«Тотальная слепота» или Как попадают в участковую больницу на социальную койку (Малоритский район)

Пранізлівы блакіт неба, сад у белай квецені, праз галінкі дрэў пра­біваюцца залацістыя промні сонца, задзірліва заглядваючы ў аконнае шкло… Цяпер гэтыя  яркія колеры жыцця бачыць Мікалай Курдзюк толькі ў сне. А калі прачынаецца — перад вачыма паўстае нават не цемра, і не свет, а проста пустата. З гэтай пустатой жыве ён ужо больш чым год.

Ці задумваўся калі-небудзь хоць на хвілінку герой майго артыкула, што восень жыцця прынясе яму не толькі поўную слепату, але і адчай і адзіноту? Як пры­знаецца Мікалай Мі­калаевіч Курдзюк, нават ценю такіх думак не ўзнікала. Ды і як мог думаць,  калі і здароўе добрае было,  і работа,  і дом свой, і сям’я, і гаспадарка. Аднак лёс кожнаму дае свой крыж. Нялёгкі ён выпаў на долю гэтага вясковага пенсіянера,  які нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у вёсцы Ляхаўцы.

Сем гадоў было Міка­лаю, калі памёр яго быцька. Маці засталася з двума дзецьмі. З таго часу хлопец адчуваў свой аба­вязак клапаціцца пра малодшую сястру,  ва ўсім дапамагаць маці.

— Летам не было калі без справы па вуліцах бегаць,  нельга было лайдачыць, усе дні з ранку да вечара жывёлу пасвіў, каб зарабіць паўмяшка мукі, — успамінае Мікалай Мікалаевіч.

Закончыўшы восем кла­саў,  Мікалай Курдзюк накіраваўся ў вучылішча механізацыі,  каб хутка адвучыцца, атрымаць пра­фесію трактарыста і вярнуцца назад у сваю вёску, у мясцовую гаспадарку. Колькі гадоў адпрацаваў у калгасе, ён і лічыць нават не хо­ча, заўважае толькі: “Усё жыццё”. Сяўба, жніво і зноў сяўба – кола вяс­ковых работ добра знаёма былому механізатару. Не адзін год, як расказвае, у гарачы час уборкі працаваў на камбайне. І дом тады быў поўнай чашай. З жонкай Верай трымалі гаспадарку, гадавалі дваіх сыноў. Га­доў дваццаць таму, калі не было Мікалаю Мікалаевічу і пяцідзесяці гадоў, пачаліся першыя праблемы са зрокам. Спачатку верылася, што ўсё яшчэ можна змяніць, хваробу вылечыць. Але год за годам праблемы толькі прыбаўляліся. Зрок, які імкліва пагар­шаўся, не змагла палепшыць аперацыя. Глаўкома – каварная хвароба, пакрысе яна вяла Мікалая Мікалаевіча да татальнай слепаты. Паскорылі пагрэсіраванне хваробы і беды, якія ішлі адна за другой. Спачатку Мікалай Курдзюк аўдавеў, а потым не стала і сына, які, хоць і жыў далёка, ля Белаазёрска, але часта бываў у бацькі, дапамагаў ва ўсім.

— Сына, як і мяне, звалі Мікалай. І дзед у мяне быў Мікалай, і бацька. Мы ўсе Мікалаевічы, — уздыхаючы, расказвае мой субяседнік. – Сын клапаціўся пра мяне, у доме нават газ хацеў правесці, каб мне лягчэй было. Ды не паспеў, памёр. Цяпер кожны год на яго магілу езджу. Хоць дарогі не бачу, але і навобмацак дайду, каб сына праведаць.

Менавіта гэтая жыццёвая трагедыя паскорыла ход хваробы. Зрок стаў мінімальны. Але яшчэ мог пенсіянер па вуліцы прайсці і нават у магазін схадзіць. А вось апошні год і гэтую магчымасць страціў. Адзі­ным выратаваннем, як прызнаецца, быў сацыяльны работнік. А вось на зіму давялося Мікалаю Мікалаевічу адправіцца ў Олтуш, ва ўчастковую бальніцу, дзе ёсць для пажылых людзей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сі­туацыю, сацыяльныя ложкі. “Вясной я зноў дамоў вярнуся”, – з упэўненасцю адзначае мужчына. Гэта зімою і дроў трэба нанасіць, і ў печы запаліць,  ды і нават на парог дома не выйдзеш. А летам рукі, якія ведаюць кожны куточак роднага дома, вачыма стануць. Такімі думкамі і чаканнем вяс­ны і жыве Мікалай Мікалаевіч.

У размове падбіраю словы,  каб не пакрыўдзіць і ўсё ж пацікавіцца, а што з другім яго сынам. Бачу, што пытанне ўсхвалявала. Мой суразмоўца, махнуўшы рукой, толькі ўздыхае, а потым, крыху супа­коіўшыся, дадае: «Ады­шоў ён ад нас, як ажа­ніўся, перастаў прыязджаць». І ў яго голасе праявіліся ноткі горычы ад адзіноты…

Спяшаюся перавесці размову на іншую тэму. Пачынаем гаварыць пра бальніцу, той клопат, які праяўляе персанал пра людзей адзінокіх. Мікалай Мікалаевіч расказвае, што кормяць тут добра, даглядаюць уважліва, не пакідае без увагі старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку Вера Косік, якая абавязкова пазвоніць, пацікавіцца, як настрой, а суседзі па па­лаце яшчэ і на ву­ліцу прагуляцца завядуць. У размове мужчына  пачынае жартаваць і становіцца зразумелым, што па натуры Мікалай Мікалаевіч — чалавек з гумарам. Не паддаецца ён жыццёвым нягодам, стараецца усе пакуты, якія паслаў лёс, успрымаць з цярпеннем, ра­зумеючы, што тое, што нельга змяніць, трэба проста прыняць, змірыцца з ім  і жыць далей.

Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!