Маладосць, запал — лідэрства

Добрай традыцыяй стала падвядзенне прамежкавых вынікаў у спаборніцтве сярод маладых экіпажаў камбайнераў і маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня. Так, і сёлета былі падведзены прамежкавыя вынікі. Раённы камітэт БРСМ і аддзел па справах моладзі 25 жніўня ўзнагародзілі пераможцаў памятнымі падарункамі. Галоўная мэта гэтага мерапрыемства, як адзначыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Таццяна Сацюк, — яшчэ больш стымуляваць моладзь да добрай працы. Першае месца па прамежкавых выніках сярод маладзёжных экіпажаў камбайнераў занялі камбайнеры прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна” Аляксандр і Аляксей Ківачукі. Сямейны экіпаж ужо не першы раз у лідарах. Таму Вадзім Шпетны, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, узнагароджваючы пераможцаў, пажадаў: “Няхай ваш сямейны экіпаж яшчэ доўга будзе на слыху, дзякуючы сумленнай працы”. А лідарам сярод вадзіцеляў стаў Алег Ківачук з СВК “Хаціслаўскі”. Малады вадзіцель перавёз ужо больш за тысячу тон зерня. Паціскаючы руку Алегу Ківачуку, Вадзім Шпетны пацікавіўся машынай, на якой працуе Алег, і падзякаваў за працу. “Галоўнае, што ёсць у гэтых маладых працаўнікоў – іх маладосць і запал, — гаварыў Вадзім Паўлавіч, — а нашай задачай з’яўляецца падтрымка і ўшанаванне маладога пакалення працаўнікоў. Работа ў сельскай гаспадарцы нялёгкая, таму мы павінны быць удзячныя тым людзям, хто цэлымі днямі працуе ў полі”.
Павіншаваўшы маладых перамож­цаў прамежкавых спаборніцтваў, шчыра спадзяемся, што яшчэ неаднойчы загучаць іх імёны на больш высокіх узроўнях.
Анастасія Максімук.
На здымку: узнагароджанне пераможцаў.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий