Прызнанне таленту

Сцепаніда Сцепанюк, народная майстрыха з Дарапеевіч, лепшая ткачыха раёна, атрымала пісьмо ад Паўла Латушкі, Міністра культуры краіны (на здымку), у якім ён выказвае ўдзячнасць за цудоўны падарунак. Удакладнім, што Сцепаніда Аляксееўна выткала і вышыла для Паўла Латушкі натуральную льняную кашулю.
“Ваша праца, — падкрэслівае міністр, — з’яўляецца красамоўным пацвярджэннем таго, колькі дбайнасці, дасканалага валодання тэхнікай ткацтва і вышыўкі, захавання ведаў пра сімволіку таго ці іншага фрагменту асобнага арнаменту патрэбна, каб пранесці ў ХХІ стагоддзе такі талент”. У канцы ліста Павел Латушка яшчэ раз шчыра дзякуе народнай майстрысе за тое, што яна здолела данесці да нас ключ да сакрэтаў ткацкага майстэрства і прыгажосці.
Між іншым, гэтымі днямі раённы Цэнтр народнай творчасці атрымаў дыск з фільмам, які ў пачатку лета здымала вытворча-творчае рэспубліканскае прадпрыемства “Беларускі відэацэнтр”. Па словах Валянціны Струнец, дырэктара РЦНТ, 13-хвілінны хранікальна-дакументальны фільм мае назву “Узоры лёсу” (на здымку) і расказвае пра матэрыяльна-духоўную спадчыну Маларытчыны. Плануецца, што хутка адбудзецца яго прэзентацыя.
Акрамя таго, раённы Цэнтр народнай творчасці прыняў удзел у ІХ рэспубліканскім экалагічным форуме. У яго рамках Сцепаніда Сцепанюк давала майстар-клас па ткацтву. На форуме была арганізавана выстава 55 работ майстрыхі, дзе галоўнае месца занялі спадніца і фартух. Сцепаніда Аляксееўна здолела аднавіць узор, па якім ткалі маларыцкія жанчыны сто гадоў таму. У захапленні ад убачанага былі не толькі ўдзельнікі мерапрыемства. Работамі майстрыхі сур’ёзна зацікавіліся спецыялісты, у іх ліку – Наталля Канановіч, член праўлення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, член Маскоўскай палаты рамёстваў, выкладчык кафедры народнай творчасці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!