ПАВЯНЧАНЫЯ ВАЙНОЮ

Амаль сем дзесяці­годдзяў Сяргей Васільевіч і Фядора Іосіфаўна Харыкі ідуць па цярністай дарозе жыцця ра­зам. Даўно выраслі іх чацвёра дзяцей, працягам роду сталі васьмёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў і ўжо двое прапраўнукаў. Усё жыццё Харыкаў успомніць – шматтомны раман атрымаецца, у якім пераплецены радасць і боль, каханне і слёзы, надзеі і страты.
…Быў тады цяжкі ваенны 1942 год. На акупіраванай тэрыторыі людзі жылі пад пастаянным страхам разлукі з блізкімі, бо эшалоны адзін за адным адвозілі юнакоў і дзяўчат у Германію.
— Шанц застацца дома меў толькі той, хто ўжо быў жанаты. Вось і стараліся ўсе хутчэй стварыць сям’ю, — расказвала Фядора Іосіфаўна.
Сястру яе немцы забралі на чужыну, там яна і загінула. Трэба было збірацца ў дальнюю дарогу і Фядоры. А таму, калі ў дом да шаснаццаці­гадовай дзяўчыны прыехалі бацькі Сяргея, каб дамовіцца пра вяселле, яна не аднеквалася, хоць маўклівы хлопец, якому было крыху больш за 17 гадоў, з першага погляду ёй не вельмі спадабаўся.
Але не да кахання тады было, не да рамантычных сустрэч, вайна ўсё ж такі. У першую чаргу, як расказвалі Харыкі, усе думалі пра тое, як выжыць. А таму, доўга не раздумваючы, Сяргей і Фядора павянчаліся, і пераехала дзяўчына жыць з Арэхава на хутар Лысова, што быў непадалёку ад Хаціслава.
Вайна для кожнага чалавека — вялікае выпрабаванне. Суткамі хаваліся людзі ад немцаў у навакольных лясах, цярпелі голад, забывалі пра холад, змагаліся з адчаем. Так здарылася, што ў гады вайны Харыкаў напаткала бяда – памерла іх першае дзіця. Але яны трымаліся і змагаліся. Сяргей у гады акупацыі быў сувязным у партызан, выконваў іх даручэнні. А калі дачакаліся вызвалення, радавы Харык адправіўся на фронт. Пад Мінскам-Мазавецкім прыняў ён сваё баявое хрышчэнне. А потым было нямала цяжкіх баёў. Варшава, Познань, Лодзь – адзнакі на баявым шляху 19-гадовага камандзі­ра кулямётнага разліку.
Добра памятае Сяргей Васілье­віч свой апошні бой. Быў ён ля невяліка­га польскага гарадка амаль на мяжы з Германі­яй. Кулямётны разлік Харыка знішчыў варожага кулямётчыка, які перашка­джаў руху нашых войскаў наперад. Завязаўся бой. Асколак міны трапіў у руку Сяргея Васілье­віча. Невялі­кае, здавалася б, раненне, а ў вы­ніку яго — інвалід­насць. За той бой ужо ў шпіталі атрымаў ён узнагароду – медаль “За адвагу”.
Дамоў, дзе чакала яго Фядора, вярнуўся Сяргей Харык толькі восенню пераможнага года.
Жыццё праляцела, быццам бы маланка бліснула. У клопатах, праблемах і радасцях не прыкмецілі Фядора Іосіфаўна і Сяргей Васільевіч, як гады мінулі. Пасля вайны ў іх нарадзілася чацвёра дзяцей: дочкі Марыя і Валянціна, і сыны Леанід і Васіль. Падняць вялікую сям’ю было няпроста. Сумленна працавалі Харыкі ў мясцовым калгасе “Запаветы Леніна”, дома трымалі вялікую гаспадарку, жылі дружна, падтрым­лівалі адзін аднаго, дзяцей вучылі заўжды быць сумленнымі, годнымі людзьмі.
— Хоць у саміх у нас адукацыі не было, але сэрца падказвала, як трэба выхоўваць. Гадаваліся яны ў строгасці, бачылі, што мы для іх стараемся, і самі стараліся працаваць, нам дапамагаць, — расказвала Фядора Іосіфаўна.
Між ін­шым, прыроджаная працаві­тасць і сёння не дае спакою Харыкам. На дзявятым дзясятку жыцця яны трымаюць коз, курэй, садзяць агарод, стараюцца больш рухацца. А яшчэ хвалююцца адзін за аднаго, радуюцца за дзяцей і ўнукаў, і дзякуюць Богу за тое, што ўжо 70 гадоў яны разам.
Святлана МАКСІМУК.
в. Хаціслаў.
НА ЗДЫМКУ: Сяргей Васільевіч і Фядора Іосіфаўна Харыкі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


мітсубісі л200

www.topobzor.info/

у нас