«Радость быть учителем» Анна Мартысюк (Малорита)

“Адкрытыя” ўрокі для калег настаўніца матэматыкі раённай гімназіі Ганна Мартысюк праводзіць пастаянна. Вось і нядаўна яна запрасіла на ўрок алгебры ў 8 “Б” клас усіх, хто жадаў. Ён, як і ўсе астатнія, прайшоў цікава, як кажуць, на адным дыханні, атрымаў станоўчыя водзывы калег.

Перад пачаткам урока Ганна Сцяпанаўна незаўважна для астатніх, унутрана ўсё ж такі хвалявалася, хоць падстаў для гэтага зусім не было. На ніве настаўніцтва яна шчыруе ўжо 32 гады, мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, выдатна ведае методыку выкладання прадмета і ўмее знайсці падыход да кожнага вучня.

Шлях у педагагічнае жыццё пачынаецца звычайна яшчэ ў дзяцінстве. Так было і ў Ганны Сцяпанаўны. Нарадзілася яна і вырасла ў в.Антанова.

– У нашай вёсцы школу зачынілі, таму ўсім класам – 6 чалавек – пасля заканчэння  чатырох класаў Антаноўскай васьмігадовай школы перайшлі вучыцца ў Вялікарыцкую СШ, – гаворыць Ганна Мартысюк. – І ў мяне адразу стала 25 аднакласнікаў. Гэта зараз вучняў штодня падвозяць на заняткі, а раней такога не  было. Я аж да заканчэння сярэдняй школы жыла ў інтэрнаце.  Як паедзеш у панядзелак зранку на вучобу ў Вялікарыту, так у суботу пад вечар толькі  вернешся дадому. Чым можна было займацца ў інтэрнаце пасля таго, як ўрокі ўсе былі вывучаны? Чыталі кнігі, гарталі газеты і часопісы, а таксама ігралі ў розныя гульні. Сярод іх любімай была і гульня “ў школу”. Я заўсёды ўяўляла сябе ў ролі настаўніка, заводзіла журнал, пісала спіс класа, давала заданні, выстаўляла адзнакі. Любіла эксперыментаваць і праводзіць розныя вопыты. Настаўніцай вырашыла стаць яшчэ ў першым класе. З гадамі гэтае жаданне не знікла, а яшчэ больш умацавалася. Можа, таму, што на маім шляху трапляліся выдатныя настаўнікі, людзі шчырыя, душой і сэрцам адданыя педагогіцы, якія разумелі і любілі сваіх вучняў.

Атрымліваць новыя веды Ганне Драневіч (дзявочае прозвішча) заўсёды было цікава, вучоба ў школе ёй давалася лёгка. Можа, таму, дзяўчына вучыцца любіла. Гэта прыносіла задавальненне. Асабліва падабалася матэматыка. У інтэрнаце ўсім яна рашала задачы,  “шчоўкала” іх як арэхі.  І калі нешта ніяк не рашалася, то не знаходзіла спакою сабе: усё хадзіла і думала, як яе рашыць. І знаходзіла рашэнне! Колькі тады было радасці!

У Ганны Мартысюк лёс мог бы скласціся зусім па-іншаму, каб не тагачасны дырэктар Вялікарыцкай СШ Сямён Пілі­павіч Кузьміцкі.

У выпускным класе Ганна Драневіч цэлы месяц прахварэла, таму ўрокі ў школе не наведвала.  У гэты час чамусьці сама сабе ўбіла ў галаву думку, што ўступныя экзамены ў ВНУ не зможа здаць добра. Таму надумала паступаць у тэхнікум, каб вывучыцца на швачку. Ганну на калідоры неяк сустрэў Сямён Піліпавіч і спытаў, куды яна збіраецца паступаць. Дзяўчына ўсё па праўдзе расказала. Дырэктар, гледзячы ёй у вочы, раптам сказаў: “Табе неабходна ісці толькі на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага  педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. З цябе атрымаецца выдатны настаўнік. Паспрабуй спачатку туды паступаць, а швачкай паспееш стаць у любы момант”.

Чамусьці гэтыя словы Ганне Сцяпанаўне глыбока запалі ў душу. І яна вырашыла, што трэба прыслухацца да слоў дырэктара. Ён для дзяўчыны быў аўтарытэтам.

Хоць сярэднюю школу Ганна Драневіч і закончыла з аднымі пяцёркамі, аднак ні залатога, ні сярэбранага медаля яна не атрымала, бо ў пасведчанні за 8 класаў была адна чацвёрка па беларускай мове. Аднак гэта ёй не перашкодзіла з першай спробы “ўзяць” прыступку і паступіць у Брэсцкі педагагічны інстытут, здаўшы на выдатна ўступныя экзамены па матэматыцы і рускай мове. Вучылася з задавальненнем, усюды паспявала. Здаецца, што яна і не заўважыла,  як хутка праляцелі гады вучобы. І вось ужо яна, малады спецыяліст, едзе па размеркаванні на першае месца працы ў СШ №2 г.Маларыты.  Колькі было радасці,  хваляванняў і неймавернага жадання працаваць! У СШ №2 райцэнтра маладому педагогу прапаноўваюць толькі паўстаўкі: не было больш гадзін. Аднак Ганна Мартысюк адразу на такі варыянт зга­джаецца. Іншага выйсця на той час у яе не было: куды ж  ехаць працаваць у іншае месца ўжо замужняй жанчыне.

Ганна Сцяпанаўна з матэматычнай дакладнасцю памятае 1 верасня 1986 года і ўрачыстую школьную лінейку, дзе яе прадставілі як класнага кіраўніка дзявятага класа, у якім навучалася 39 вучняў. Выдатна памятае і свой першы ўрок алгебры, які быў праве­дзены для 28 вучняў 8 “Б” класа.

Пачынаць маладому і пакуль што нявопытнаму педагогу было нялёгка з такой колькасцю вучняў у класе. Трэба было ўлічваць яшчэ і такі факт,  што вучні за яе, настаўніцу, былі старэйшымі ўсяго толькі на 6-7 гадоў. Трэба было паставіць сябе так, каб вучні зразумелі, што перад імі настаўнік, які прыйшоў у клас на ўрок навучыць. На дапамогу прыйшлі больш вопытныя калегі, якія падказвалі, раілі, давалі парады.

Калi азірнуцца назад, то за ўсе 32 гады працы ва ўстановах адукацыі Маларыты, здаецца, i не было ў жыццi Ганны Мартысюк нiводнага дня, якi б прынёс ёй педагагiчнае расчараванне. Здаецца, што заўсёды ўсё было так, як настаўніца i хацела: у вучняў добрыя веды па матэматыцы,  а ў яе –  аўтарытэт сярод калег, павага сярод бацькоў.

– Каб быць добрым настаў­нікам, трэба любіць той прадмет, які выкладаеш, і любіць таго, каму ты даеш штодзень веды, – упэўнена Ганна Мартысюк. – Толькі той, хто сам атрымлівае задавальненне ад сваёй працы, можа навучыць іншых.

– Ганна Сцяпанаўна,  які ён,  на ваш погляд, сучасны настаўнік?

– Найперш, напэўна, мудры, справядлівы,  цярплівы, абачлівы, які якасна выконвае сваю ролю на ўроку. А яшчэ – цікавы для сваіх вучняў. Гэта значыць – ведае значна больш, чым напісана ў падручніку, умее даходліва растлумачыць матэрыял. Сучасны педагог павінен весці за сабою, што­дзённа  гарэць і сваім полымем запальваць сэрцы вучняў…

 Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


http://unc-mps.com.ua

https://101binaryoptions.com/what-are-binary-options-signals/

вирусы на сайте
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!