Эх, яблычак…

Клапатліваму гаспадару няма калі цёплымі днямі сядзець склаўшы рукі. Каб зімоўка была сытнай, многае трэба паспець зрабіць і ў полі, і ў садзе, і на лузе. Пра гэтую пару не выпадкова ў народзе кажуць: папрацуеш летам да сёмага поту – паясі зімою ў ахвоту. Разумеюць гэта і ў райспажыўтаварыстве. Таццяна Сацюк, начальнік сектара нарыхтовак (на здымку), змагла ўдзяліць нам толькі некалькі хвілін увагі. Ды і то размова наша пастаянна перабівалася тэлефоннымі званкамі з многіх населеных пунктаў раёна.
— Гарачы час у нас зараз, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Вось ужо колькі сёння прыняла заявак (паказвае ў сшытку), куды абавязкова трэ­­ба даехаць і за­браць сабраныя яблы­кі. За дзень па раё­не нарыхтоўваем прык­ладна 20 тон. У садах на Маларытчыне сёлета паспеў багаты ўраджай яблыкаў розных гатункаў, та­му людзі актыўна іх здаюць.
— У мяне, напрыклад, ёсць 80 кілаграмаў антонавак? Што неабходна зрабіць, каб райспажыўтаварыства іх прыняло?
— У першую чаргу патэлефанаваць нам. А затым у зручны для вас час пад’едзе машына. Нарыхтоўшчыку трэба прад’явіць даведкі: на колькасць утрымання нітратаў у яблыках і што ёсць свой сад. Разлічацца з вамі за здадзеную прадукцыю тут жа, на месцы. Адзін кілаграм яблыкаў за­купляем па цане 600 рублёў.
— Таццяна Мікалаеў­на, а што райспажыўтава­рыства ўжо закупіла з пачатку гэтага года?
— Мы нарыхтоўваем практычна ўсё. Прывяду толькі некаторыя лічбы. Яблыкаў закуплена больш чым 340 тон (па стану на ранак 24 жніўня) пры плане 550 тон, чарніц – 3,2 тоны, агуркоў — 37 тон (з іх 10 тон — у насельніцтва), памідораў – 39,5 тон (у насельніцтва – 12 тон), капусты — 55 тон (у насельніцтва – 37 тон), часнаку – 110 кг. Хутка пачнецца бульбяны сезон. А вось зімою ў асноўным нарыхтоўваем макулатуру, металалом, анучы і інш. За 7 месяцаў бягучага года атрымана чыстага прыбытку на суму 66 мільёнаў рублёў.
— Зроблена многа. Дык, напэўна, і штат у вас вялікі?
— Не, усяго 14 чала­век. Прычым адзін нарыхтоўшчык пастаян­ны, а два – сезонныя. Людзі працуюць многа, стараюцца, імкнуцца даехаць да ўсіх, хто зрабіў заяўку, бо зацікаўлены ў выніках сваёй працы: атрымліваюць 5% ад кошту нарыхтаваных яблыкаў.
Якраз у гэты час у кабінет да Таццяны Сацюк увайшлі нарых­тоўшчыкі Валянціна Віслаус і Васіль Аляк­сюк. Яны прыйшлі, каб абмеркаваць запла­наванае на дзень і ўдак­ладніць марш­рут руху. Задача пастаў­лена: неабходна за­браць яблыкі ў Ля­хаў­цах, Хаціславе, Дара­пеевічах, Чарня­нах, Малінаўцы, Дво­рышчы…
Між іншым, дзяр­жава на закупку сада­віны і агародніны сёлета выдзеліла 450 мільёнаў рублёў, з іх ужо выкарыстана 237 мільёнаў рублёў.
— Таццяна Мікалаеўна, а дзе нарыхтаванае захоўваецца?
— Мы яго адразу здаем. Раней на ААТ “Брэсцкае піва”, а зараз на ААТ “Маларыцкі кансервавагародніна­сушыльны камбінат”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!