную медыцынскую дзей­­насць некалькі гадоў таму малады ўрач пачынаў у Лукаве. Сёння асноўная работа Ігара Мікалаевіча, дарэчы, патомнага ўрача-рэаніматолага, у рэанімацыйным аддзяленні Маларыцкай цэнтральнай баль­­ніцы.

— З медыцынскімі кадрамі ў амбулаторыі праблем няма, — расказвае ўрач Ігар Муш. –  Штат цалкам укамплектаваны. Акрамя мяне, тут працуюць фельчар-акушэр  Галіна Сцепанюк, зубны доктар Ілья Клачан, медыцынская сястра Ніна Дардзюк, санітаркі Кацярына Алесіюк і Таццяна Кардзялюк, а таксама вадзіцель Аляксандр Алесіюк. Калектыў зладжаны і вельмі дружны. Многія працуюць у амбулаторыі не адзін год і на іншым месцы сябе проста не ўяўляюць.

На працягу 13 гадоў ездзіць з Маларыты ў Лукава зубны фельчар Ілья Клачан. Ілья Мікалаевіч у размове прызнаўся, што вельмі любіць сваю работу, якая прыносіць сапраўднае задавальненне. У дзяцінстве маленькі Ілья ніколі не баяўся візітаў да зубнога ўрача. А дзесьці ў 6 класе падлетак  вырашыў, што будучую сваю прафесію звяжа з медыцынай. Так і атрымалася. Пасля заканчэн­ня Маларыцкай СШ №3 пайшоў вучыцца ў Аршанскі медыцынскі каледж  на зубнога фельчара. Зараз Ілья Клачан – вопытны спецыяліст, які ведае пра зубы ўсё і нават больш. Да сваёй работы ён падыходзіць вельмі адказна і стараецца адразу наладзіць кантакт са сваімі пацыентамі, асабліва маленькімі, каб апошнія не адчувалі сябе няўтульна ў крэсле.

— На жаль, карыес “мала­дзее”, — адзначае Ілья Мі­калаевіч. – Прыходзяць бацькі з ма­ленькімі дзеткамі, у якіх пашкоджаны малочныя зубы. Некаторыя лічаць, што малым не трэба чысціць зубы, і не прывучаюць дзяцей да гігіены ротавай поласці. Дарма. Зубы не менш важны орган чалавека, а хворыя зубы, паедзеныя карыесам, яшчэ нікому не на­давалі прывабнасці.

Дарэчы, у самога зубного фельчара зубы ў належным стане. Як прызнаўся Ілья Мікалаевіч, іх ён чысціць тры разы ў дзень і ніколі не карыстаецца адбельваючай пастай і іншым не раіць. Увогуле,  у ідэале праводзіць гігіену поласці рота патрэбна пасля кожнага ўжывання ежы.

Ілья Мікалаевіч напрыканцы размовы выказаў словы падзякі і адміністрацыі Маларыцкай ЦРБ, і кіраўніцтву ААТ “Чырвоны партызан”, што знайшлі сродкі і набылі новую шматфункцыянальную  стаматалагічную ўстаноўку, што адпавядае ўсім  сучасным патрабаванням і лячыць зубы на якой адно задавальненне як для ўрача, так і для пацыента.

Напрацягу 27 гадоў шчыруе ў амбулаторыі фельчарам-акушэрам Галіна Сцепанюк. Праз яе чулыя рукі прайшло не адно пакаленне лукаўцаў. Фельчар, тым больш на вёсцы – гэта і тэрапеўт, і педыятр, і хірург, і неўрапатолаг з псіхолагам у адной асобе. Забаліць спіна ці заколе нешта ў грудзях або схопіць жывот,  і спяшаюцца вяскоўцы за паратункам да свайго доктара – сельскага фельчара. І тут вельмі важна не разгубіцца, прыняць правільнае рашэнне, паставіць адпаведны дыягназ. А вопыту Галіне Сцяпанаўне не займаць.

— З рознымі праблемамі звяр­таюцца вяскоўцы, — расказвае фельчар. – Ад прастуды да сардэчна-сасудзістых захворванняў. Але,  як гаворыцца, хваробу лепш па­пярэдзіць, чым потым яе ля­чыць. Таму вялікая ўвага надаецца пра­філактыцы за­хворванняў.

Час ад часу нашу гутарку перапыняюць наведвальнікі медыцынскай установы. Вось у амбулаторыю зазірнула маладая матуля з немаўляткам на руках, каб зрабіць прышчэпку.

Дарэчы, сёлета прышчэпкі ад грыпу ў Лукаўскай ам­бу­латорыі зрабілі 203 дзецям і 445 дарослым.

— Ад прышчэпак не адмаў­ляюцца, наадварот, улічваючы  сітуацыю,  што сёлета склалася па адзёру на Украіне, ніхто не хоча рызыкаваць здароўем сваіх дяцей, – працягвае гаворку ўрач Ігар Муш. – Бываюць, канечне,  выключэнні. Але такіх людзей адзінкі.

Неабходна адзначыць, што ўчастак, які абслугоўваюць медыкі Лукаўскай амбулаторыі, немаленькі. Гэта 10 населеных пунктаў, якія ўваходзяць у склад Лукаўскага і Чарнянскага сельсаветаў. А гэта больш за 1000 чалавек.

— На прыём, бывае, прыхо­дзяць і да трох дзясяткаў ча­лавек, а бывае, што і дзесяць, — расказвае доктар. – Летам пацыентаў намнога менш, чым восенню і зімой. Толькі завяршаюцца палявыя работы, людзі пачынаюць задумвацца аб сваім здароўі. Хаця аб сваім самаадчуванні патрэбна клапаціцца пастаянна, асабліва гіпертонікам.  Некаторыя лічаць,  што дастаткова выпіць адну таблетку, каб крывяны ціск нармалізаваўся. І вельмі моцна памыляюцца. Калі ёсць праблемы з артэрыяльным ціскам,  лекі неабходна прымаць пастаянна і толькі па назначэнні ўрача. Самалячэннем ні ў якім разе нельга займацца.

Дарэчы, у Лукаўскай ам­бу­латорыі ёсць фізіятэра­пеў­тычны кабінет з усім неабходным абсталяваннем. Але самае галоўнае – людзі, спецыялісты,  якія тут працуюць, лечаць маленькіх і дарослых пацыентаў і вельмі любяць сваю прафесію. Для іх самая вялікая ўзнагарода,  калі пацыенты ідуць на папраўку і больш  не хварэюць.

 Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!