Барацьба не сам-насам

Часам адно імгненне, адна секунда цалкам змяняюць усё наша жыццё. Так здарылася і з 21-гадовым Ігарам Зубікам. Прыехаў у госці да знаёмай, пайшлі на вадаём, каб пакупацца, нырнуў — і…цяжкая траўма: пералом шыйнага аддзела пазваночніка. Урачы нейрахірургічнага аддзялення Брэсцкай абласной бальніцы, куды Ігара даставіла “хуткая дапамога”, сумесна з калегамі з Мінска ў экстранным парадку яго прааперыравалі, і вось ужо роўна 3 месяцы Ігар праходзіць далейшае лячэнне ў бальніцах: спачатку ў Брэсце, а цяпер у хірургічным аддзяленні Маларыцкай райбальніцы.
Рухацца Ігар пакуль не можа, “не слухаюцца” ногі, хаця яны, як тлумачыў ён, не такія “ватныя”, як былі адразу пасля таго, што здарылася. Не зусім добра “слухаюцца” і рукі. Словам, патрэбны час, уласныя старанні, вялікая сіла волі, цярпенне, вынослівасць, а разам з гэтым масаж, гімнастыка, шэраг іншых працэдур, каб Ігар змог аднавіць свае сілы. Урачы, з якімі мне ўдалося пагутарыць па тэлефоне, тлумачылі, што хворым з падобным дыягназам найлепш дапамагаюць належны догляд, добрае харчаванне і праца над сабой.
І хоць Ігар сірата, усе гэтыя тры месяцы ён змагаўся за сваё здароўе не сам-насам. Разам з медыцынскімі работнікамі неймаверныя пакуты аблягчала яго знаёмая Віка Рамановіч: даглядала за ім, дзяжурыла, можна сказаць, ля яго ложка. Добрай душы чалавек, яна забыла пра канікулы (Віка навучаецца ў адным з брэсцкіх ліцэяў), пра бацькоўскі дом (бацькі Вікі жывуць у Радванічах Брэсцкага раёна), пра сяброў, пра ўсіх.
— Я ведала, што ў Ігара нікога з родных няма, што ён сірата, што яго няма каму маральна падтрымаць, што яму цяжка справіцца з сабою аднаму, таму не магла пакінуць яго сам-насам.
І ўсе 90 дзён і начэй, што Ігар у бальніцы, Віка не пакідае яго, можна сказаць, ні на хвіліну. Побач з Ігарам яна была ў палаце і ў той дзень, калі мы разам са спецыялістамі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галінай Селех і Галінай Лапцевай наведаліся да хворага маладога чалавека. Трэба аддаць належнае Галіне Селех і Галіне Лапцевай, якія, выпадкова даведаўшыся пра гісторыю з Ігарам, таксама палічылі сваім абавязкам праведаць яго, каб маральна падтрымаць, аказаць пэўную дапамогу. Ну, а перад Вікай Рамановіч трэба проста стаць на калені, каб выказаць ёй пачуццё глыбокай пашаны за смеласць, цярпенне, вялікую сілу волі і добрую душу.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: чалавечае цяпло – таксама лекі: Віка РАМАНОВІЧ для Ігара ЗУБІКА за ўвесь гэты час стала не проста знаёмай, а надзейным сябрам.
Фота Мікалая НАВУМЧЫКА.

Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што маларытчанкі Ніна Ксенафонтаўна Лапцева і Ірына Пятроўна Бурда купілі для Ігара на ўласныя грошы артэз для моцнай фіксацыі шыйнага аддзела пазваночніка.
А яшчэ Ігару вельмі дарэчы артапедычны матрац. Таму рэдакцыя сумесна з тэрытарыяльным Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аб’яўляе акцыю па збору сродкаў на яго набыццё. Грошы можна перадаваць у аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі сацыяльнага Цэнтра (будынак былога ваенкамата).
Давайце кожны заглянем у свае душы і пашукаем: там павінна быць дабрыня.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!