«Народная творчасць без межаў» Клас па ткацтве ў Хаціславе (Маларыцкі раён)

На Маларытчыне паступова адраджаюцца традыцыі ткацтва. Раней гэтай справай займаліся толькі ў Маларыце і Дарапеевічах, а цяпер яшчэ далучыўся да яе і Хаціслаў. Тут у сельскім Доме культуры пры школе народнай творчасці з верасня гэтага года адкрыты клас па ткацтве.

Зыходным пунктам для ад­раджэння тра­ды­­­цыі ткацтва стаў сту­дзень 1998 года. Та­ды ў в.Замшаны быў ство­раны Дом народнай твор­часці, які ў 2001 годзе пе­райменаваны ў раённы цэнтр народнай творчасці з месцам пастаяннай пра­піскі ў Маларыце. Пазней за справу адраджэння тра­­дыцый ткацтва на Ма­ларытчыне з калегамі ўзя­лася дырэктар раённага цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец.

– Гэта раней практычна ў кожнай хаце пралі і ткалі, – кажа Валянціна Мі­калаеўна. – Цяпер жа народныя традыцыі ткацтва сыходзяць у ня­быт на нашых вачах. На жаль, вельмі мала ўжо засталося і тых жанчын, якія дасканала валодаюць майстэрствам ткацтва на кроснах і могуць свой вопыт перадаць іншым. Маларытчыне ў гэтым пла­не пашанцавала, бо ёсць Сцепаніда Сцепанюк з вёскі Дарапеевічы. Дзя­куючы Сцепанідзе Аляк­сееўне, была ад­род­жана старадаўняя тэх­налогія ткацт­ва “кажушком”. За­хоў­ваючы яе, а таксама колеравую гаму, узоры арнаменту Маларыцкага строю адзення, на пра­цягу не аднаго года  пра­цуюць над стварэннем арыгінальных узораў тка­ных вырабаў майстры Валянціна Струнец, Ала Назарук, Святлана Луцык і Людміла Сакалюк з раённага цэнтра народнай творчасці.

Адраджэннем і за­ха­ваннем традыцый ткацт­ва ў Хаціславе сталі зай­мацца не выпадкова.

Адным з ініцыятараў гэ­тай справы стала ды­рэктар Хаціслаўскага СДК  Галіна Хомік. Галіна Іванаўна вырасла на памежжы Маларыцкага і Ратнаўскага раёнаў. Калі жанчына пераехала жыць у Беларусь, то захацела больш глыбока пазнаёміцца з невычэрпнай народнай культурай і па магчымасці захаваць яе для будучых пакаленняў. Для гэтага яна не адзін год па драбніцах збірала беларускі фальклор. Намаганнямі Галіны Хомік ужо многае вернута з небыцця. Жанчына лічыць, што цяпер важна не ўпусціць момант, каб паспець сабраць, запісаць і апрацаваць належным чынам багатую фальклорную спадчыну, бо носьбіты культуры паступова адыходзяць.

– Быццам бы ўжо і шмат чаго зроблена, – кажа Галіна Хомік. – Аднак нашы калектывы – узорны дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” і народны ансамбль песні і музыкі “Хаці­славяне” – падчас выступленняў прапагандуюць у асноўным мясцовыя песні, танцы, легенды, паданні, пры­пеўкі…. Аднак жа падчас канцэртаў можна таксама паказваць і мясцовыя строі адзення, іх багацце, каларыт. А дзе іх узяць? Выткаць самім! Мне хацелася, каб дзеці яшчэ навучыліся і ткаць. Аднак задуманае  працяглы час не магло ажыццявіцца па пэўных прычынах.

Пераломным стаў мінулы год. З 30 лістапада 2017 года на тэрыторыі Маларыцкага і Ратнаўскага раёнаў пачаў рэалізоўвацца праект “Народная творчасць без межаў”. У рэалізацыю яго ўключана таксама і школа народнай творчасці Хаціслаўскага СДК.

–Яна дзейнічае ў нас ужо 20 гадоў, – гаворыць Халіна Хомік. – З верасня гэтага года ў школе адкрыты клас па ткацтве. Тут да сакрэтаў яго далучаецца 15 дзяцей ва ўзросце з 8 да 13 гадоў – 14 дзяўчынак і адзін хлопчык. Заняткі тры разы на тыдзень з імі праводзіць ткачыха Вольга Смаль.

Жанчына за кросны села нядаўна. Першыя ўрокі па ткацтве ў снежні 2016 года ёй давала Сцепаніда Сцепанюк спосабам “чынаватнае”, затым навуку засвойвала падчас наведвання май­стар-класаў. Цяпер Вольга Смаль сама ўжо стала сапраўдным майстрам і перадае набытыя веды і вопыт сваім  вучням.

У школе народнай творчасці Хаці­слаўскага СДК цяпер ёсць трое кроснаў. Двое з іх раней належылі мясцовай жыхарцы Веры Ільінічне Саўчук. Кросны школе нядаўна перадала яе дачка Марыя Фёдараўна Саўчук, якая да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў Брэсцкім дзяржаўным ўніверсітэце імя А.С.Пушкіна.

– Існуе шмат розных “ткацкіх” нюансаў, пра якія я нават не здагадвалася, пакуль не села за кросны, – гаворыць Вольга Уладзіміраўна. – Падчас найбольш працаёмкай аперацыі –  запраўкі станка, кожная з нітак асновы прапускаецца праз вузельчыкі аднаго з “нітоў”, пры­значаных для прыпадымання альбо апускання нітак асновы.  Размеркаванне нітак па нітах вызначае малюнак будучай тканіны. Запраўка кроснаў выконваецца ўдваіх і патрабуе высокага майстэрства.

Цяпер асноўную сваю задачу бачу ў тым, каб не перарвалася традыцыя ткацтва, каб яе адрадзіць, захаваць і перадаць у спадчыну. Мне ёсць каму.

Пятнаццаць вучняў Хаціслаўскай СШ з задавальненнем наведваюць заняткі, якія праводзіць Вольга Смаль. Ім тут цікава. Пра тое, чаму ўжо навучыліся за тры месяцы, з задавальненнем і наперабой расказваюць Паліна Саўчук, Сафія Майсейчук,  Аксана Гінчук і Уладзіслаў Лук’янчук…

Працуюць кросны: “шумяць” бёрды, бегае паміж нітоў чаўнок. Паступова атрымліваецца ўзор, закладзены ў нітах. Калі глядзіш на гэты цуд, складваецца ўражанне, што ткацкі станок нагадвае цудадзейную машыну часу, якая дае магчымасць на імгненне апынуцца ў мінулым, дакрануцца да яго і нават зрабіць немагчымае: уваскрэсіць былое, выткаўшы старадаўні ўзор на палатне.

Адсюль, напэўна, і пачынаецца  сапраўдная любоў да роднага і блізкага – да малой радзімы.

* * *

Палова з тых дзяцей, якія наведваюць заняткі па ткацтве школы народнай творчасці, з’яўляюцца цяпер удзель­нікамі заслужанага аматарскага калектыву, узорнага дзіцячага клуба аматараў фальклору “Вясковая табала”. У іх, безумоўна, ёсць у чым выступаць. Аднак дзеці мараць пра тое, каб сваімі рукамі выткаць для сябе касцюм народнага строю, а потым у ім выйсці на сцэну. Каб парадаваць гледачоў, крануўшы іх і песняй, і танцам.

Між іншым, удзел у рэалізацыі праекта “Народная творчасць без межаў” для  “Вясковай табалы” стаў удалым. Для калектыву ўжо набыты абутак, а Сцепаніда  Сцепанюк і  май­стры Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці выткалі для выступленняў  юных артыстаў касцюмы Маларыцкага строю адзення.

 Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


https://oncesearch.com

http://oncesearch.com/details/erobeat-kimihagu-uncen-381118

oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!